Сумеснымі намаганнямі на радасць дзецям

Благоустройство

Відавочна прыгажэе Чэрвень, становіцца больш утульным, зручным, прывабным для жыцця і выхавання дзяцей. Размешчаны недалёка ад сталіцы у экалагічна чыстым месцы, наш гарадок павінен быць прыдатным да камфортнага жыцця і ў культурным, забаўляльным, аздараўленчым, экскурсійным плане. Ёсць ужо нямала прыдумак і праектаў па ажыццяўленню гэтых ідэй.

Шмат чаго працаўнікі і жыхары горада ствараюць сваімі рукамі і фінансавымі сродкамі, заробленымі на раённых суботніках па добраўпарадкаванню і прывядзенню ў належны стан тэрыторый арганізацый і прадпрыемстваў, замацаваных грамадскіх тэрыторый, мемарыяльных комплексаў і месц баявой славы. У дзень першага суботніка, 1 красавіка, арганізацыямі зароблена і пералічана 4 900 рублёў. 20 мая праведзены раённы суботнік па збору сродкаў для добраўпарадкавання Чэрвеня, набыцця абсталявання для дзіцячай пляцоўкі па вуліцы Барыкіна. Зароблена і пералічана 2 900 рублёў.
На самым пачатку праектавання забудовы дзіцячай пляцоўкі вырашана максімальна вырабляць абсталяванне і дзіцячыя гульнёвыя комплексы на прадпрыемствах раёна. Так, заробленыя на двух суботніках грошы 7 800 рублёў былі накіраваны: 930 рублёў — «Чэрвеньскі лясгас» для падрыхтоўкі матэрыялаў канструкцыі «Карабель»; 6 870 рублёў — «Чэрвеньскі ДАК» для вырабу драўлянай канструкцыі з закупкай неабходных дапаможных матэрыялаў канструкцыі «Карабель» для дзіцячай пляцоўкі па вуліцы Барыкіна Чэрвеня.
Арганізацыі раёна адказна аднесліся да даручэння райвыканкама. Канструкцыя цудоўна выканана, устаноўлена на ўваходзе ў парк з боку аддзела ўнутраных спраў, і з першых дзён «Карабель» стаў адным з любімых месц адпачынку дзетвары, прычым не толькі чэрвеньскай. Пасля спякоты, пад вечар сюды прыязджаюць сем’і з малымі дзецьмі з усяго раёна. Ёсць тут гульнёвыя комплексы на любы густ, узрост і рознай складанасці для фізічнага развіцця дзетвары. Арганізацыі сацыяльнай сферы, Белдзяржстрах, ДТСААФ падаравалі парку цікавыя забаўляльныя прадметы. Фотасесіі праходзяць каля фігуры ваўка на матацыкле, любяць круціць руль дзеці на машыне «Эх, пракачу», ціхоні могуць згуляць у шашкі на вялікай шахматнай дошцы, гарэзы — папрактыкавацца ў спрытнасці, накідваючы маленькае кола на нос Бураціна. Самыя маленькія з задавальненнем купаюцца ў пяску ці гушкаюцца на арэлях. Ёсць у парку яшчэ нямала свабоднай тэрыторыі. Частка ўжо заасфальтавана, тут будуць катацца на роліках і скейтбордах, а насупраць праз дарожку, з’явяцца спартыўныя трэнажоры, турнікі для падлеткаў і старэйшай моладзі.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *