Дырэктар Чэрвеньскага лясгаса Андрэй ГАЛКОЎСКІ: Год прамінуў у напружанай працы

Общество

– Трэцяя нядзеля верасня – святочны дзень для ўсіх, хто звязаў сваё жыццё з лесам. На Чэрвеньшчыне на душу насельніцтва прыпадае больш за гектар лясоў. Паводле даследаванняў навукоўцаў, такая плошча за гадзіну паглынае столькі вуглекіслаты, колькі яе на працягу гэтага часу выдыхаюць 200 чалавек.

“Лекар у зялёным убранні” — так нярэдка называюць лес за яго гаючыя ўласцівасці. З лясной скарбонкі чэрпаем грыбы, ягады, бярозавы сок, дзічыну, пушніну, шматлікія лекавыя расліны, навагоднія дрэвы. Лес — гэта месца адпачынку. Гэты цуд пазбаўляе ад дробязных трывог, дапамагае думаць і тварыць. Словам, лес – гэта жыццё на зямлі. А таму ўсім неабходна памятаць простую ісціну: багацце лясоў невычарпальнае толькі тады, калі ў іх разумна гаспадарыць.
Лічу, што лесаводы Чэрвеньшчыны з задачай правільнага, руплівага гаспадарання спраўляюцца. Яны забяспечваюць надзейную і якасную ахову лесу, актыўна ўкараняюць новыя тэхналогіі лесавырошчвання і лесанарыхтовак. Над захаваннем і памнажэннем лясоў раёна наш калектыў плённа шчыруе на працягу многіх гадоў.
Незаўважна, у напружанай працы, прамінуў год пасля 80-гадовага юбілею лясгаса. Прафесійнае свята мы сустракаем з неблагімі вынікамі.
Чэрвеньскі лясгас сёння займае годнае месца сярод лясных гаспадарак не толькі Міншчыны, але і краіны. Па выніках працы за першае паўгоддзе, мы – на трэцім месцы ў вобласці і на дванаццатым – з 98 лясгасаў Беларусі.
Сёлета нашы работнікі правялі лесааднаўленне на 1857 гектарах, у тым ліку 413 гектараў лясных культур стварылі з выкарыстаннем селекцыйнага пасяўнога і пасадачнага матэрыялу. Вясной высадзілі 165 тысяч штук сеянцаў з закрытай каранёвай сістэмай. Высечкі догляду ў маладняках праведзены на 529 гектарах. Даходы ад паляўніча-гаспадарчай дзейнасці склалі 17400 рублёў, паступленні ад вядзення лясной і паляўнічай гаспадаркі – каля 3177 рублёў. Рост прадукцыйнасці працы дасягнуў 128 працэнтаў.
У цэлым аб’ёмы вытворчасці прадукцыі ўзраслі да мінулага года на 181 працэнт, агульная яе адгрузка на экспарт перавысіла 1110 тысяч долараў ЗША.
Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі больш за 1430 тысяч рублёў. Іх асноўны аб’ём у апошнія гады накіроўваецца на мадэрнізацыю лесанарыхтоўчых магутнасцяў. У прыватнасці, для паляпшэння вытворчага працэсу лясгас толькі сёлета набыў 3 аўтамашыны “МАЗ”, 2 прычэпы, 2 аўтамашыны “УАЗ”, 1 аўтамашыну “ГАЗ”, фарвардэр і харвестэр Vimеk, лесавозны паўпрычэп, станок для абрэзкі абзы, палівальную ўстаноўку на гадавальнік, прыладу для догляду за лесанасаджэннямі, 13 бензапіл, 11 кустарэзаў, 2 тралёвачныя лябёдкі і многае іншае.
Прыкметна павялічыўся заробак нашых работнікаў. За кошт росту аб’ёмаў вытворчасці атрымліваем прыбытак, які выкарыстоўваецца на сацыяльныя выплаты працаўнікам і пенсіянерам лясгаса.
Працягваецца рэканструкцыя лесапаляўнічага комплексу. Там пабудаваны новыя лазня, альтанка. Таксама мы распрацавалі, навукова абгрунтавалі і стварылі экалагічную сцежку, у якую ўваходзіць тры турыстычныя маршруты, у тым ліку веласіпедны і аўтамабільны. Яны ахопліваюць мясціны, якія звязаны з дзейнасцю нашых знакамітых землякоў – кампазітара Станіслава Манюшкі і мастака Хаіма Суціна.
Нашы работнікі бяруць актыўны ўдзел ва ўсіх раённых і галіновых спартыўна-масавых мерапрыемствах, дзе заваёўваюць прызавыя месцы і заслужаныя ўзнагароды.
Мабыць, няма ў раёне сферы, якая так ці інакш не была б звязаная з дзейнасцю лясгаса. Дапамагаем тэхнікай і людзьмі сельгаспрадпрыемствам, сельвыканкамам, установам адукацыі. Даглядаем помнікі і месцы пахавання загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Цесна супрацоўнічаем па розных накірунках з раённым выканаўчым камітэтам, раённымі аддзеламі ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях.
У тым, што прыгажэйшай становіцца Чэрвеньшчына, ёсць і немалая заслуга лесаводаў. Уменне наводзіць парадак, творчае стаўленне да добраўпарадкавання тэрыторый ляснога фонду, сядзібаў лясніцтваў, адміністрацыйных будынкаў, месцаў адпачынку неаднойчы заслужвала высокай ацэнкі кіраўніцтва раёна.
Шаноўныя калегі! Лес – гэта не проста месца працы, дзе вы праяўляеце сябе як прафесіяналы. Гэта і велізарная адказнасць перад будучымі пакаленнямі. Жадаю нашаму калектыву не здаваць лідэрства, працягваць прыгожую гісторыю Чэрвеньскага лясгаса, добрасумленна ставіцца да даручанай справы. Бо толькі штодзённай карпатлівай працай на ўсіх этапах вырошчвання лесу можна дасягнуць жаданага выніку.
Ад кіраўніцтва лясгаса, прафсаюзнай арганізацыі і сябе асабіста віншую ўсіх, хто звязаў сваё жыццё з вельмі патрэбнай прафесіяй лесавода, з прафесійным святам – Днём работнікаў лесу. Асабліва нізкі паклон і словы ўдзячнасці – ветэранам лясной гаспадаркі.
Жадаю кожнаму з вас моцнага здароўя, дабрабыту, аптымізму і невычэрпнай энергіі, увасаблення ў жыццё задуманага, новых дасягненняў.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *