Свята вёскі з месцам шчасця і лавачкай кахання

Общество

Рознабаковым, рознакаляровым, не падобным на мінулагоднія прайшло свята вёскі Шасціснопы. У прывітальным слове старшыня Смілавіцкага сельскага Савета Валянціна Півавар адзначыла актыўнасць, фантазію, адказнасць, ініцыятыву жыхароў гэтага населенага пункта. Па яе словах, у Шасціснопах свята вёскі праходзіць кожны год, дзякуючы ініцыятыве, а галоўнае, падрыхтоўцы мерапрыемства групай маладых жыхароў. Яны не чакаюць зрухаў да лепшага, а самі наводзяць парадак і ўтульнасць вакол месца, дзе пражываюць. У Шасціснопах зарэгістравана пастаянна пражываючых 223 чалавекі, з іх амаль палова — маладыя людзі ва ўзросце да сарака гадоў з дзецьмі. Актыўна будуюцца новыя дамы. Безумоўна, у вёскі ёсць будучае.

Пашанцавала мясцовым жыхарам з дырэктарам сельскага Дома культуры Ігарам Гарашчуком і мастацкім кіраўніком установы Аксанай Маціюнас. Менавіта з імі звязаны ўсе прыдумкі і дзеянні па добраўпарадкаванню парку адпачынку ў Шасціснопах, па арганізацыі свят, конкурсаў, вечароў адпачынку. Разам з аднадумцамі і мясцовымі самадзейнымі артыстамі яны падрыхтавалі цікавае свята «Мой дом — мая вёска». Болей 25 гандлёвых, забаўляльных кропак працавалі на свяце. Акрамя традыцыйных шашлыкоў і каўбасак ад «Турэцкага кумпячка», салодкай ваты, батута і надзіманых горак, можна было паспаборнічаць у стральбе з вінтоўкі і лука.
Па традыцыі на свяце шмат цёплых слоў сказалі ў адрас доўгажыхароў вёскі, не забылі суседзяў з вёсак Старына і Дукора. Апладысментамі і памятнымі сувенірамі ад сельвыканкама віталі Наталлю Андрэеўну Камейка, Вікенція Леанідавіча Шыліна, Фёдара Архіпавіча Шатэрніка, Веру Ільінічну Бурак. А таксама бацькоў самых маленькіх жыхароў Сцяпана Атрашэвіча, Юлію і Юрыя Андрэйчанка з Шасціснопаў, Амелію Бяляеву са Старына.
Частка праграмы была прысвечана дзецям — будучаму вёскі. Адзначылі граматамі ўдзельнікаў драматычна-танцавальнага гуртка, падзякавалі бацькам, якія прыводзяць дзяцей за руку на заняткі гуртка, дапамагаюць вырабляць касцюмы, хварэюць за выступленне сваіх дзяцей за кулісамі, спяваюць і танчаць разам з імі.
Пад сучасныя рытмы беларускіх патрыятычных песен артыстычна танцавалі дзеці і падлеткі рознага ўзросту, праслаўляючы родную Беларусь. На пляцоўцы гледачоў таксама танцавалі. Відаць было, што робяць яны гэта з задавальненнем.
Па-сапраўднаму прафесійнымі былі выступленні гурта народнай песні «Сваякі» Шасціснопскага сельскага Дома культуры, самадзейнай спявачкі Алены Гаранчук, гасцей свята — гурта «Чэрвеньскія балагуры» і жартоўнага гурта «Зажигалки» Драчкаўскага Дома культуры Смалявіцкага раёна.
У сцэнарыі свята быў адзін загадкавы пункт — адкрыццё «Месца шчасця з лавачкай кахання». Сюрпрызам для гледачоў стаў момант, калі пара маладых людзей, якія толькі ўзялі шлюб, завіталі ў Шасціснопы. Ім даручылі быць першымі адкрывальнікамі памятнага знака. Пад лёгкай тканінай, якая закрывала «Месца шчасця», жыхары вёскі ўбачылі прыгожую лавачку, абкружаную аркай у выглядзе сэрца. На гэтую арку маладая сямейная пара павесіла сімвалічны замочак свайго шчасця.
— Са з’яўленнем «Месца шчасця з лавачкай кахання» няхай у нашай вёсцы з’явіцца яшчэ адна добрая традыцыя, каб любячыя пары, якія бяруць шлюб, прыходзілі на гэта месца і пакідалі замкі альбо чырвоныя стужкі, як знак моцных пачуццяў і вернага кахання, — сказаў аднавяскоўцам Ігар Гарашчук.
Жыхары шчыра віталі і віншавалі маладых Антона і Ксенію Разумоўскіх.
Яшчэ адна задумка арганізатараў удалася на славу. На працягу мерапрыемства працавала дабрачынная латарэя. Гледачы куплялі квіткі, якія разыгралі ў канцы свята. Пашанцавала толькі траім удзельнікам. Яны атрымалі мангал з шампурамі, рашоткі для барбекю і іншыя прыстасаванні. Астатнія грошы пойдуць на добраўпарадкаванне парку адпачынку ў вёсцы Шасціснопы. Прысутныя апладысментамі падтрымалі гэтую прапанову.
Свята працягвалася да ночы. На ўсю вёску грымела дыскатэка, але ніхто не абураўся: у вёсцы свята!

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *