Гран-пры пленэра — наш!

Общество

Традыцыйны абласны пленэр-конкурс «Фарбы роднай зямлі» завяршыўся на Чэрвеньшчыне.

Ён прайшоў у васямнаццаты раз. Сёлета мерапрыемства было прысвечана 630-годдзю Чэрвеня. На гасцінную чэрвеньскую зямлю з’ехаліся прадстаўнікі дваццаці дзвюх школ мастацтваў Міншчыны. За тры дні ўдзельнікі стварылі па пяць мастацкіх работ. Пэндзлі трыццаці двух таленавітых дзяцей і падлеткаў адлюстравалі краявіды трох раёнаў — Чэрвеньскага, Пухавіцкага і Бярэзінскага. Ацэньвала працу юных мастакоў кампетэнтнае журы, у склад якого ўвашлі член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Саюза мастакоў па выставачнай дзейнасці Леанід ХОБАТАЎ, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, мастацтвазнаўца Наталля ШАРАНГОВІЧ. Старшынёй журы ў чарговы раз быў член Саюза мастакоў Беларусі, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтваў г.Масквы Леанід ГОМАНАЎ.

Прыемна, што гран-пры атрымала выхаванка нашай Школы мастацтваў Юля БАБРОЎСКАЯ. Другая прадстаўніца Чэрвеньшчыны, Мілена РАДОЎНЯ, узнагароджана Дыпломам трэцяй ступені сярод мастакоў малодшай узроставай групы. Абедзве дзяўчынкі займаюцца ў выкладчыка Віталя ЧАРНАЎЦА. Ён, дарэчы, выхаваў ужо не аднаго пераможцу пленэра: у розныя гады чэрвеньскія юныя мастакі не аднойчы бралі гран-пры, штогод займаюць прызавыя месцы.

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Алены МАЦЮШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *