Чэрвеньшчыну ўзначаліў Віталь Казлоў

Местная власть

У пятніцу на пазачарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў разгледжана пытанне аб зацвярджэнні на гэтай пасадзе Віталя Мікалаевіча Казлова. У рабоце сесіі прынялі ўдзел кіраўнік Мінскай вобласці Анатоль Ісачанка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Атрошчанка, начальнік галоўнага ўп-раўлення арганізацыйна-кадравай работы Мінаблвыканкама Вадзім Бандарэнка.

Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка прадставіў дэпутацкаму корпусу і актыву раёна кандыдатуру дырэктара рэспубліканскага даччынага ўнітарнага прадпрыемства «Шыпяны-АСК» РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па жывёлагадоўлі» Смалявіцкага раёна Віталя Мікалаевіча Казлова. Звяртаючыся да прысутных, губернатар адзначыў прафесіяналізм, дзелавыя і арганізатарскія здольнасці, нестандартнае мысленне гэтага маладога кіраўніка.
Старшыня Мінаблвыканкама таксама падзякаваў былому старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Андрэю Зубару, які адпрацаваў на пасадзе амаль два гады. Па словах Анатоля Міхайлавіча, падчас яго кіраўніцтва раёнам зроблена нямала: пабудаваны жылыя дамы, дзіцячая пляцоўка, добраўпарадкаваны вуліцы. Шмат увагі надавалася і рабоце з маладымі кадрамі. Адзначыў Анатоль Ісачанка і тыя праблемы, вырашыць якія не ўдалося. У прыватнасці, забяспечыць выкананне вызначаных прагнозных паказчыкаў.
У падтрымку кандыдатуры Віталя Казлова выступілі дэпутаты Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў Ларыса Ефіменка і Мікалай Нахамчык.
Адкрытым галасаваннем дэпутаты зацвердзілі кандыдатуру Віталя Мікалаевіча Казлова.
Ён нарадзіўся ў 1981 годзе ў вёсцы Ратча Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. Па нацыянальнасці — беларус. Мае вышэйшую адукацыю.
У 2003 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Працоўную дзейнасць пачынаў на пасадзе начальніка аддзялення “Будагова” рэспубліканскага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства па племянной справе «Зарэчча» Смалявіцкага раёна. 3 2005 па 2009 год працаваў намеснікам дырэктара, выконваючым абавязкі дырэктара, дырэктарам, першым намеснікам дырэктара гэтага прадпрыемства. 3 2009 па 2010 год Віталь Мікалаевіч — навуковы супрацоўнік РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па жывёлагадоўлі» Смалявіцкага раёна. А з 2010 года да зацвярджэння на пасадзе старшыні Чэрвеньскага райвыканкама ўзначальваў рэспубліканскае даччынае прадпрыемства «Шыпяны-АСК» РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па жывёлагадоўлі» гэтага ж раёна.
Старшыня Мінаблвыканкама ўручыў Віталю Казлову пасведчанне старшыні Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта. Новы кіраўнік падзякаваў за аказаны давер і паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб Чэрвеньскі раён паспяхова развіваўся. «Будзем разам выконваць тыя задачы, якія акрэслілі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і старшыня Мінаблвыканкама», — сказаў ён.
Дэпутаты павіншавалі Віталя Казлова з прызначэннем на адказную пасаду і пажадалі поспехаў.
Былы старшыня райвыканкама Андрэй Зубар падзякаваў усім за сумесную працу.

Людміла РАБЕЦКАЯ. Фота Ігара АДАМОВІЧА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *