Уладар і кампанія

Общество

ДЗЬЯЧЭНКІ і ШЭМЕТЫ, КАПЫЛОВЫ і ГНУСІНЫ, БОГАЧ І БУСЕЛ — вось шэсць сем’яў, што ў мінулую нядзелю сабраліся ў лесапарку «Загор’е», каб паспрачацца за тытул пераможцы штогадовага раённага конкурсу «УЛАДАР СЯЛА». Шматлікія гледачы, прыгрэўшыся на ласкавым жнівеньскім сонейку, з задавальненнем, цікаўнасцю і азартам назіралі, як канкурсанты пілавалі дровы і закатвалі слоікі, запрагалі каня і гатавалі салаты, прышывалі гузікі, забівалі цвікі. Кожны гаспадар прыбыў на конкурс з асабістай дружнай і вясёлай кампаніяй — не толькі з жонкай і дзеткамі, але і з сябрамі, калегамі, некаторыя нават з цешчамі. І ўсе пры гэтым — яшчэ і з кіраўнікамі сваіх сельвыканкамаў. Тыя, было, што і «балелі» гарачэй і грамчэй за родных!..

Сям’я Дзьячэнкаў

Шэсць сем’яў на раённым «Уладары сяла-2017» прадстаўлялі шэсць сельсаветаў: Богачы — Лядзенскі, Бусел — Кліноцкі, Шэмет — Руднянскі, Дз’ячэнкі — Калодзежскі, Капыловы-Кароткія — Раваніцкі, Гнусіны — Смілавіцкі. Напачатку ўсіх чакала візітка: кожная сям’я са сцэны прадстаўляла сябе, свой побыт, інтарэсы, захапленні.

Гнусіны прызналіся, што даведаліся аб удзеле ў конкурсе… ў суботу вечарам: другая сям’я ў апошні момант не змагла паехаць. Вось усе ўпяцёх — мама, тата, два сыночкі і дачушка, — і пахваляваліся ночачку, прыдумваючы сваё выступленне!.. І ці ведаеце — атрымалася вельмі годна! А па-за кадрам засталася гісторыя пра тое, як Гнусіны, едучы ў лесапарк, заблукалі ды застралі ў нейкім бураломе, па калена у вадзе — але не здаліся, выбраліся і прыбылі на «Загор’е» своечасова!..

Мацвейка, Надзейка і Вікуля — дзеткі Анатоля і Насці Богачаў. Як сапраўдная каманда, яны з’явіліся адзетыя ў нешта наконт формы. Толькі ў таты з мамай яна была больш падагнаная пад пілаванне дроў ды запраганне коніка — шорты, майкі, кепкі, — а, напрыклад, малышак апранулі ў прыгожыя квяцістыя сукеначкі, так што яны сталі падобнымі самі на кветкі. Анатоль — механізатар у «Лядзенскім», дома цёпла і ўтульна, усё па гаспадарцы робяць разам і з любоўю адзін да аднаго.

У Аляксандра і Ірыны Дзьячэнкаў расце прыгажуня Карына, якая яшчэ і разумніца: добра вучыцца ў гімназіі! А за ёй ідуць тры няўрымслівыя і неўтаймоўныя маленькія непаседы: Цімоха, Федзя і Ягорка. У візітцы гледачы самі ўбачылі прыкладную карціну тыповай дзьячэнкаўскай раніцы: Карыну хлопцы будзяць дудкай, Ягор галосіць у калысцы, тата ў халаце мітусіцца па кухні, а мама нярвовымі перабежкамі рухаецца паміж кашай, прасам і мыццём бялізны. Усё гэта, канешне, жарты: на самой справе вясёлыя і цярплівыя бацькі Дзьячэнкі паспяваюць спраўляцца са ўсімі хатнімі справамі і за дзеткамі добра даглядаюць, вучаць паважаць старэйшых, трымацца сямейных традыцый. Аляксандр паміж працай і сям’ёй схітраецца яшчэ і ў грыбы схадзіць, і з вудай пасядзець — якое яшчэ шчасце патрэбна мужчыне? Усё ў яго ёсць!

Сям’я Бусел, як і Дзьячэнкі, ужо ўдзельнічала ва «Уладары» колькі гадоў таму. Спакойная, спагадлівая матуля Таццяна і такі ж спакойны, працавіты татка Андрэй прыцягваюць да сябе ўвагу сваім гонарам за дзяцей: Алену, Лёшу і Ангеліну. Кожны крок наперад, кожнае маленькае дасягненне малодшых «буслянятак» радуе бацькоў. Узаемаразуменне і любоў, спагада, клопат адзін аб адным і асабісты станоўчы прыклад бацькоў — вось якія асноўныя свае рысы пералічыла са сцэны гэта сям’я.

А вось Шэметам каб саміх толькі дзяцей пералічыць, патрэбна некалькі дадатковых хвілін. Уладзіслаў, Аліна, Алена, Дзмітрый, Анастасія, Арцём, Лізавета — з сямі меньшанькіх сэрцайкаў і двух вялікіх — татавага і матулінага, — складаецца гэта сям’я. Вялікая і шчырая любоў да родных, да зямлі і да Бога кіруе сярод Шэметаў. Можа падацца — ой, ну як жа гэты гаспадар з гэтымі дзецьмі спраўляецца, як ён на іх усіх зарабляе, шкада мужыка!.. А ён са сцэны, перад усім светам кажа сваёй жонцы іншае, чаго некаму, можа, і не зразумець: «Дзякуй табе, мая любая, за тое, што ты ў мяне ёсць, і за тое, што ты зрабіла маё жыццё прыгожым!..»

Капыловы-Кароткія не так даўно пераехалі на Беларусь з Украіны. Нягледзячы на тое, што яны не ведаюць беларускай мовы, імкнуліся выступаць менавіта на ёй — прывыклі, што дзяржаўная мова павінна прысутнічаць усюды, і хочаш-не хочаш, а паважай, вучы, размаўляй. Таму вельмі кранальна выглядалі хлопчыкі, старанна распавядаўшыя: «Наш тата працуе в калгасе!..» Шустрая, няўрымслівая Святлана і спакойны, ураўнаважаны Андрэй вельмі дапаўняюць адзін аднаго, складаючы нібы адзінае цэлае. А побач з імі падрастаюць два цудоўныя хлопчыкі. Разам адпачываюць, гатуюць шашлыкі, разам робяць урокі, працуюць на сядзібе і займаюцца добраўпарадкаваннем хаты.

Выступленні канкурсантаў ацэньвала журы. Кожны ў ім быў усім харошы — уважлівы, вопытны, справядлівы, ды толькі вось шкада — адны жанчыны! Нават гледачы выказваліся: «Мужыкоў хоць трохі трэба ў журы! Каб у наступны раз запрасілі абавязкова, а то быццам іх у нас і няма!..» Журы, кабеткі мілыя, даражэнькія, ці чулі?! Народ патрабуе!..

Пасля візіткі быў адзін з любімых момантаў для ўсёй публікі. А менавіта — можна было паспытаць розныя смачныя стравы, якія выставілі на чарговы конкурс сем’і-ўдзельніцы. Чаго тут толькі не было! Прыхільнікі выпечкі па вушы перапэцкаліся крэмам і мёдам; мясаеды ўпляталі за абедзьве шчакі смажаных курэй. Хтосьці насіўся па лесе з запечанай рыбай, сумляваючыся, ці прыгожа есці, седзячы прама перад сцэнай. Самыя да-лікатныя і сціплыя — і тыя паспрабавалі па маленькаму кавалачку, а потым яшчэ па кавалачку, ды па блінчыку, ды па пячэньцы… Паралельна з шэдэўрамі кухні была яшчэ выстава рукадзелля і сямейныя насценныя газеты. Але, канешне, на іх звярталі ўвагу… крышачку меней!.. Ну, а калі ўсе жадаючыя падсілкаваліся, прыйшоў час брацца за… дровы. А што ж вы думалі? Кожнаму гаспадару ў рукі пілу, на казлы — бярвенца, жонка з другога боку — і наперад! Пілуем, сячом, складаем. Вжык-вжык! «Не спяшайся!» «Тупая піла!..» «Сукаватыя паленні!..» «Ты што, ніколі дроў не пілавала?!» «Цягай, цягай хутчэй да сябе!..» «Фатограф, адскочце: сякерай палучыце!..» «Квадратам, квадратам бярвенні кладзі!..» «Падымай руку, мы — усё!»

У дваццаць першым стагоддзі, ды ў цэнтры Еўропы, ды ў аграгарадку — мо, сапраўды, і не кожны ведае, як тыя дровы ручной пілой агораць. Зараз жа газ. Зараз жа абслугоўванне. Тэхніка, зноў такі. Але такая ўжо традыцыя — пілой, нібы прадзед з прабабкай на хутары. Нічога, усе справіліся!

Дарэчы, і запраганне каня не такое ўжо зараз папулярнае на вёсцы. Зараз жа трактары. Матаблокі. Міні-плужкі. Невядома, адкуль тыя сучасныя маладыя вясковыя хлопцы ведаюць, з якого боку падысці да каня. Але ж ведаюць! А хто сумняваецца — таму гаспадар коніка нешта хуценька нашапоча на вуха, каб журы не чула. Вось ужо і няма сумненняў: конь бяжыць зацугляны, аж падскоквае! Малайцы ўдзельнікі, і з гэтым іспытам справіліся добра! Конік пасля адпачынку — так, крыху давялося прыналегчы рыссю, — будзе ледзь не да вечара катаць дзяцей. Яны ж таксама каня рэдка бачаць, а тут такая магчымасць — бясплатныя пакатушкі! Набіваецца малых на падводу, як у бочку селядцоў, і колькі б не ездзілі, колькасць «селядцоў» не змяншаецца.

Апошні конкурс — «мульцігаспадарскі»: назабіваць цвікоў у дошкі, напрышываць гузікаў, накатаць кампоту з яблыкаў, нацягаць вады, накрышыць салаты. Прычым, яшчэ і ролямі памяняцца трэба. Жонка — швяя-матарыстка шостага разраду? Добра, ідзі забівай цвікі. Муж скончыў будаўнічы ліцэй? Цудоўна, міласці просім гузічак прышпандорыць! А потым і слоічак з закатачнай машынкай і яблычкамі цябе, мілок, чакае. Як маглі, дапамагалі і дзеткі — то вады падаць, то слоік патрымаць, то хвосцік ад перцу адарваць. Асабліва ўсіх “замімімішыла” малая Богачаў: як разліў татка вадзічку, сама ўхапіла анучку і давай са стала выціраць! Сур’ёзна так, з адказнасцю, з веданнем справы!.. «Адразу відаць — расце сапраўдная гаспадыня», — зрабілі вывад гледачы.

…І вось, нарэшце, нялёгкія і адначасова вясёлыя іспыты скончаны. «Уладар сяла» завяршаецца. Ні адна сям’я не засталася без падарунка. Кожную прызналі пераможцай у адной з намінацый. «Самая творчая сям’я» — Гнусіны, Смілавіцкі сельсавет. «Самая дружная сям’я» — Шэмет, Руднянскі сельсавет. «Самая гасцёўная сям’я» — Богач, Лядзенскі сельсавет. «Самая гаспадарлівая сям’я» — Бусел, Кліноцкі сельсавет. «Самая вынаходлівая сям’я» — Капыловы-Кароткія, Раваніцкі сельсавет. Тытул «Уладар сяла-2017» Чэрвеньскага раёна атрымала сям’я Дзьячэнкаў. Прызы забяспечылі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў АПК, аддзел адукацыі, спорту і турызму, раённая арганізацыя «Беларускі саюз жанчын», ААТ «Люкстэхніка», ААТ «Пухавічыгандаль», раённае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Акрамя ўсяго, па галасаванню, а дакладней — проста па громкім галасам, свісту, піску і грукату апладысментаў быў абраны ўладальнік «Прыза сімпатый гледачоў». Гучней за ўсіх віталі Дзьячэнкаў. Заснавальнік прыза — дырэктар магазіна «Узбекскія рады», — уручыў яго прама на сцэне. Каму цікава, ці, як пыталася, бывала, мая бабуля: «Дык а што ж ім давалі?» «Давалі» ўдзельнікам конкурсу наборы посуду, коўдры, пасцельную бялізну, пераможцам — электрамясарубку. А ўсім гледачам і прысутным давалі добры настрой, пазітыўныя эмоцыі і сонечнае надвор’е. Такое зараз таксама, згадзіцеся, яшчэ пашукаць!..

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *