У рытмах святочнага горада: Червень адзначыў 630-годдзе

Общество

Мінулай нядзеляй на галоўнай плошчы Чэрвеня разгарнулася маштабнае тэатралізаванае дзейства. Гасцямі свята сталі жыхары і госці горада, ганаровыя грамадзяне Чэрвеньскага раёна, ветэраны, прадстаўнікі працоўных калектываў, раённай адміністрацыі, дэпутацкага корпусу, грамадскіх арганізацый, духавенства, дэлегаты з Расіі — з Наўгародскай і Маскоўскай абласцей.

— Беларусь моцная малой Радзімай, захаваннем і шанаваннем традыцый, гістарычным мінулым, упэўненым імкненнем у будучыню, — адзначыў у прывітальным слове старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Андрэй ЗУБАР. — 630 гадоў — велізарны шлях. Шматвяковая гісторыя горада багатая на падзеі і таленавітых людзей. Нам дадзена магчымасць працягнуць слаўныя традыцыі мінулых пакаленняў. Сёння Чэрвень — сучасны горад унікальнай прыгажосці, самабытны і непаўторны. Усё, чым ён знакаміты, заслуга многіх пакаленняў. Дзень нараджэння горада — гэта свята ветэранаў вайны і ветэранаў працы, ініцыятыўных, таленавітых і мэтанакіраваных людзей, якія памнажаюць славу Чэрвеньскай зямлі, свята маладых, якія пераймаюць эстафету адказнасці за лёс малой Радзімы. Шчыра жадаю гораду далейшага развіцця і квітнення, цікавых інавацыйных прапаноў, стварэння новых вытворчасцяў. А вам, дарагія землякі, моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, шчасця і дастатку. Няхай у вашым жыцці кожны наступны дзень будзе лепшым за папярэдні!

З юбілеем горад павіншавалі старшыня Праўлення Мінскага абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў Валерый МАРЫНІЧАЎ, дэпутат гарадской акругі горада Каралёў Вольга ВОЛКАВА і намеснік кіраўніка — начальнік упраўлення эканамічнага развіцця сельскай гаспадаркі і прыродакарыстання адміністрацыі Парфінскага муніцыпальнага раёна Людміла ІВАНОВА.

— Чэрвень і Каралёў маюць шматгадовую гісторыю сяброўства і супрацоўніцтва, — зазначыла Вольга Волкава. — Больш за дзесяцігоддзе, як між нашымі гарадамі склаліся брацкія і цёплыя ўзаемаадносіны. Дваццаць гадоў таму быў падпісаны дагавор паміж Расіяй і Беларуссю аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Гэта даказала, што ў цяжкія гады і ў святочныя дні нашы краіны стаяць плячо да пляча і падтрымліваюць адна адну. Мы нарошчваем узаемадзеянне не толькі ў гандлёвай сферы, але і ў галіне асваення навукова-тэхнічнага прагрэсу. Каралёў — буйны навукаград Расійскай Федэрацыі, наш горад мае велізарны кадравы і навукова-тэхнічны патэнцыял для далейшага мірнага асваення космасу.

У падарунак Чэрвеню з Каралёва прывезлі макет ракеты, якая адпраўляе на міжнародную касмічную станцыю касманаўтаў. Ён створаны на найбуйнейшым расійскім касмічным прадпрыемстве «Энергія».

Сярод ганаровых гасцей свята прысутнічалі Валянціна Эдуардаўна НАВІЦКАЯ, маці трэцяга беларускага касманаўта, ураджэнца Чэрвеня Алега НАВІЦКАГА, і неаднаразовая прызёрка і чэмпіён Паралімпійскіх гульняў Людміла ВАЛЧОК.

Тэатралізаванае прадстаўленне, якое разгарнулася на плошчы Свабоды, ахапіла асноўныя этапы станаўлення і развіцця Чэрвеня. Так, 28 красавіка 1387 года князь Вялікага Княства Літоўскага і кароль Польшчы Ягайла спецыяльным прывілеем перадае брату Скіргайлу ўладанні на Беларусі.

Гэта першыя пісьмовыя згадкі пра Ігумен. 3 мая 1795 года мястэчка набывае статус горада і павятовага цэнтра Мінскай губерні, а праз год — атрымлівае герб: у блакітным полі сярэбраны куст кветак, які акружаюць пяць залатых пчол. Традыцыі пчалярства і бортніцтва і сёння падтрымліваюцца на Чэрвеньшчыне.

Кастрычніцкая рэвалюцыя і ўсталяванне савецкай улады, Вялікая Айчынная вайна і Перамога, мірная стваральная праца — на плошчы горада хутка змяняліся падзеі найноўшай гісторыі горада і краіны.

На дзень народзінаў Чэрвеня калектывы ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай сферы вырабілі гіганцкія віншавальныя паштоўкі, а кандытары райспажыўтаварыства падаравалі гораду вялікі імянінны торт.

 

Святочная праграма на тэатралізаваным дзействе не заканчвалася: жыхары і госці Чэрвеня, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, накіроўваліся на арт-праспект па вуліцы К.Маркса і да тэматычных пляцовак у скверы на плошчы Свабоды. У дванаццатай гадзіне пачаліся святочныя гулянні ў лесапарку «Загор’е». Аматараў сярэднявечных баёў, музыкі і танцаў сабрала інтэрактыўная пляцоўка гістарычнага клуба «Шатландская пяхота» з Маладзечна. Горача гледачы сустракалі ансамбль «Гіль Захав» яўрэйскай абшчыны з Мінска, народны ансамбль «Зборная субота», які завітаў на свята з Узды, ваенны аркестр з Барысава.

 

У «Загор’і» смілавіцкі каледж зладзіў дэгустацыю мёду, смілавіцкі ліцэй — інфармацыйна-выставачную пляцоўку, чэрвеньскі ліцэй — майстар-класы і выставу-продаж бізнес-кампаніі.
Раённы краязнаўчы музей прадставіў гледачам куточак павятовай канцылярыі і фотаатэлье яўрэйскага майстра: жадаючыя маглі прыдбаць паштоўку і паставіць на ёй штамп ігуменскай управы ці сфатаграфавацца ў імправізаваных касцюмах.

Па словах старшага навуковага супрацоўніка музея Ірыны ВАБІШЧЭВІЧ, інтэр’ер павятовай канцылярыі аднаўлялі па фатаграфіях. Штучнае састарванне драўляных паверхняў праводзіла маладая мастачка Аляксандра ЗУБРЫЦКАЯ.
Фінальную кропку свята па традыцыі паставілі акцыя «Спяваем гімн разам» і салют. Ім папярэднічалі канцэртная праграма, лазернае шоу і дыскатэка на галоўнай плошчы горада.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара   



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *