Ларыса Асановіч: “Школы гатовыя да навучальнага года”

Общество

Ларыса АСАНОВІЧ, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:

— Падпісаны пашпарты гатоўнасці ўсіх 36 аб’ектаў адукацыі раёна: 15-ці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 13-ці — дашкольнай адукацыі, 3-х — дадатковай адукацыі, цэнтра  сацыяльна-педагагічнай дапамогі і цэнтра карэкцыйнага развіцця дзіцяці. З 9 па 11 жніўня працавала камісія, у складзе якой былі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, санітарнай службы, энерганагляду, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якая абследавала аб’екты адукацыі на прадмет гатоўнасці да новага навучальнага года.

Усюды праведзены касметычныя рамонты за кошт пазабюджэтных сродкаў і сродкаў, выдаткаваных аблвыканкамам на выкананне работ гаспадарчым спосабам, набыта мэбля, камп’ютарны клас у Руднянскі дзіцячы сад-сярэднюю школу.

Праведзена цеплавая мадэрнізацыя будынка Раваніцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы і замена даху за сродкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця, у выніку чаго расходавана больш за 250000 рублёў. За кошт гэтага палепшыцца тэмпературны рэжым у будынку ў ацяпляльны сезон. Мяркуем, што той комплекс мерапрыемстваў, які ёсць у нас па праграме мадэрнізацыі адукацыі, да пачатку вучэбнага года выканаем. У гэтай школе з’явяцца новыя вучэбныя кабінеты, з сучасным абсталяваннем: гэта кабінеты хіміі, інфарматыкі і фізікі.

Адзначу плённую работу па падрыхтоўцы да новага навучальнага года калектываў: СШ №3 г.Чэрвеня, гімназіі №1 ім. У.А.Караля, СШ №1 г.п.Смілавічы, дашкольных устаноў №1 і №2 г.п.Смілавічы, дашкольнай установы №6 г.Чэрвеня, Хутарскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, Раванічскага дзіцячага сада-сярэдняй школы і Лядзенскага дзіцячага сада- сярэдняй школы.

Праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванню тэрыторый устаноў адукацыі. Ператварыліся тэрыторыі СШ №4 і СШ №2 г.Чэрвеня, гімназіі №1. Планы ёсць у кожнага кіраўніка, таму работа ў гэтым накірунку будзе працягвацца.

Што тычыцца вучэбных праграм, пакуль нічога новага не ўкараняецца. Толькі зноў паўстала пытанне пераходу на пяцібальную сістэму ацэнкі ведаў вучняў і ўвядзенне абавязковай сярэдняй адукацыі. Плануецца абмеркаваць гэта на дзяржаўным узроўні на Рэспубліканскай педагагічнай нарадзе з удзелам Прэзідэнта краіны.

У новым навучальным годзе працягнецца работа па профільнаму навучанню. У нас складваецца добрая традыцыя ў раёне: другі год у СШ №2 г.Чэрвеня будзе працаваць профільны педагагічны клас. Набіраецца ў новым навучальным годзе другая такая група вучняў. Гэта — будучыя педагогі, тыя, хто будзе паступаць на педагагічныя спецыяльнасці. Для іх прадугледжаны  пэўныя ільготы. Прадоўжыцца работа па дапрофільнай падрыхтоўцы на ўзроўні базавай адукацыі. У гэтым плане ў нас наладжаны кантакты з сярэднімі спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі раёна: будаўнічым ліцэем г.Чэрвеня і сельскагаспадарчым ліцэем г.п. Смілавічы (кухарская справа). Падпісаны дагаворы з гэтымі ўстановамі аб тым, што ў шосты навучальны дзень (субота) навучэнцы школ будуць атрымліваць практычныя навыкі па абранай прафесіі. Калі і не стануць гэтыя набытыя веды прафесіяй, то ў жыцці абавязкова спатрэбяцца і дзяўчатам, і хлопцам.

Усе школы поўнасцю ўкамплектаваны падручнікамі і разнастайнымі вучэбнымі дапаможнікамі. Першага верасня 3121 вучань сядзе за парты, з іх  338 першакласнікаў.  Па два першыя класы ўкамплектаваны ў дзвюх Смілавіцкіх школах.

Зараз упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама праводзяцца выплаты аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да новага навучальнага года шматдзетным сем’ям, якія маюць трох і болей дзяцей: на кожнага школьніка — 45 рублёў. 

У раёне няма праблемы забеспячэння дашкольным выхаваннем усіх жадаючых. Усе запыты бацькоў, якія сёння ёсць, задавальняюцца. Мы ўлічваем іх пажаданні і наконт установы, у якую бацькі будуць вадзіць дзяцей. Для дзяцей, якім неабходна спецыялізаванае выхаванне, працуюць  адпаведныя групы і спецыялісты ў дзіцячым садку №1 г.Чэрвеня. Дзіцячы садок №5 працуе як санаторны.

Няма зараз і кадравай праблемы. Сёлета да нас прыехалі 65 маладых спецыялістаў. Прыемна, што 23 з іх — ураджэнцы Чэрвеньшчыны. Усе вакансіі да першага верасня будуць занятыя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *