Юныя, прыгожыя, таленавітыя

Культура

Тры дзяўчыны прыехалі па размеркаванню ў Чэрвеньскі раённы Цэнтр культуры і адпачынку. Знаёмцеся, гэта Марына Ліхадзедава, Валянціна Задзірава і Караліна Шыракеева.

Караліна Шыракеева: «У маёй сям’і шмат творчых родзічаў. Не хачу ад іх адставаць».

Караліна з Магілёва. Скончыла ў родным горадзе гімназію-каледж мастацтваў, харэаграфічнае аддзяленне. У Цэнтры культуры — кіраўнік харэаграфічнага гуртка. Да яе прыходзяць дзеці з 1-га па 6-ы клас — дзве ўзроставыя групы. З кожнай займаецца асобна. “Танцавала, колькі сябе памятаю, — гаворыць дзяўчына. — Усё, што ведаю і ўмею, хачу перадаць сваім выхаванцам. Цяпер я настаўнік харэаграфіі.
Захаплялася Караліна і спортам, і маляваннем, і музыкай, і танцамі. На іх і спынілася. І зараз любіць памаляваць, паспяваць… Чэрвень спадабаўся дзяўчыне: “Горад чысты, людзі ветлівыя”.

Марына Ліхадзедава: «Галоўнае ў жыцці чалавека — сям’я».

Таму і назвала свой танцавальны гурток «Big family».
З дзяцінства падабалася ёй танцаваць. Нарадзілася ў Мінску. Тут умоў для ўсебаковага развіцця хапала. Спачатку займалася ў школе «Кроха»: малявала, спявала, танцавала. Пазней зразумела, што танцы бліжэй за ўсё. Скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, аддзяленне харэаграфіі, спецыялізацыя — сучасны танец. “Сучасная харэаграфія дазваляе ўсё, што патрабуе душа, — сцвярджае Марына. — Усе пачуцці можна выказаць у рухах. Вось гэта мне цікава”.
У гуртку, якім кіруе малады спецыяліст, займаюцца дзяўчынкі з 7 па 11 класы. Выконваюць расцяжкі, сілавыя практыкаванні на падтрымку фігуры, тонуса арганізма. Гэта ўсё накіравана на фізічнае развіццё, прыгажосць цела, пластыку, грацыю. Развучваюць вулічныя танцы, хіп-хоп. Тут таксама шмат магчымасцяў для імправізацыі.
Жыве Марына ў Мінску, на работу прыязджае штодня, таму што ў яе ёсць муж: “Не хочацца жыць асобна ад яго, мы — сям’я».

Валянціна Задзірава: «Мне даручылі метадычную работу».

Напэўна таму, што малады спецыяліст мае вышэйшую адукацыю — скончыла Мінскі ўніверсітэт культуры, факультэт сацыа-культурнай дзейнасці. Спецыялізацыю прайшла на кафедры міжкультурных камунікацый. Гэта падразумявае стварэнне і рэалізацыю разнастайных культурных праектаў, узаемадзеянне з іншымі краінамі ў сферы культуры — выставы, канцэрты і іншыя.
— Чэрвень спадабаўся, — сказала дзяўчына. — Горад спакойны. Буду весці яшчэ якійсьці гурток для маленькіх дзетак. Выбрала такую прафесію, бо праз яе можна рэалізаваць свае таленты.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *