Дамавіцк мяняе аблічча

Общество

Прыемна адчуваць жыццёвыя перамены ў настроі вясковых людзей: з кожным годам іх сядзібы прыгажэюць і вабяць вока  разнастайнасцю кветак, новымі сучаснымі агароджамі, узвядзеннем на сваіх тэрыторыях нейкіх адметных збудаванняў для дзяцей і альтанак для сямейнага адпачынку.   

  Спакойна і размерана цячэ жыццё і ў нашым Дамавіцку. Жыхары яго адказна ставяцца да праблем добраўпарадкавання сваіх прысядзібных участкаў. Паступова распаўсюджваецца жаданне ўпрыгожыць свой падворак нечым адметным, непаўторным. Старэйшых жыхароў падтрымліваюць дзеці і ўнукі- гараджане. Яны бяруць на сябе клопаты аб набыцці раслін і насення, планавання месц для клумб, догляд за кветкамі. Трэба адзначыць, што раней кожны адрэзак зямелькі даставаўся гародніне. Некаторыя гаспадыні, больш вострыя на язык, яшчэ і жартавалі над аматарамі-кветкаводамі: «Лепш бы буракі пасадзіла…»

Час мінае. Людзі мяняюцца і прыходзяць да высновы, што жыццё ўпрыгожыць  могуць і самі, а не чакаць «манны нябеснай», тым больш, што станоўчых прыкладаў на вёсцы ўжо нямала. Канешне, шмат часу патрабуе догляд. Таму ў больш занятых людзей  не вельмі ёсць чым пахваліцца, але гэта не засмучае. А засмучаюць тыя падворкі, дзе гаспадыні і час маюць, але ахвоты не маюць папрацаваць над добраўпарадкаваннем, а то і занятыя другім «хоббі»…

Паступова Дамавіцк мяняе аблічча. Калісьці вёска толькі пачала набываць сучасны выгляд, ды змяніўся кіраўнік гаспадаркі… І вёска пайшла на спад: гаспадарка заняпала, маладыя людзі не бачылі сваёй будучыні ў гэтай мясцовасці, ехалі шукаць лепшай долі. Жылыя дамы пусцелі, новых ужо ніхто не будаваў. Дзіцячы сад і школу закрылі. Камбінат бытавога абслугоўвання, пральню і лазню — таксама.  Заробкі малыя, вёска вымірае…

І раптам, як подых свежага паветра, прымаецца рашэнне ў «вярхах» далучыць Дамавіцкую сельскую гаспадарку да эксперыментальнай базы «Натальеўск». Нарэшце і наш працоўны люд стаў атрымліваць добрую зарплату, з’явілася ўпэўненасць у заўтрашнім дні, работнікі адчулі клопат кіраўніцтва, а разам з тым, павышаную адказнасць за вынікі сваёй працы. З’явілася надзея на развіццё, аднаўляюцца фермы, рамантуюцца дарогі. Вось бы яшчэ прыдаць сучасны выгляд магазіну і пошце. Летам у вёсцы жыццё віруе, вуліцы ажыўленыя, шмат дзяцей, дачнікаў. І вёска  не збіраецца паміраць.

Падворкі здзіўляюць сваёй непаўторнасцю і хараством. Некаторыя гаспадары яшчэ і на вуліцы ладзяць клумбы, альбо проста астраўкі прывабнасці. Уязджаеш у вёску — і адразу адкрываецца прыгожы падворак Макатовічаў. Пенсіянеры жывуць тут з вясны да восені. Іх пастаяннае месца жыхарства — Чэрвень, але пакінуць бацькоўскі дом палічылі няправільным, ганебным. Чэрвень блізка, таму сачыць за парадкам на бацькоўскай сядзібе прасцей. Вось і стварылі куточак адпачынку. Шмат дзе ў вёсцы каля лесвічак вас сустрэнуць з ветлівым паклонам кветкі. Падворкі Елісеевых, Сідралёнкаў, Бяка, Васільковых, Паўловічаў, Кацько, Клындзюк, Жук, Лявоненкаў, Шчэрбачаў і многіх іншых упрыгожваюць вёску.

Спынюся на больш выразных прыкладах. Сучасна выглядае падворак Пусевых. На фоне зялёнага газону выступаюць фігурна пастрыжаныя дэкаратыўныя кусты, шаравідныя і конусныя туі, барбарыс, гартэнзіі і мноства розных відаў кветак. Гаспадар з гаспадыняй маюць агранамічную адукацыю, таму догляд за ўсімі насаджэннямі навукова абгрунтаваны. Наогул, гэтая сямейная пара вельмі таленавітая: гаспадыня ў вольны час вышывае, а гаспадар з дрэва майструе цуды. Пра такога чалавека кажуць, што рукі залатыя. І гэта сапраўды так. Не толькі на іх падворку, а і ў іншых вясковых людзей можна ўбачыць зробленыя яго рукамі дэкаратыўныя калодзежы і альтанкі. А сёлета лазню сваю так адладзіў знутры, што можна адкрываць музей дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Сям’я Пятровічаў таксама захапляецца добраўпарадкаваннем свайго дворыка з творчым падыходам. Альтанка, зробленая гаспадаром, круціцца вакол сваёй асі, як на каруселі, і рознакаляровымі фарбамі заклікае да сябе. Дзіцячая пляцовачка сярод кветак. Усё даведзена да парадку ўпрыклад усім вяскоўцам.

Падворак Ляоненкаў адметны рознымі  ўпрыгожваннямі. На хаце самабытныя лесвічкі. На жаль, гаспадар Анатоль Якімавіч пайшоў з жыцця. Падхапіў яго творчы стыль сынок Мікалай, паднавіў так, што і не адрозніш: здаецца, што гаспадар дагледзеў.

Падворак сям’і Клындзюк адметны тым, што гаспадары папрасілі ў сельсавеце дазволу далучыць да свайго ўчастка суседні, заросшы бур’яном участак былой калгаснай сталовай. Абгарадзілі, акультурылі. Зараз на гэтай вялікай тэрыторыі чаго толькі няма! Тут для ўнукаў басейн і батут, пясочніца, для сям’і вялікая альтанка, а што ўжо розных відаў кветак, дык вочы разбягаюцца. А гаспадары, Мікалай і Тамара радуюцца, што на пенсіі часу ўжо хапае даглядаць такі вялізны падворак, бо ў мінулым (ён — механізатар, яна — заатэхнік) і думаць не маглі пра гэта.

Вось такі ён цяпер, наш Дамавіцк. Прайдзі па вуліцах і адчуеш, што амаль кожны падворак як бы запрашае: «Загляні і ў мой кветнічак, прысядзь ля маіх веснічак».

А здымкі, што я дасылаю ў газету, будуць доказам таго, што Дамавіцк сапраўды мяняе аблічча, і ўсё больш жыхароў далучаецца да стварэння вакол сябе зоны сямейнага адпачынку і ўстанаўлення душэўнай раўнавагі. У кожным падворку сваё хараство, і я рада за вас, людзі! Хай у вашых сем’ях  будзе дабрабыт, павага і любоў. Жывіце з мірам».

Людміла Аляксееўна Лепеш, старшыня ветэранскай арганізацыі Калодзежскага сельсавета, жыхарка в. Дамавіцк



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *