Умалотны колас «Новых Зелянкоў»

Аграрный сектор

Старшы камбайнер Дзмітрый Сергіеня і камбайнер Аляксандр Караткоў

У сярэднім па 45 цэнтнераў збожжа з гектара дае хлебная ніва ў сельскагаспадарчым вытворчым філіяле «Новыя Зелянкі» адкрытага акцыянернага таварыства «Мінскі малочны завод №1». На сёння гэта — самая высокая на Чэрвеньшчыне ўраджайнасць зерневых.
Лідары ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва — старшы камбайнер Дзмітрый Сергіеня і камбайнер Аляксандр Караткоў — перасягнулі паўтысячны рубеж намалоту без уліку рапсу.

Больш за ўсіх у гаспадарцы перавёз збожжа ад камбайнаў вадзіцель Аляксандр Семашкевіч

– У бізнес-план на сёлета закладвалі ўраджайнасць зерневых 42 цэнтнеры з гектара, – распавядае дырэктар гаспадаркі Уладзімір Лаўрык. – Тое, што атрымліваем больш, канешне ж, прыемна. Значыць, недарэмна выдаткоўвалі сродкі, напружвалі сілы.
Пакуль што ўбіраем ячмень ( 47 цэнтнераў з гектара) і азімую пшаніцу (44 цэнтнеры з гектара). Таксама разлічваем на высокі ўраджай трыцікале. Дзяржзаказ выканалі ўжо на 73 працэнты, рэалізаваўшы 430 тон збожжа.

Рэзервы для павышэння ўраджайнасці на наступныя гады яшчэ ёсць. Гэта – больш шчыльная гушчыня пасеваў і павелічэнне дозы іх падкормкі мінеральнымі ўгнаеннямі.
Камбайнавы парк гаспадаркі немалады: самаму новаму камбайну – 6 гадоў, старэйшым – дванаццаць-трынаццаць. Але, дзякуючы беражліваму стаўленню механізатараў да тэхнікі і стараннай працы інжынернай службы, вялікіх выдаткаў на іх рамонт не патрабуецца…

Дырэктар гаспадаркі Уладзімір Лаўрык

Як распавёў Уладзімір Лаўрык, зладжанасці на жніве спрыяе вопыт старшых камбайнераў Любаміра Сергіені, Дзмітрыя Сергіені, Уладзіміра Палянскага, Сяргея Ільючыка і Андрэя Красоўскага. Дзмітрый Калтовіч, які сёлета ўпершыню ўзначаліў экіпаж збожжаўборачнага камбайна, таксама хутка асвоіўся ў калектыве.

На адвозцы збожжа працуе пяць аўтамашын. Пры неабходнасці можна дадаткова задзейнічаць трактар з загерметызаваным прычэпам. Зернесушыльны комплекс “Амкадор” без праблем спраўляецца з немалым аб’ёмам збожжа, якое паступае з поля. Тым больш, што вільготнасць яго пераважна блізкая да нормы.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *