Уключыце бліжняе святло фар!

Общество

З 25 жніўня да 5 верасня Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Увагадзеці!». У гэты перыяд, згодна з Правіламі дарожнага руху, вадзіцелі абавязаны ўключаць на транспартных сродках бліжняе святло фар пры руху ў светлы час сутак.

З пачатку года на Міншчыне зарэгістравана 32 дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам непаўналетніх, у выніку якіх двое дзяцей загінулі і 34 атрымалі траўмы. На тэрыторыі Чэрвеньскага раёна сёлета ў двух падобных здарэннях адно дзіця загінула і адно траўміравана.

Сярод памылак непаўналетніх пешаходаў, якія сталі прычынамі трагедый — пераход праз праезную частку па-за пешаходным пераходам, нечаканы выхад з-за транспартнага сродку або іншых перашкод, якія абмяжоўваюць агляднасць вадзіцелю, а таксама знаходжанне на праезнай частцы без суправаджэння дарослых.

Акрамя таго, праблемай застаюцца наезды на пешаходаў на пешаходных пераходах. Зусім нядаўна такое здарэнне адбылося ў нашым раёне.

18 жніўня каля 20 гадзін 44 хвілін вадзіцель, кіруючы аўтамабілем «Таёта», пры руху па левай паласе шашы М4 «Мінск-Магілёў» на 57 кіламетры здзейсніў наезд на дзяўчынку 2009 года нараджэння, якая пераходзіла дарогу па пазначанаму наземнаму пешаходнаму пераходзе. У выніку дзіця ад атрыманых траўмаў загінула на месцы здарэння.

Памятаць аб Правілах дарожнага руху і быць уважлівымі павінны не толькі дзеці, але і іх бацькі. Бо, часам, менавіта дарослыя ствараюць небяспечныя сітуацыі. У гэтых выпадках пакутуюць дзеці-пасажыры.

Варта нагадаць, што перавозка дзяцей у легкавым аўтамабілі, абсталяваным рамянямі бяспекі, павінна ажыццяўляцца з выкарыстаннем:

дзіцячых утрымліваючых прылад, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, — ва ўзросце да пяці гадоў;

дзіцячых утрымліваючых прылад, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, іншых сродкаў (бустэраў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядзенняў), якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі, прадугледжаных канструкцыяй транспартнага сродку, — ва ўзросце ад пяці да дванаццаці гадоў.

Дапускаецца перавозіць дзяцей ва ўзросце да дванаццаці гадоў без выкарыстання названых прылад у выпадку, калі рост дзіцяці перавышае 150 сантыметраў, а таксама ў аўтамабілі-таксі.

Забараняецца перавозка дзяцей на пярэднім сядзенні легкавога аўтамабіля з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых прылад, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, спінка якіх разгорнута да лабавога шкла транспартнага сродку, калі пярэдняе сядзенне мае падушку бяспекі, за выключэннем выпадку, калі механізм франтальнай падушкі бяспекі адключаны.

За парушэнне правілаў перавозкі дзяцей дзеючае заканадаўства прадугледжвае ў дачыненні да вадзіцеля накладанне адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры да 4 базавых велічынь.

Да непрыемнасцяў таксама прыводзіць знаходжанне на дарогах агульнага карыстання дзяцей-веласіпедыстаў да 14-гадовага ўзросту без суправаджэння дарослых і кіраванне непаўналетнімі, якія не маюць правоў, транспартнымі сродкамі.

У выпадку выяўлення супрацоўнікамі міліцыі фактаў парушэння Правілаў дарожнага руху непаўналетнімі, у дачыненні да бацькоў могуць быць складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.

Паважаныя бацькі! Вам неабходна прыняць усе меры, каб не дапусціць няшчасных выпадкаў з дзецьмі! Будзьце ім прыкладам на дарозе! Не пакідайце іх без нагляду. Святловяртальныя элементы на вопратцы, абутку — усё гэта дапаможа вадзіцелю загадзя звярнуць на дзіця ўвагу, а значыць, ён будзе мець магчымасць прыняць меры для тармажэння або экстранага спынення

Асаблівая тэма — мабільныя тэлефоны і навушнікі. Дамажыцеся таго, каб дзіця, знаходзячыся паблізу або на праезнай частцы, не размаўляла па тэлефоне і не слухала музыку ў навушніках, бо гэта адцягвае яго ўвагу. І, вядома ж, часцей нагадвайце дзецям, як паводзіць сябе на дарозе і ў транспарце!

Аляксандр МАНУЛІК, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ Чэрвеньскага РАУС



1 комментарий по теме “Уключыце бліжняе святло фар!

  1. Я так вообще считаю, что надо ездить всегда со светом, как в Европе. Сразу уменьшиться число ДТП

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *