У суботу на кірмашы

Общество

У мінулую суботу вясёлая музыка збірала на плошчы Свабоды чэрвеньцаў на першы восеньскі кірмаш. Хтосьці цікавіўся цэнамі на сельгаспрадукцыю, а хтосьці вырашыў назапасіць бульбы і агародніны на зіму.

Эксперыментальная база «Натальеўск» гандлявала бульбай па 25 капеек за кілаграм, пшаніцай — па 50 кап., рапсам — па 90 кап., рэдзькай маслічнай — па 60 кап., жытам фуражным па 25 кап., трыцікале фуражным — па 22 капейкі за кілаграм. Мінская абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя прапаноўвала бульбу таксама па 25 капеек за кілаграм і ячмень па 25 кап.
Бульба ў прыватных прадпрымальнікаў была даражэйшай у два разы — па 50 капеек за кілаграм. Агароднінай гандлявалі таксама прыватныя прадпрымальнікі. Капуста каштавала 60 капеек за кілаграм, памідоры ад аднаго рубля да двух (у залежнасці ад гатунку), цыбуля — 70-80 кап. за кілаграм, журавіны — 6 рублёў, агуркі — 1 руб.80 капеек. Каляровая капуста, яблыкі, грушы, перац балгарскі былі па два, слівы — па тры рублі за кілаграм.
Чэрвеньскі лясгас прапаноўваў для азелянення сядзіб ліставыя і хваёвыя расліны. Прыватныя прадпрымальнікі — хрызантэмы розных гатункаў, маліну і трускалкі рэмантантныя.
Пах вэнджанай рыбы прыцягваў аматараў гэтай прадукцыі. Прапаноўваў яе рыбгас «Волма» ў шырокім асартыменце. Прадавалі і свежую рыбу, паўфабрыкаты. У гандлёвых радах можна было набыць таксама прамысловыя тавары.
Самадзейныя артысты, як заўсёды, уздымалі настрой музыкай і спевамі.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *