З людзьмі і для людзей

Местная власть Официально

Работа па вырашэнню пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва і вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Чэрвеньшчыны за першае паўгоддзе абмеркаваны ў аўторак на рэгіянальным сходзе дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў раёна 27 склікання.

Удзел у сходзе бралі старшыня райвыканкама Андрэй Зубар, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ніна Жалязнова, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў па Чэрвеньскай выбарчай акрузе №36 Аляксандр Шыфрын, галоўны ўрач Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Рызгунскі, дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, старасты вёсак, кіруючыя работнікі райвыканкама, кіраўнікі ўстаноў, прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Са справаздачай аб рабоце мясцовых Саветаў дэпутатаў 27 склікання па вырашэнню пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва  выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік. Яна, у прыватнасці, зазначыла:

Сёння важна, каб у цэнтры нашай дэпутацкай увагі і клопату быў выбаршчык. Бо людзі аказалі нам давер і маюць права чакаць ад нас уважлівага стаўлення да іх праблем. Ад гэтага залежыць аўтарытэт улады. Менавіта таму невыпадкова на першым плане – праца дэпутата ў акрузе са сваімі выбаршчыкамі.

Пры аднолькавым жаданні да стваральных пачынанняў, магчымасці ў дэпутатаў розныя, у сілу іх арганізатарскіх здольнасцяў, камунікабельнасці, службовага становішча і іншых фактараў. Але кожны з нас павінен даць аб’ектыўную ацэнку сваёй працы ў гэтым накірунку і прыняць усе неабходныя меры для вырашэння сацыяльна значных пытанняў насельніцтва на належным узроўні…

Валянціна Тарасік распавяла, што ў раённым Савеце дэпутатаў створана сістэма працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Дэпутаты з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі Адзіных дзён інфармавання, прыёмаў грамадзян, якія праводзіць старшыня райвыканкама. Таксама ладзяцца выязныя прыёмы, “прамыя тэлефонныя лініі”, Дні дэпутатаў, сходы з выбаршчыкамі па месцы жыхарства. А ўвогуле выбаршчыкі могуць сустрэцца са сваімі дэпутатамі не толькі ў прыёмныя дні, але і ў любы зручны час.

Падчас разгляду зваротаў грамадзян, праведзеных прыёмаў, сустрэч з працоўнымі калектывамі і выбаршчыкамі вырашаюцца пытанні добраўпарадкавання вуліц і прылеглых да населеных пунктаў тэрыторый, уладкавання кантэйнерных пляцовак, транспартнага і гандлёвага абслугоўвання.

Актыўна дапамагаюць дэпутатам прадстаўнікі органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — старасты вёсак, якіх у раёне 113. Яны з’яўляюцца не толькі сувязным звяном паміж насельніцтвам і ўладай, але і ініцыятарамі, а ў большасці выпадкаў – выканаўцамі мясцовых пачынанняў.

Працу з людзьмі дэпутаты таксама ладзяць праз Саветы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, старшынямі якіх з’яўляюцца старшыні сельскіх Саветаў. На іх пасяджэннях сумесна з участковымі інспектарамі міліцыі, работнікамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна разглядаюцца асобы, якія злоўжываюць спіртным. Праводзяцца рэйды па праблемных сем’ях.

Пры ўсіх сельвыканкамах працуюць назіральныя камісіі па кантролю за стварэннем бяспечных умоў пражывання грамадзян, абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях, санітарнаму стану і добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Самы актыўны ўдзел у іх працы бяруць дэпутаты першаснага ўзроўню і старасты вёсак.

Як зазначыла Валянціна Тарасік, дэпутацкім корпусам раёна асаблівая ўвага надаецца  пытанням добраўпарадкавання і азелянення населеных пунктаў, утрыманню ў належным парадку вуліц і прыдамавых тэрыторый, могілак, воінскіх пахаванняў, помнікаў гісторыі і культуры.

У прыватнасці, у сельсаветах былі распрацаваны і зацверджаны лакальныя планы мерапрыемстваў па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на тэрыторыі населеных пунктаў на 2017 год. У рамках іх выканання з пачатку года ўцягнуты ў сельскагаспадарчы абарот участкі, якія пустуюць, агульнай плошчай 21,4 гектара, знесена каля 4 кіламетраў старых платоў і ўстаноўлена каля 3,5 кіламетраў новых. Ліквідавана 205 несанкцыянаваных звалкак бытавых адыходаў.

Паводле распараджэння старшыні райвыканкама “Аб мерах па навядзенню парадку на тэрыторыях населеных пунктаў Чэрвеньскага раёна”, за 41 населеным пунктам замацаваны арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Іх работнікі зносяць старыя будынкі ў вёсках, прыбіраюць звалкі, высякаюць хмызнякі. Найбольшы аб’ём работ выкананы Чэрвеньскім лясгасам, які ўзначальвае дэпутат Лядзенскага сельскага Савета Андрэй Галкоўскі, у вёсках Хутар Раваніцкага сельсавета і Новая Ніва. Калектыў СВФ “Новыя Зялянкі” (дырэктар – дэпутат раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Лаўрык) навёў парадак у вёсцы Кутузаўка. Шмат зроблена работнікамі ДРБУ №121 у вёсцы Плецявішча, ПМС – у вёсцы Ратнае, Чэрвеньскага цэха прыроднага і звадкаванага газу – у вёсцы Сітнік, СВФ “Аграбуд” і філіяла №3 ААТ “Мінскжалезабетон” – у вёсках Згурск і Першае Мая, Чэрвеньскага філіяла “Мінаблпаліва” – у вёсцы Мядзведня, Чэрвеньскага вытворча-харчовага завода – у вёсцы Слабодка. У гэтым накірунку сістэмна і планава працуюць Руднянскі, Лядзенскі і Чэрвеньскі сельсаветы.

Завяршаючы справаздачу, Валянціна Тарасік падкрэсліла, што дэпутацкаму корпусу трэба прадоўжыць работу па далейшаму павышэнню ўплыву Саветаў дэпутатаў на развіццё Чэрвеньшчыны, усталяванню больш цеснай сувязі са сваімі выбаршчыкамі, прыцягненню насельніцтва да актыўнага ўдзелу ў вытворчым і сацыяльна-грамадскім жыцці.

Вырашыць гэтыя задачы можна толькі разам, пры зацікаўленасці ўсіх і кожнага, – сказала яна. –  Наша праца – з людзьмі і для людзей.

Падчас абмеркавання справаздачы, старшыня Калодзежскага сельскага Савета дэпутатаў, дэпутат сельскага Савета па Дамавіцкай выбарчай акрузе №8 Людміла Пасудзеўская распавяла аб вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва на тэрыторыі сельсавета. У прыватнасці, аб тым, што сёлета па просьбе, якая прагучала ад мясцовых жыхароў на сходзе грамадзян у аграгарадку Любішына, усталяваны штучныя няроўнасці на дарозе ля аўтобуснага прыпынку. На сустрэчы з дэпутатамі ў вёсцы Дамавіцк узнімаліся пытанні навядзенню парадку на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства “Славстройцвет” і будаўніцтва павільёна на аўтобусным прыпынку. Дзякуючы намаганням дэпутата раённага Савета дэпутатаў Мікалая Лойкі і служб раёна, дзейнасць прадпрыемства па перапрацоўцы адыходаў на тэрыторыі былой школы ўдалося прыпыніць. Павільён на прыпынку запланавана ўсталяваць у наступным годзе.

Агульнымі намаганнямі ўдалося вырашаюцца праблемы водазабеспячэння асобных населеных пунктаў. А вось своечасовасць грэйдзіравання дарог, паводле слоў Людмілы Пасудзеўскай, пакідае жадаць лепшага. На яе думку, распрацоўка ДРБУ №121 графіку работ, давядзенне яго да насельніцтва і выкананне дазволіла б скараціць колькасць зваротаў мясцовых жыхароў па гэтаму пытанню. Таксама Людміла Пасудзеўская прапанавала прадугледзець у бюджэце раёна на наступны год сродкі на кантэйнеры для буйнагабарытнага смецця, каб вырашыць праблему стыхійных звалак.

Дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Лядзенскай выбарчай акрузе №21 Аляксандр Храмцоў распавёў, што вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Нафтабітумны завод”, якое ён узначальвае, разам з сельвыканкамам традыцыйна ладзіць дабрачынныя навагоднія святы для дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, аказвае спонсарскую падтрымку Лядзенскай школе, дапамагае сельвыканкаму транспартам падчас правядзення мерапрыемстваў па добраўпарадкаванню. Ён таксама ўнёс прапанову разгледзець магчымасць стварэння ў Чэрвені дзіцячых пляцовак у мікрараёне вуліцы Мінскай і ў раёне СШ№3. Ідэя была ўхвалена старшынёй райвыканкама Андрэем Зубарам.

Вопытам сваёй працы падзяліўся стараста вёскі Шасціснопы, дырэктар сельскага Дома культуры Ігар Гарашчук. Ва ўзаемадзеянні са Смілавіцкім сельвыканкамам і мясцовым дэпутатам Маяй Мукавозчык ён дапамагае аднавяскоўцам вырашаць шматлікія надзённыя праблемы. Шмат у вёсцы робіцца для добраўпарадкавання сквера і парка, азелянення тэрыторыі. Мясцовыя жыхары за свае грошы абсталявалі і працягваюць дапаўняць новымі элементамі дзіцячую гульнявую пляцоўку. У бліжэйшых планах – стварэнне гары для зімовых забаў, добраўпарадкаванне возера. На суботніках у парку і на тэрыторыі жылой забудовы з ахвотай працуюць як дарослыя, так і дзеці. Ігар Гарашчук і яго памочнікі ладзяць для жыхароў паселішча выхаваўчыя і забаўляльныя мерапрыемствы. Найбольш адметнае з іх – штогадовае свята вёскі.

З інфармацыяй аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна за першае паўгоддзе на сходзе выступіла намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Алена Шлома. Яна адзначыла, што за гэты перыяд акрэслілася павышэнне эфектыўнасці практычна ва ўсіх галінах эканомікі. Выкананы чатыры з сямі даведзеных прагнозных паказчыкаў: па экспарту тавараў, па колькасці працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя рабочыя месцы за кошт стварэння новых вытворчасцяў, па росту аб’ёму будаўніча-мантажных работ. Павялічыўся ўзровень рознічнага тавараабароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі. Забяспечана выкананне задання па ўзроўню росту заработнай платы.   

Не выкананы прагнозныя і дадатковыя паказчыкі па тэмпу росту экспарту паслуг. Менш, чым прагназавалася, прыцягнута прамых замежных інвестыцый. Недастатковы тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі ў сельгасарганізацыях.

Аснова эфектыўнага вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці – гэта, перш за ўсё, забеспячэнне высокага ўзроўню тэхналагічнай дысцыпліны, – зазначыла Алена Шлома. – І менавіта ў гэтым ёсць вялікія рэзервы ў нашым рэгіёне. Пытанням умацавання дысцыпліны і парадку, выканання нормаў і правілаў тэхналогіі неабходна ўдзяляць увагу і дэпутацкаму корпусу пры сустрэчах з выбаршчыкамі.

Таксама яна распавяла, што ў цэлым па раёну за першае паўгоддзе дасягнуты высокі тэмп росту аб’ёму прамысловай вытворчасці: у 20,9 раза ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Прырост забяспечылі ўсе прадпрыемствы.

У развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы раёна прадпрыемствамі ўсіх формаў уласнасці інвеставана больш за 18 мільёнаў рублёў, у тым ліку больш за 45 працэнтаў з іх – у жыллёвае будаўніцтва. За кошт замежных інвестыцый працягваецца будаўніцтва фармацэўтычнага прадпрыемства ў Смілавічах. Дынамічна працуе сёлета рознічны і аптовы гандаль. Станоўчую тэндэнцыю развіцця мае малое і сярэдняе прадпрымальніцтва.

Алена Шлома выказала ўпэўненасць у тым, што працоўныя Чэрвеньшчыны здолеюць узняць эканоміку на больш высокі ўзровень і выканаць усе пастаўленыя задачы.

 – Патэнцыял раёна вялікі, і мы абавязаны ўсе разам цалкам рэалізаваць яго, – сказала яна.

Падчас абмеркавання гэтага выступлення ўдзельнікі сходу цікавіліся перспектывамі адкрыцця ў раёне новых прадпрыемстваў, а таксама магчымасцямі размяшчэння на Чэрвеньшчыне прадпрыемстваў Мінска, якія збіраюцца выносіць са сталіцы.

Старшыня райвыканкама Андрэй Зубар заклікаў дэпутацкі корпус да большай актыўнасці і ініцыятыўнасці ў пошуку шляхоў вырашэння праблем, якія існуюць у раёне. Ён таксама прапанаваў дэпутатам 27 склікання пакінуць памяць аб сваёй працы ў выбарных органах, пасадзіўшы ў Чэрвені алею. А намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька агучыла ініцыятыву зрабіць горад больш прыгожым за кошт масавага вырошчвання кветак не толькі на грамадскіх тэрыторыях, але і на кожным прысядзібным участку, і на наступны год правесці ў Чэрвені фестываль кветак.

Свае думкі і меркаванні па вынесеных на парадак дня сходу пытаннях выказалі Ніна Жалязнова і Уладзімір Рызгунскі.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *