Узгадалі ўсіх пайменна

Общество

У дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны раённы Савет ветэранаў разам з Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкай ладзіў выязное мерапрыемства па месцах дзеяння партызанскага атрада «Чырвоны Сцяг» на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна.

На мерапрыемства запрасілі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — Мікалая Аляксандравіча Лашука і Мікалая Фёдаравіча Козырава.
Удзельнікі наведалі помнік партызанскай брыгады «Чырвоны Сцяг» у вёсцы Горскаўская Слабада, магілу ахвяр фашызму ў вёсцы Ляды, дзе пахаваны 45 жыхароў вёскі. Затым накіраваліся да магілы Героя Савецкага саюза Мікалая Міхайлавіча Казачэнкі ў вёсцы Бярозаўка. Тут яны правялі мітынг у гонар памяці ўсіх герояў Вялікай Айчыннай вайны і ўшанавалі хвілінай маўчання загінуўшых.
Далей шлях удзельнікаў мерапрыемства пралягаў праз вёску Рэчкі, дзе знаходзіцца пахаванне савецкіх воінаў і партызан. Яшчэ гэтая вёска — радзіма адзінага ў Чэрвеньскім раёне кавалера ордэна баявой Славы трох ступеняў Льва Мікалаевіча Міхіевіча, які быў намеснікам камандзіра сапёрнага ўзводу 131 стралковага палка 205 стралковай дывізіі. Наведалі помнік землякам у парку вёскі Луч, у Хутары і ў Ведрыцы — брацкія магілы савецкіх воінаў.
У вёсцы Калодзежы завіталі да ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Сацыялістычнай працы Пятра Васільевіча Вараб’я. Іван Ладуцька, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі, уручыў яму Ганаровую Грамату раённага Савета ветэранаў за добрасумленную працу па ўстанаўленню і развіццю ветэранскага руху ў раёне, актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі і ў сувязі з 30-годдзем стварэння Чэрвеньскай раённай ветэранскай арганізацыі.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *