Усё ў жыцці стараўся выконваць выдатна

Люди и судьбы

Заўважана, што людзі ваеннага і пасляваеннага пакаленняў вызначаюцца адметнымі чалавечымі і дзелавымі якасцямі. Працавітасць, адказнасць, спачуваннемужнасць, смеласць, адданасць сваёй справе і Радзіме характарызуюць прадстаўнікоў гэтага часу. Прыклад неверагоднага гераізму бацькоў патрабаваў належным чынам адпавядаць ва ўсім. Цяжкасці не палохалі, а наадварот, зараджалі жаданнем іх пераадолець, абавязкова выканаць запланаванаеТакі чалавек Яўген Іванавіч Шыдлоўскі, былы кіраўнік сённяшняй гаспадаркі «Крыніца Ігуменшчыны«. Днямі яму споўнілася 70 гадоў.

 

СІРОЦКАЕ ДЗЯЦІНСТВА

Нарадзіўся Яўген Іванавіч  на Чэрвеньшчыне, у вёсцы Вялікі Бор. У сям’і было сямёра дзяцей, але двое старэйшых памерлі ў вайну. Яўген быў самы малодшы, песцілі яго чацвёра сясцёр. Бацька, Шыдлоўскі Іван Адамавіч, ваяваў, быў на фронце, вярнуўся дамоў у канцы сорак чацвёртага інвалідам. Пасля ранення ампутавалі нагу. Маці памерла, калі хлопчыку было толькі шэсць гадоў. У сям’ю прыйшла і выгадавала дзяцей Шыдлоўскіх, як родных, Усціна Іванаўна. Сваіх у яе не было, і ўсю ласку і цеплыню яна аддала маленькім сіротам. Усю вайну жыхары вёскі Вялікі Бор, каб уратавацца ад фашыстаў, пражылі ў лесе ў зямлянках. Там выкапалі калодзеж, садзілі бульбу, трымалі жывёлу, прыстасаваліся да цяжкасцей. Гэтыя зямлянкі ёсць і сёння. Сучаснікам цяжка нават уявіць умовы, у якіх выжывалі яны не тыдзень, не месяц — годы. Не дзіўна, што такімі цярплівымі і мужнымі выраслі дзеці ваеннай і пасляваеннай пары.

 

ДЗЕ  НАРАДЗІЎСЯ — ТАМ  І  СПАТРЭБІЎСЯ

Пачатковую школу, чатыры класы, Яўген закончыў у Праходцы. Адзінаццаць — у Грабёнцы. Пасля два гады працаваў у калгасе імя Шчорса (Чарнава) на трактары ДТ — 54. У 1967 годзе калгас накіраваў юнака на вучобу ў Інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Закончыў яго Яўген у 1972 годзе і з дыпломам інжынера-механіка вярнуўся на працу ў родную гаспадарку.  Маладога здольнага спецыяліста  першы сакратар райкама партыі Уладзімір Іванавіч Ганчарык рэкамендаваў на пасаду дырэктара на той час саўгаса імя Мічурына. Разумеючы вялікую адказнасць, Яўген Іванавіч папрасіўся на вучобу. Скончыў з адзнакай «выдатна» курсы кіраўнікоў.

 

 ТАЛЕНТ КІРАЎНІКА

Абавязкі дырэктара пачаў выконваць  у  красавіку 1980 года. Гаспадарка дасталася не з лепшых. Кармоў не было, ураджайнасць — толькі 9 цэнтнераў з гектара, пагалоўе слабенькае.

Дапамаглі кіраўнікі раёна. Падтрымалі  маладога старшыню, далі старт, а далей — спраўляйся сам, апраўдай давер. Сялянскі хлопец разумеў, што галоўнае для гаспадаркі — жывёла. Яна дасць малако, пойдуць грошы. А жывёле патрэбны добрыя кармы. На іх і зрабілі стаўку ў гаспадарцы. Вынік — у 1982 годзе мелі ўжо плюс адну тону малака на карову. Атрымалі Усесаюзны пераходны Сцяг ВЦСПС. Зерневыя таксама пайшлі ўгору. Ураджайнасць — 41 цэнтнер з гектара, вал — 5 000 тон. Па 500 тон мяса здавалі на мясакамбінаты.У гаспадарку пайшлі грошы. Выраслі заробкі ў працаўнікоў. Пачалі будаваць жыллё. Такім чынам Яўген Іванавіч вяртаў дамоў моладзь, запрашаў на працу граматных спецыялістаў. Вёска Рудня вырасла ўдвая. У гаспадарцы працавала 500 чалавек. Кіраўнік ведаў кожнага: што турбуе, клапоціць чалавека. Жылі адной сям’ёй, дапамагалі і ў горы, і ў радасці. Падчас работы Яўгена Іванавіча былі пабудаваны Дом культуры, мехдвор, жывёлагадоўчыя будынкі і іншыя аб’екты. У калгасе (пераведзены ў гэты статус у 1986) урачыста праважалі юнакоў на службу ў войска.

— Дабрабыт працаўнікоў, — перакананы Яўген Іванавіч, — залежыць ад разумнай арганізацыі працы, дысцыпліны і правільнага, з  розумам і кемлівасцю, выкарыстання рэсурсаў. Усё гэта павінен забяспечыць кіраўнік. Узяўся за справу — выконвай яе годна, каб не было сорамна людзям у вочы глядзець. Ёсць грошы — восенню купі насенне, паліва для трактароў і машын, угнаенні. Паралельна шукай шляхі збыту прадукцыі, набывай трывалыя сувязі з іншымі кіраўнікамі. Галоўнае — ніколі не падманвай і заўсёды трымай слова. Вось мой дэвіз па жыцці. Канешне, важная складаючая — каманда спецыялістаў. Граматныя, умелыя людзі начале падраздзяленняў гаспадаркі — поспех кіраўніка.

 

ВЕРШАВАНАЕ ПАЖАДАННЕ

Аб удзячнасці землякоў, калег, кіраўнікоў іншых прадпрыемстваў, з якімі падтрымліваў дзелавыя сувязі Яўген Іванавіч, сведчыць верш-віншаванне ад сталічных шэфскіх арганізацый на пяцідзесяцігоддзе.

Паўвека ў жыцці і палованад пожнямі,

З турботай аб хлебе ён ранкамі кожнымі.

І ношу сваю, нібы кран той «Іванавец«,

Усё цягне і цягне Яўгеній Іванавіч.

Жыццёвае сонца за поўдзень ужо жмурыцца,

А ён выглядае, як юны мічурынец.

Няхай і далей так, каб яблыкам спелым

Папінам салодкімшчака ружавела,

Хай дні пралятаюць вясёлымі знічкамі,

Хай дзеўкі цалуюць губамі сунічнымі,

Хай грошы ў кішэніяк з бункера зерне,

Хай шчасце з падворка нікуды не зверне.

Ураджаю такога Вам у гаспадарку,

Каб кожны зямляк, узнімаючы чарку,

Казаў: «Старшыня наш не меней, як геній! —

 Дык будзь жа здаровым, спадар наш Яўгеній!

Згадзіцеся/ толькі шчырыя пачуцці маглі выклікаць такое захапленне ў самабытнага паэта.

 

У СТАТУСЕ НАМЕСНІКА

Амаль дваццаць тры гады адпрацаваў у гаспадарцы Яўген Іванавіч Шыдлоўскі. У 2003 годзе запрасілі на пасаду намесніка генеральнага дырэктара «Минскплодовощхоз», пасля працаваў намеснікам дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ «Минскжелезобетон» . Пасля выхаду на пенсію яшчэ тры гады  ў роднай гаспадарцы намеснікам па ідэалагічнай рабоце.

 

ТРЫВОЖНЫ РОЗДУМ

З сумам і болем назірае Яўген Іванавіч за сённяшняй сітуацыяй у  гаспадарцы. Не можа зразумець, каму і для чаго спатрэбіўся эксперымент з «Крыніцай Ігуменшчыны», які не прынёс ні выратавання, ні паляпшэння становішча гаспадарцы і яе працаўнікам. Пасля далучэння да прыватнага прадпрыемства Смалявіцкага раёна, у Рудні цяпер толькі вытворчы участак, адна ферма, звялі на нішто зерневыя і кукурузу. Працуе толькі 80 чалавек.

 

ШЧАСЛІВЫ ТЫЛ

Жнівень вельмі значны месяц для сям’і Шыдлоўскіх не толькі Днём нараджэння галавы сямейства. Яшчэ тым, што 21 жніўня заключылі шлюб Яўген Іванавіч і Валянціна Мікалаеўна. Вось ужо 46 гадоў крочаць яны разам і падтрымліваюць адзін аднаго і ў горы, і ў радасці. Валянціна Мікалаеўна не толькі жонка кіраўніка, але і цудоўны паплечнік і дарадца. Яна працавала галоўным эканамістам гаспадаркі, дапамагала рэалізоўваць шматлікія планы мужа. Зараз яны таксама разам працуюць на прысядзібным участку, вырошчваюць гародніну і кветкі. Маюць пяцёра ўнукаў. Старэйшая Карына ў гэтым годзе стала студэнткай БДУ, паступіла на бюджэт. А самая маленькая ўнучка нядаўна нарадзілася. Жыццё бяжыць і вельмі хутка.

Яўген Іванавіч узнагароджаны медалём «За трудовые отличия» (1982), Граматай Савета Міністраў Беларусі (1997), мае шмат падзяк і грамат ад абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў.

Віншуючы юбіляра, ужываюць дзеясловы загаднага ладу: жывіце, радуйцеся, будзьце. Яны гучаць, як загад. А загады трэба выконваць. Паважаны Яўген Іванавіч, віншуем з юбілеем! Жывіце доўга, будзьце здаровы, радуйцеся поспехам унукаў, марце і здзяйсняйце!

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *