“Янка” ставіць рэкорд

Аграрный сектор

Эксперыментальная база “Натальеўск” – прызнаны лідар сельскагаспадарчай вытворчасці ў раёне па пераважнай большасці накірункаў. Бульбаводства – не выключэнне.

Больш за 200 тон клубняў за дзень накопвае бульбаўборачным камбайнам “Grimme” механізатар Андрэй Гамеза

Сёлета “другі хлеб” на Чэрвеньшчыне вырошчваюць пяць гаспадарак. Агульная плошча пасадкі – амаль 400 гектараў. З іх 250 прыпадае на “Натальеўск”.

Гэтай культурай тут займаюцца даўно і грунтоўна. Нават у не вельмі ўраджайныя гады ў “Натальеўску” заўсёды былі з бульбай.

– Уборку пачалі з сярэдняспелага гатунку “Янка” айчыннай селекцыі на палетку ля вёскі Камісарскі Сад, – распавядае галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Бабіновіч. – Гектар у сярэднім дае амаль 400 цэнтнераў клубняў. Ураджайнасць – рэкордная для нас па гэтаму гатунку і блізкая да максімальнай па яго біялагічных уласцівасцях. Акрамя “Янкі”, вырошчваем яшчэ сем гатункаў бульбы: нямецкі “Саціна”, галандскі “Рыўера”, беларускія “Брыз”, “Уладар”, “Скарб”, “Маніфест” і “Вектар”. Першапачаткова меркавалі мець сем – сем з паловай тысяч тон клубняў. Але, падобна, што будзе нават крыху больш.

Паводле слоў Сяргея Бабіновіча, атрыманню добрага ўраджаю спрыяе строгае выкананне тэхналогіі вытворчасці бульбы. У прыватнасці, у гаспадарцы не эканомяць на сродках аховы раслін. Як заўважыў галоўны аграном, пры ўраджайнасці больш за 300 цэнтнераў на круг і прымальнаму кошту рэалізацыі вытворчасць бульбы рэнтабельная.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *