Калі імя табе – земляроб…

Аграрный сектор Люди и судьбы

Пра тое, наколькі цяжкая праца ў механізатараў, дакладна ведаюць, мабыць, толькі яны самі. А кожны можа меркаваць аб гэтым хаця б па тым, што дзяржава дала людзям такой прафесіі права на льготную пенсію.

Аляксандр Іосіфавіч Маслоўскі адшчыраваў на палетках роднай гаспадаркі “Раванічы”, якая неаднойчы мяняла свой юрыдычны статус і зараз з’яўляецца адкрытым акцыянерным таварыствам, трыццаць восем гадоў.

І гэта – толькі да выхаду на заслужаны адпачынак. Бо і зараз у перыяд масавых работ вось ужо трэці сезон ён сядае на трактар, камбайн і едзе ў поле.

Багаты жыццёвы і працоўны вопыт ветэрана тут заўсёды запатрабаваны. 

Маслоўскі прыахвоціўся яшчэ ў дзяцінстве, дзякуючы стрыечнаму брату Мікалаю. Самым яскравым успамінам тае пары застаецца для яго праца памочнікам камбайнера, калі ім са сваяком, як лідарам спаборніцтва, уручылі не звычайны маленькі чырвоны сцяжок, а вялікі беларускі дзяржаўны сцяг. Прымацаваны да кабіны камбайна, ён дужа прыгожа трапятаў пад павевамі ветру.

У школьнай анкеце, адказваючы на пытанне наконт выбару прафесіі, Саша з году ў год пісаў, што хоча стаць трактарыстам. Таму мала хто здзівіўся, калі замест дзясятага класа юнак пайшоў вучыцца на механізатара ў філіял Смілавіцкага СПТВ-23, які працаваў у Раванічах.

Першым яго трактарам быў гусенічны “ДТ-74”. Веснавая пасяўная, прычэплены ззаду культыватар, пыл, грукат… Але, кажа, малады быў, здаровы, на нязручнасці не звяртаў асаблівай увагі. Ды і ў войска неўзабаве забралі, дзе характар яшчэ больш загартаваўся.

Адслужыў, вярнуўся ў родную гаспадарку. І завіравала маладое жыццё. Бачачы стараннасць Аляксандра, кіраўніцтва саўгаса адразу ж даверыла яму новы трактар “МТЗ-50”, а праз два гады таксама новы энерганасычаны “Т-150”. Адбыліся змены і на асабістым фронце. Адразу ж пасля войска ажаніўся, праз год разам са сваёй Зінай і яе маленькім сынам Віталем перабраўся з бацькоўскай хаты ў Хутары ў новы дом, які пабудавала на цэнтральнай сядзібе гаспадарка.

Падчас жніва спачатку працаваў на СК-5 “Ніва”, а з 1989 года – на новым “Дон-1500”.

“…На магутным “ДОН-1500” пачаў уборку новага ўраджаю Аляксандр Маслоўскі, які па выніках мінулагодняга спаборніцтва меў другі паказчык у раёне і лепшы намалот па гаспадарцы. Сёлета ён разам з памочнікам Уладзімірам Невяроўскім будзе змагацца за перамогу ў раённым сацыялістычным спаборніцтве…”, – пісала раённая газета “Уперад” ад 26 ліпеня 1990 года. Пажоўклы нумар, на першай старонцы якога надрукаваны расповед аўтара гэтых радкоў і фотакарэспандэнта Івана Пячухіна пра жніво ў саўгасе “Раванічы”, Аляксандр Маслоўскі доўгі час захоўваў у шуфлядзе шафы. Але, калі мы сустрэліся амаль праз тры дзесяцігоддзі, не змог яго знайсці. Затое падшыўка за 1990 год захавалася ў рэдакцыйным архіве. І зараз можна пабачыць, як у цэнтры верхняга здымка публікацыі малады цёмнавалосы перадавік атрымлівае букет рамонкаў.

Аляксандр добра памятае не толькі той дзень і акалічнасці фатаграфавання, але і поле, на якім гэта адбывалася – урочышча Кавалёўка. А сяброўства з “раёнкай” пранёс праз усё жыццё, пераняўшы эстафету ў бацькоў. Кажа, што з падвоенай цікавасцю чытае весткі з палеткаў, уважліва вывучае лічбавую інфармацыю аб ходзе сельгасработ…

Свежы нумар “Раённага весніка” і зараз прыкмячаю ў пакоі Аляксандра Іосіфавіча. Калі заходзіць гаворка пра сям’ю, ён з болем распавядае пра самую вялікую страту ў жыцці: рана пайшла з жыцця жонка. А потым – пра самую вялікую ўцеху – траіх дзяцей і восем ўнукаў. Сын Віталь служыць у сталічнай міліцыі, дачка Вольга працуе на цяплічным камбінаце ў Ждановічах. Малодшая, Марына, якую з дзяцінства гадаваў адзін, разам з мужам і двума дзецьмі жыве з бацькам, працуе бухгалтарам у ААТ “Раванічы”. Менавіта яна замяніла ў хаце гаспадыню…

Сціплы па характару, Аляксандр Маслоўскі не вядзе лік сваім працоўным перамогам, якіх за жыццё было вельмі шмат. І нават гісторыю атрымання ў 1988 годзе дзяржаўнай узнагароды, Ордэна Працоўнай Славы трэцяй ступені, дакладна не памятае. Лічыць, што адзначылі за добрыя намалоты збожжа. Хаця, паводле інфармацыі, якой валодае спецыяліст па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама гаспадаркі Тамара Цітавец, ордэн Аляксандру Іосіфавічу далі, як звеннявому за поспехі ў вырошчванні бульбы.

Хаця ці так ужо гэта важна? Галоўнае, што паважаюць і цэняць у калектыве. Як незаменнага спецыяліста, шчырага працаўніка, спагадлівага і таварыскага чалавека.

– Ёсць механізатары, якія здольныя якасна выконваць адзін від работ, а Саша – універсал, – кажа Тамара Цітавец, якая ведае земляка і суседа па вуліцы яшчэ са школьнай парты. – Калі Маслоўскі што пасее, то адразу відаць рука майстра. І бульбу так ніхто як ён не пасадзіць, і на абмалоце прысядзібных участкаў вяскоўцаў часта працуе дацямна.

…“Дацямна” – звыклае для механізатара слова. Колькі захадаў і світанкаў сустрэў у полі Аляксандр Маслоўскі! Але ніколі не наракаў на жыццё, не скардзіўся, што цяжка. Гэтаму і моладзь вучыць. Хаця, прызнаецца, маладыя не дужа ў працу ўлягаюцца. Многія шукаюць дзе лягчэй, і дзе больш плацяць.

– А няўжо ніколі не хацелася пайсці далей вучыцца, стаць, напрыклад, інжынерам-механікам? – цікаўлюся ў суразмоўцы.

– Ды не, – адказвае. – Гэта не маё. Неяк прапаноўвалі загадчыкам майстэрняў ісці, дык адмовіўся. Мне падабаецца руляваць, а не кіраваць.

   Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *