У літаратурным занятку ён чэрпаў сілы

Люди и судьбы

НАРАДЗІЎСЯ Ў БАБРУЙСКУ, ЖЫЎ У СМІЛАВІЧАХ

У панядзелак споўнілася 80 гадоў  з дня нараджэння пісьменніка Эдуарда Сігізмундавіча Ярашэвіча.

Нарадзіўся ён 28 жніўня 1937 года ў Бабруйску. Потым сям”я пераехала ў Смілавічы.

Пачынаючы са школьных гадоў і да апошняга подыху, жыццё Эдуарда праходзіла ў нявялікім доміку па вуліцы Камсамольскай. Тут ён набыў аўтарытэт і слыннасць.

 

НЕ СХІЛІЎСЯ ПЕРАД ЦЯЖКАСЦЯМІ

Так сталася, что напрыканцы вучобы ў школе яго прыкавала да ложка цяжкая хвароба. Не на дзень, не на два, на ўсе астатнія гады.

Хвароба падкасіла фізічна, але не зламала дух Эдуарда. Ён змог напоўніць жыццё сэнсам і зместам, не здаўшыся воле лёсу. Узяўся за пяро, пачаў пісаць вершы, апавяданні, аповесці.

 

ПРА ЯГО Я ПАЧУЎ СТУДЭНТАМ

Упершыню пра Эдуарда Ярашэвіча, як пісьменніка, я пачуў  дзесьці ў 1966 годзе, будучы студэнтам БДУ імя Леніна. Вывучаў паглыблена нямецкую мову ў спецыяльнай групе. На занятку па хуткаму перакладу без слоўніка з нямецкага ўзніклі цяжкасці. Не ведаў сутнасць дзейнасці аднаго вядомага па тым часе дырыжора, таму не змог закончыць пераклад артыкула. Выкладчык Эльвіра Рыгораўна Бронская растлумачыла пытанне і зацікаўлена спытала: “А з Эдуардам Ярашэвічам Вы знаёмыя? Ці не Ваш ён сваяк?” У адказ прагучала маё ціхае “Naеn”. Яна была вялікім інтэлектуалам, вучыла нас мове адначасова з інфармаваннем аб дасягненнях мастацтва, навукі, тэхнікі, знакамітых людзях не толькі СССР, але і замежжа. На чарговы занятак прынесла газету з творам Эдуарда Ярашэвіча. Да гэтага моманту я ўжо ведаў пра яго як чалавека, узяўшага прыклад з пісьменніка Мікалая Астроўскага. З задавальненнем прачытаў яго твор і хуценька лёгка пераклаў на нямецкую мову. Тады я нават ўявіць не мог, што траплю працаваць ў Смілавічы і асабіста пазнаёмлюся з пісьменнікам.

 

ЯНЫ БЫЛІ СЯБРАМІ

Пэўны час, для падзаробку, я выкладаў нямецкую мову ў Смілавіцкай вячэрняй сярэдняй школе. Яе дырэктар Цімафей Піліпавіч Лявіцкі аднойчы і пазнаёміў мяне з Эдзікам, як тады ўсе яго звалі.

 Яны былі вялікімі сапраўднымі сябрамі. Сёння шмат хто называе сябе ў такой якасці, хаця і не меў з ім блізкіх стасункаў.

Цімафей Піліпавіч наведваў Эдзіка амаль штодзённа: не толькі згуляць партыю ў шахматы, паразмаўляць, але і вырашыць надзённыя пытанні яго жыцця.

Самавіта і ярка апавядаў пасялковыя навіны, пра людзей. Менавіта такія адносіны паміж імі запомніліся мне.

Невыпадкова звяртаю ўвагу на асобу Цімафея Піліпавіча Лявіцкага. Ён адыграў рашаючую ролю ў творчасці Эдуарда Ярашэвіча. Менавіта Лявіцкі параіў, натхніў яго да пісьменніцкай справы як апоры паўнавартаснага жыцця на прыкладзе рускага пісьменніка Мікалая Астроўскага.

Нельга разглядаць творчасць Эдуарда Ярашэвіча без уплыву Цімафея Піліпавіча Лявіцкага. Ён быў філолагам па адукацыі, добра ведаў беларускую і рускую літаратуру, народны гумар, сам валодаў пяром. У гады Вялікай Айчыннай вайны служыў памочнікам начальніка франтавога ваеннага шпіталя. Начамі запісваў успаміны пра суседнюю са Смілавічамі родную яму Дукору, дарагія сэрцу рэкі Свіслач і Волму. Запісы даслаў Міхаілу Шолахаву на рэцэнзію. Ад яго атрымаў вельмі станоўчы і падрабязны адказ. Шырока вядомы пісьменнік ухваліў Лявіцкага і параіў надрукаваць рукапіс пасля перагляду асобных старонак. Я чытаў гэтую шолахаўскую рэцензію. Праз шмат гадоў гэтага вельмі паважанага мною чалавека не стала. У мэтах ўшанавання яго памяці хацеў надрукаваць яго запісы. На жаль, рукапісы згубіліся. Вось які чалавек прымаў непасрэдны ўдзел у творчасці Эдуарда Ярашэвіча, у станаўленні яго як пісьменніка, а не пазнейшыя літаратурныя кансультанты.

Цімафей Піліпавіч Лявіцкі правіў напісанае Эдуардам не толькі як настаўнік, але з”яўляўся і стыль-рэдактарам. Менавіта такі іх занятак я назіраў пры першым наведванні пісьменніка.  Даводзілася бачыць адпаведную працу Лявіцкага і дома, і ў школе. Аб гэтым не пісалася ў друку, таму вобраз творцы спалучаю з постаццю былога дырэктара вячэрняй школы. На маю думку, аб”ектыўна маюцца для гэтага падставы.

 

БІБЛІЯГРАФІЯ ТВОРАЎ

Друкавацца Эдуард Ярашэвіч пачаў з 1956 года. Тады з-пад яго пяра выйшла першае гумарыстычнае апавяданне “Хто круціць, той і мае”. У ім выведзены вобраз вёрткага чалавека, які кіруецца ў жыцці прынцыпам “Круці — будзеш мець”. З падобнымі тыпамі “прабітных” людзей, якія дзейнічаюць для ўласнай выгады, імкнуцца да кар”еры, мы сустракаемся і ў напісаных пад уплывах Лявіцкага апавяданнях, якія ў 1969 годзе выйшлі асобнай кніжкай “Вішанькі Восіпа Міхеевіча” у бібліятэцы “Вожык”. Яна атрымала шырокі водгук у тагачасных чытачоў.

Малыя літаратурныя формы з”явіліся падрыхтоўчым этапам для больш буйных палотнаў — аповесцяў. Ужо ў тым жа 1969 годзе выдавецтва “Беларусь” выпусціла кнігу Эдуарда Ярашэвіча, куды ўвайшла аповесць “Сцены свайго дома” і тры апавяданні. Галоўны герой твора  Раман пераконваецца, што людзі не даруюць хцівасці, ашуканства. Калі ад Рамана адвярнуліся нават блізкія, ён задумваецца над сваімі ўчынкамі. Стаць на правільны шлях, пачаць сумленнае жыццё дапамагаюць яму сцены роднага дома — маці, брат, любімая дзяўчына Валя, даўнія школьныя сябры.

Моладзь з”яўляецца галоўным героем і ў наступных творах Эдуарда Ярашэвіча — аповесцей “Дзень далёкі і блізкі”, “Летняя практыка ў Вербічах”. У іх аўтар закранае праблемы маральна-этычных адносін паміж маладымі людзьмі, паказвае станаўленне іх характараў, шлях да грамадзянскай сталасці.

Выдадзены кнігі Эдуарда Ярашэвіча “Прызнанне” (1969 г.), “Дзень далёкі і блізкі” (1973 г.), “Практыка ў Вербічах” (1975 г.), “Белыя лугі” (1978 г.), “Пражыць дзень” (1983 г.). У маскоўскім выдавецтве ў 1978 годзе выйшла кніжка “Свет имени твоего”. Ужо пасля яго смерці, у 1987 годзе, пабачыла свет у выглядзе асобнай кніжкі аповесць “Чакаю цябе, раніца”. Улічваючы стан яго здароўя — вельмі шмат.

У сваіх творах Ярашэвіч асвятляў праблемы сучаснасці, духоўнасці чалавека, стаўлення людзей да рэлігіі, вобраз простага працаўніка, гераізм савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Мне вельмі падабаецца яго кніга “Белыя лугі”. У самой назве захоўваецца глыбокае веданне роднай прыроды. Тонкі лірык, Ярашэвіч у старадрэвінах парка Ваньковічаў у Смілавічах і Паненскага берага бачыў такія нюансы, якія непадуладна асэнсаваць іншым. У тоўстых паўгнілых вербах, якія давалі парасткі, уяўлялася яму філасофская выснова барацьбы за жыццё.

Нельга не адзначыць добрую мову твораў, выкарыстанне народнага фальклору. Таму і сёння чытаецца напісанае  лёгка і запамінальна. Няма груваздкіх сказаў, незразумелых слоў, чым грашаць некаторыя нашы сучаснікі-творцы. Вобразы герояў яркія, надзеленыя цеплынёю пачуццяў, спачування, увагі. Прырода — жыватворная. Кампазіцыя простая — паступова вядзе чытача да заканчэння.

 

ДЗВЕРЫ ЯГО ДОМА НЕ ЗАЧЫНЯЛІСЯ

Напярэдадні знаёмства з Эдуардам Ярашэвічам я ўяўляў яго кволым, са скаргамі на хваробу. Ён жа ўразіў мяне аптымізмам,  бадзёрасцю, гумарам, прагай да навін, планамі ў творчасці, веданнем рэчаіснасці. Шмат распытваў пра Смілавіцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №23 (сучасны ліцэй): маўляў, выкладчыкі і навучэнцы стануць героямі яго апавяданняў. Менавіта такім запомніўся ён мне чалавекам і пісьменнікам.

Дзверы яго дома не зачыняліся — людзі ішлі сюды за парадай, а часам і дапамогай. Як пісьменнік, Ярашэвіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Аўтарытэтна звяртаўся ва ўладныя ўстановы для вырашэння жыццёва важных праблем жыхароў смілавіцкага рэгіёна. Падтрымлівалі яго і людзі, таму не адчуваў сябе адзінокім. Дзмітрый Андрэевіч Аўраменка, які ў дзяцінстве  жыў на адной вуліцы з ім, сведчыць: “Мы бегалі да яго штосьці зрабіць, а ён адорваў нас цукеркамі”.

 

І ЦЯПЕР НІБЫТА ВІТАЕ ЗЕМЛЯКОЎ

Памёр Эдуард Ярашэвіч 6 кастрычніка 1986 года. Пахаваны на смілавіцкіх могілках па вуліцы Савецкай. Яго магіла навідавоку, з самага краю. І здаецца, нібыта з мармуровага помніка Эдуард вітае  пасялкоўцаў, якія накіроўваюцца ў МІнск, у Нацыянальны аэрапорт, і сустракае, калі вяртаюцца. Як і пры жыцці, ён зычыць ім добрае.

…Прайшоўся па вуліцы Камсамольскай, папрыгажэла яна значна. На ёй нібыта прысутнічае дух Эдуарда Ярашэвіча. Неаднаразова уздымалася пытанне аб перайменаванні вуліцы ў гонар пісьменніка, усталяванні мемарыяльнай Дошкі на доме, дзе ён жыў і тварыў. Патрэбна ўладам, нарэшце, вырашыць гэта. Неблага было б у адной з мясцовых школ стварыць музейны куток. Я буду турбаваць Саюз пісьменнікаў Беларусі аб выданні грунтоўнага зборніка твораў Эдуарда Ярашэвіча.

Іван ЯРАШЭВІЧ, пісьменнік

 



1 комментарий по теме “У літаратурным занятку ён чэрпаў сілы

  1. Некалі, у пачатку 70-х гадоў, наведаў Эдуарда Ярашэвіча ў яго доме. Сустрэў мяне вельмі гасцінна, нават прапанаваў выпіць крыху гарэлачкі. Я ў той час працаваў глебазнаўцам , ездзіў па гаспадарках Беларусі, вывучаў глебы. Эдуард усё распытваў мяне аб жыцці на вёсцы, і на развітанне падарыў адну з сваіх кніжак. Добры быў чалавек! Вечная памяць яму!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *