Доўгае вяртанне радавога Калтовіча

Общество

Расійскія пашукавікі знайшлі ў Рэспубліцы Карэлія астанкі ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, нашага земляка, ураджэнца вёскі Захароўка Кірыла Кузьміча Калтовіча.

Кірыл Калтовіч

На гэтае паведамленне я натрапіў у інтэрнэце, па звычцы рэгулярна праглядаючы інфармацыю, якая тычыцца Чэрвеньскага раёна. Вось той запіс са старонкі кіраўніка зводнага пошукавага атрада “Аланецкая аператыўная група” Алега Левашова ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” ад 5 ліпеня 2016 года:
“Цяпер аб выніках мінулага месяца.
Двое – Павел Бірукоў і Шахзад Нурахметаў змаглі вярнуцца з нябыту да сваіх сем’яў. Але засталіся тыя, хто яшчэ чакае сваіх блізкіх.
Дадзеныя з прачытаных медальёнаў:
– Ермаловіч Аляксандр Аляксеевіч, 1919 г., Беларусь, Баранаўская вобл., Ліхаўскі раён.
– Клачкоў Васіль Дзмітрыевіч, 1919 г., Кіраўская вобл., Яранскі р-н, в. Тужанцова.
– Лебедзеў Зіновій Сяргеевіч, 1913 г., Калінінская вобл., Пенаўскі р-н, в. Селіхава.
– Гарохаў Дзмітрый Ільіч, 1904 г., нарадзіўся ў Вялікалуцкім р-не, в. Чырвоны Лук, жыў у Ленінградзе, ст. Азяркі, Выбаргская шаша, д.30, кв. 3.
– Калтовіч Кірыл Кузьміч, 1914 г., Беларусь, Мінск, Чэрвеньскі р-н, Вайнілаўскі с/с, в. Захароўка.
Плюс яшчэ некалькі медальёнаў, якія не змаглі назваць імя байца адразу і былі адпраўленыя на экспертызу. Плюс яшчэ амаль рота безыменных, НЕВЯДОМЫХ САЛДАТ…

Падчас урачыстай цырымоніі пахавання астанкаў савецкіх воінаў у вёсцы Відліца 25 чэрвеня 2016 года

Мы ўсе, хто сядзіць УКантакце, можам зрабіць цуд – дастаткова таго, што нехта проста зробіць рэпост, а, магчыма, такое бывае, проста пойдзе ці паедзе па адрасу загінулага. Я не асабліва веру ў цуды, але … Вельмі спадзяюся, што нават сляпы выпадак сёння на нашым баку. Трэба ж зусім няшмат – не быць абыякавымі і памятаць …”.
…Не адгукнуцца на просьбу Алега Левашова аб дапамозе я не мог. Ні як журналіст, ні як унук старшага сяржанта Кавалёва Івана Цітавіча, бацькі маёй мамы, які ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, быў паранены і памёр у шпіталі ў кастрычніку 1944 года. Мая сястра пры дапамозе неабыякавых людзей адшукала яго магілу на тэрыторыі Літвы праз шэсцьдзесят пяць (!) гадоў. А тут з часу гібелі Кірыла Калтовіча семдзесят пяць гадоў прайшло! І яго знайшлі! Пакуль яшчэ не сваякі, а толькі пашукавікі. Але цуды здараюцца!
Перш, чым накіравацца ў Чэрвеньскі сельвыканкам, які пасля ўзбуйнення тэрытарыяльных адзінак мясцовага кіравання апекуецца над вёскамі былога Вайнілаўскага сельсавета, у тым ліку – над Захароўкай, па драбніцах збіраю ў інтэрнэце звесткі аб тым, дзе і як знайшлі астанкі Кірыла Калтовіча.
Шмат што становіцца зразумелым пасля прагляду відэасюжэту “Яны змагаліся за Відліцу”, змешчанага на сайце петразаводскага інфармацыйнага агенцтва “Рэспубліка”.
3 6 да 26 чэрвеня 2016 года ў Аланецкім раёне прайшла чацвёртая экспедыцыя Саюза пошукавых атрадаў Карэліі “Вахта памяці”. Шукалі астанкі зніклых без вестак савецкіх салдат і афіцэраў, якія вялі бой з фінскімі войскамі ў раёне вёсак Відліца і Вялікія Горы 22-24 ліпеня 1941 года.
Напярэдадні фіны, ваяваўшыя на баку фашысцкай Германіі, выйшлі да горада Піткяранта. З мэтай затрымаць іх далейшае прасоўванне, з Карэльскага перашыйка былі зняты і накіраваны на дапамогу мясцоваму знішчальнаму батальёну 7 асобны стралковы матацыклетны полк і 452 стралковы полк, якія ўваходзілі ў Паўдневую або Аланецкую аператыўную групу генерал-лейтэнанта Вячаслава Цвятаева Ленінградскай дывізіі народнага апалчэння.
23 ліпеня яны падышлі да вёскі Вялікія Горы, каб з’яднацца са знішчальным батальёнам і адстаяць стратэгічна важную развілку дарог. Але, як высветлілася, фінскія войскі іх апярэдзілі…
– Нашы байцы трапілі ў ружэйна-кулямётную засаду, – гаворыць Алег Левашоў. — Напачатку, пакуль два галаўныя браневікі яшчэ маглі аказваць супраціўленне, крыху пастралялі. Калі браневікі згарэлі, пачаўся адыход, які, паводле зводак, ператварыўся ў беспарадкавы. А што такое беспарадкавы адыход? Гэта проста ўцёкі…
– Лес заканчваўся балотам, якое захавалася дагэтуль, – распавядае аўтар відэасюжэта, спецыяльны карэспандэнт інфармагенцтва “Рэспубліка” Аляксандр Батаў. – Багна перашкодзіла байцам адступаць далей. Яны былі асуджаны на смерць… Іх даганялі, расстрэльвалі ва ўпор з вінтовак і кулямётаў. 24 ліпеня фіны занялі вёску Відліца. Баі адкаціліся на Поўдзень, да ракі Тулакса. Целы палеглых савецкіх воінаў фіны, каб пазбегнуць эпідэмій, пакідалі ў варонкі і акопы і наскора закапалі.
Вось чаму навакольныя лясы і балоты не даюць сёння спакою пашукавікам. Чацвёрты год запар цэлымі сем’ямі яны праводзіць тут свае водпускі.
Раскопкі стараюцца весці як мага старанней. Кожны раскоп робіцца па прынцыпу археалагічнага стала. Напачатку з дапамогаю шчупаў і па характэрнаму правалу глебы знаходзяць варонку. Пасля гэтага беражліва, слой за слоем, вызваляюць астанкі ад зямлі.
– Было знойдзена некалькі варонак, – кажа старшыня Саюза пошукавых атрадаў Карэліі Аляксандр Асіеў. – У адной з іх ляжала 25 чалавек, у другой – 23. Сцягнулі іх абы як: і ботамі ўверх ляжалі і галовамі ўверх і крыж-накрыж. Абы сцягнуць…

Браты Кірыл і Андрэй Калтовічы

– Месяцамі пашукавікі корпаюцца ў сырой непадатлівай гліне з адной мэтай: устанавіць імёны кожнага салдата і афіцэра і перадаць іх астанкі сваякам, – працягвае журналіст Аляксандр Батаў. – Задача вельмі цяжкая. Баі прайшлі тут 75 гадоў таму. Далёка не ў кожнага салдата захаваўся медальён, у які перад боем змяшчалі звернутую ў трубачку запіску з асабістымі дадзенымі і адрасам. А, калі і захаваўся, то не заўсёды даныя можна прачытаць. Прачытаны медальён лічыцца вялікай удачай…
– Колькі чалавек ляжыць пад гэтым мохам ніхто не ведае, – завяршаючы відэасюжэт, кажа Аляксандр Батаў. – Два палкі – гэта каля 2000 байцоў. Пачынаць шукаць целы і імёны трэба было адразу. Але тады дзяржава не звяртала на гэта ўвагі. Пашукавікі кажуць, што забыццё праходзіла пад масавым лозунгам “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. У гэтым сэнсе пошукавая работа, гэта апошняе “даруй” загінуўшым байцам. Яны ведаюць, што шмат астанкаў дагэтуль застаюцца ў зямлі. І менавіта таму бяруць з сабою ў экспедыцыі дзяцей. Работа павінна працягвацца…
За згаданую экспедыцыю пошукавыя атрады “Аланецкая аператыўная група” пад кіраўніцтвам Алега Левашова і “Мядзведзі” пад кіраўніцтвам Кірыла Ратнікава паднялі 85 байцоў. Было знойдзена 10 медальёнаў. 9 удалося прачытаць. Сярод іх – медальён нашага земляка.
25 чэрвеня 2016 года Кірыл Кузьміч Калтовіч і яго баявыя таварышы знайшлі свой апошні спачын у вёсцы Відліца, у брацкай магіле ля помніка “Нас тут 1242…”
Цяпер я, як кажа сучасная моладзь, у тэме. Можна пачынаць пошукі сваякоў Кірыла Калтовіча.
Скіроўваюся да старшыні Чэрвеньскага сельвыканкама Наталлі Свірыдовіч. Па кнігах пагаспадарчага ўліку, якія захаваліся тут, пачынаючы з 1944 года, шукаем сярод жыхароў Захароўкі людзей з прозвішчам Калтовіч. Іх вельмі шмат! Але вось у дакументах за 1952-54 год вока чапляецца за запіс №806: “Калтовіч Надзея Кузьмінічна, 1913 года нараджэння”. Супала не толькі прозвішча, але і імя па бацьку! Мо, гэта сястра Кірыла Калтовіча?
– Не ведаю, ці так гэта, – кажа Наталля Свірыдовіч. – Але раю звярнуцца да жыхаркі Захароўкі Ніны Мікалаеўны Варабей. Яна павінна ведаць…
Далей падзеі разгортваліся імкліва. Усяго толькі і спатрэбілася, што праз дачку Ніны Мікалаеўны знайсці нумар яе мабільнага. Тэлефанаванне прынесла ўдачу: высветлілася, што Надзея Кузьмінічна – сапраўды родная сястра Кірыла Калтовіча. Самой жанчыны даўно ўжо няма на гэтым свеце, але ў Захароўцы жыве яе пляменнік, сын яшчэ аднаго брата, Аляксандр Аляксандравіч Калтовіч.
З Аляксандрам Калтовічам мы сустрэліся ў той жа дзень. Канешне, для яго вестка пра знаходку карэльскіх пашукавікоў стала вялікай неспадзеўкай. Спачатку разгубленасць, потым – слёзы на вачах…
Пра тое, што дзядзька Кірыл не вярнуўся з вайны, Аляксандр Калтовіч ведаў з дзяцінства. Але, на жаль, без якіх-небудзь падрабязнасцяў.
– Магчыма, штосьці распавядзе мой стрыечны брат Мікалай з Санкт-Пецярбурга, – сказаў Аляксандр Аляксандравіч. – Яго бацька, мой дзядзька Андрэй – родны брат таты, дзядзькі Кірыла і цёткі Надзі. Ён яшчэ да вайны жыў у Ленінградзе, і Кірыла да сябе забраў. Абодва адтуль і пайшлі на вайну…
Аляксандр Аляксандравіч патэлефанаваў брату Мікалаю пры мне. Але яго піцерскі тэлефон адно азваўся доўгімі гудкамі… Не сумняваючыся ў тым, што патрэбная інфармацыя бліжэйшым часам дойдзе ў Санкт-Пецярбург, я пакінуў Аляксандру Калтовічу свой нумар тэлефона і развітаўся ў надзеі неўзабаве сустрэцца зноў.

Пляменнікі Кірыла Калтовіча Мікалай і Аляксандр ля хаты ў Захароўцы

Аднак так сталася, што наступная наша сустрэча адбылася толькі праз год, калі Мікалай Андрэевіч Калтовіч прыехаў у Захароўку, у госці да Аляксандра Аляксандравіча.
– Мой тата шукаў свайго брата Кірыла ўвесь час, ажно да смерці ў 1971 годзе, – распавёў ён. – Але безвынікова. Пра дзядзьку ведаю зусім няшмат. Паводле бацькавых успамінаў, ён вучыўся ў Ленінградскім інжынерным інстытуце чыгуначнага транспарту на будаўнічым факультэце (гэты інстытут скончыў тата, я – таксама яго выпускнік), і ў першыя дні вайны разам з усімі аднакурснікамі добраахвотнікам пайшоў на фронт…
Надзея на тое, што дзядзька жывы і калі-небудзь вернецца абудзілася пасля таго, як у сямідзесятых гадах аб’явіўся наш сусед, які таксама пайшоў на фронт ў 1941-м з пятага курса мараходнага вучылішча і знік без вестак. Ён прыехаў аднекуль увесь у шрамах, абгарэлы. Праўда, пабыў дома нядоўга, паказаўся родным і з’ехаў зноў…
А тут вось яно як атрымалася. Ну, добра, што хоць для нашчадкаў памяць застанецца…
Мікалай Калтовіч з хваляваннем працягвае мне копіі фотаздымкаў перадваеннага часу, якія беражліва захоўваюцца ў яго сямейным архіве. На адным – Кірыл Калтовіч. На другім – ён жа разам з братам Андрэем, бацькам Мікалая Калтовіча.
Дарэчы, Андрэй Кузьміч Калтовіч адзіны з трох братоў вярнуўся з вайны. Ён – самы старэйшы, 1907 года нараджэння. Дакументы з Цэнтральнага архіву Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі сведчаць, што ён быў прызваны ў 1941 годзе Куйбышаўскім райваенкаматам Ленінграда. Ваяваў у складзе войскаў Ленінградскага фронту. У 1941 годзе быў цяжка паранены пад горадам Кінгісэпам. У 1943 годзе ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, у 1944 – ордэнам Айчыннай вайны другой ступені. Быў старшым інструктарам палітаддзела франтавога эвакуацыйнага пункта №50. Вайну скончыў у званні маёра.
Трэці з братоў, Аляксандр Кузьміч Калтовіч, 1911 года нараджэння, прапаў на вайне без вестак.
— Распавядалі, што бацька да вайны працаваў старшынёй калгаса, – кажа Аляксандр Аляксандравіч Калтовіч. – На фронт пайшоў прама з магілёўскай шашы, якая праходзіць непадалёк ад нашай вёскі…
У расійскім абагульненым банку даных (АБД) “Мемарыял” захоўваюцца два дакументы. Першы з іх – анкета ваеннапалоннага. З яе вынікае, што Аляксандр Калтовіч трапіў у палон 19 ліпеня 1941 года ў Быхаве Магілёўскай вобласці. Быў змешчаны ў шталаг №307 (месца знаходжання – г. Бяла Падляска, Польшча). Лагерны нумар “247417”.
Другі дакумент – “Анкета №9” райваенкамата ад 3 чэрвеня 1946 года. У ёй пазначана, што Аляксандр Кузьміч Калтовіч лічыцца зніклым без вестак з красавіка 1944 года.
…Падчас нашай гутаркі стрыечныя браты Калтовічы таксама распавялі, што іх бацькі і дзядзька паходзяць з хутара Верасоўка, які калісьці месціўся паміж Захароўкай і Астравамі. Паводле згадак старажылаў, ля гэтага паселішча брала выток рачулка Аўсішча, якая ўпадала ў Ігуменку. Увесну, падчас нерасту, сюды з ракі Волма заходзіла столькі рыбы, што жыхары хутара назапашвалі яе амаль на ўвесь год.
А лес ля Верасоўкі, ад якога сёння амаль што нічога не засталося, Калтовічы яшчэ і самі добра памятаюць. З усіх навакольных вёсак хадзілі сюды людзі па грыбы, ягады, арэхі. Ён быў сапраўдным кармільцам для тутэйшых жыхароў. А цяпер тут нават грыба не знойдзеш…
Мікалай Андрэевіч, нягледзячы на тое, што нарадзіўся і вырас у Ленінградзе, змалку прыкіпеў душою да старажытнай зямлі продкаў. Кожнае лета, спачатку з бацькамі, а потым самастойна, прыязджаў ён у Захароўку адпачываць.
– І не толькі адпачываць, – удакладняе Аляксандр Калтовіч. – У падлеткавым узросце Коля з задавальненнем працаваў у калгасе нароўні з дарослымі. Быў час, калі вазіў малако ў бітонах на завод у Чэрвень. Жанчыны з малаказавода, думаючы, што Мікалай з беднай сям’і, выносілі яму міску марожанага, якое там выраблялі. Брат і дагэтуль кажа, што смачнейшага марожанага ніколі ў жыцці больш не каштаваў…
Пасля шчымлівых успамінаў пра мінулае, вяртаемся ў дзень сённяшні. Для завяршэння гісторыі доўгага вяртання з вайны радавога Кірыла Калтовіча застаецца зрабіць яшчэ некалькі крокаў. Прыехаўшы з Захароўкі, знаходжу праз інтэрнэт кіраўніка зводнага пошукавага атрада “Аланецкая аператыўная група” Алега Левашова і перадаю неабходныя звесткі для сувязі Мікалаю Андрэевічу Калтовічу. Цяпер яму застаецца з’ездзіць у Карэлію, каб наведаць месцы гібелі і пахавання дзядзькі, а таксама атрымаць знойдзены пры ім медальён.

Гэтыя архіўныя дакументы – усё што засталося ў Аляксандра Калтовіча на памяць пра бацьку

Тым часам, пашукавікі зараз спрабуюць больш дэталёва высветліць акалічнасці гібелі групы воінаў, астанкі якіх былі знойдзены пад Відліцай у чэрвені мінулага года.
– Справа ў тым, што знойдзеныя ў дзвюх варонках, у тым ліку – і Кірыл Калтовіч, хаця і былі падняты ў раёне дзеянняў 7 асобнага стралковага матацыклетнага палка, але дачынення да яго не маюць, – тлумачыць Алег Левашоў. – Канкрэтную часць, да якой яны належалі, са стопрацэнтнай упэўненасцю пакуль назваць немагчыма, але з вялікай доляй верагоднасці можна лічыць, што гэта байцы знішчальнага атрада (батальёна) капітана Алмазава, сфарміраванага з ленінградскіх добраахвотнікаў і апалчэнцаў Ленінградскай арміі народнага апалчэння. Ускосна на гэта паказваюць ленінградскія адрасы ў медальёнах часткі загінулых, а таксама сведчанні сваякоў Калтовіча, што ён сышоў добраахвотнікам разам з усім курсам (гэта значыць – у Ленінградскую армію народнага апалчэння).
А ўвогуле, на маленькім участку мясцовасці ў раёне вёсак Відліца і Вялікія Горы 22 – 24 ліпеня 1941 года была вялікая канцэнтрацыя вайсковых частак абодвух праціўнікаў. Таму дакладны час той ці іншай падзеі ўстанавіць пакуль складана: па данясеннях фінаў – адно, па данясеннях 7 палка – іншае, па данясеннях 3 брыгады – яшчэ адна версія. Быццам бы ў цэлым усё зразумела, а ў дэталях – сур’ёзныя разыходжанні…
…Мікалай Калтовіч двойчы тэлефанаваў мне з Санкт-Пецярбурга. Распавядаў аб тым, што звярнуўся з запытам ў інстытут, дзе вучыўся Кірыл Кузьміч, з надзеяй, што там захаваліся хоць нейкія архіўныя звесткі пра яго. Таксама паведаміў, што паездка ў Карэлію пакуль адкладваецца: да месца гібелі дзядзькі няма як дабрацца з-за размытай дарогі. Павінен прайсці пэўны час, пакуль яна падсохне…
З нецярплівасцю чакаю заканчэння гісторыі.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара, Аляксея РОВАНА (vk.com/rovan_photo) і з сямейнага архіву Мікалая Калтовіча.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *