Дождж касьбе не перашкода

Аграрный сектор

Механізатары Сяргей Молчан і Аляксандр Грыбко косяць травы на палетку ля вёскі Фёдараўск

У эксперыментальнай базе «Натальеўск» аднымі з першых на Чэрвеньшчыне пачалі касавіцу ўкосу. Травы займаюць тут 1700 гектараў. У сельгаспрадпрыемстве разлічваюць нарыхтаваць для патрэб жывёлагадоўлі на зімовы стойлавы перыяд 21 тысячу тон сенажу і 600 тон сена, што адпавядае паўтарагадоваму запасу кармоў.

— Кароткачасовыя дажджы апошніх дзён асабліва не перашкаджаюць касьбе, — гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Бабіновіч. — На ёй задзейнічаем тры трохметровыя касілкі «КРН-3,1» і дзевяціметровую «КМР-9,6». Спадзяёмся, што неўзабаве ўсталюецца сонечнае надвор’е, і за пару дзён скошаныя травы будуць гатовыя для кансервавання.
На падборы зялёнай масы будзе працаваць высокапрадукцыйны кормаўборачны комплекс «Джон Дзір», а таксама «КЗР». Адвозку кармоў у траншэі забяспечаць дванаццаць адзінак тэхнікі.
Увогуле, мы разлічвалі на лепшую ўраджайнасць траў, тым больш, што своечасова падкармілі ўсе ўгоддзі. Але халодная вясна, а потым засушлівы перыяд апошніх трох тыдняў не паспрыялі іх росту. Зрэшты, і ў цэлым па краіне сёлета прагназуецца не вельмі багаты першы ўкос траў. Аднак разлічваем нарыхтаваць неабходны аб’ём сакавітых кармоў за кошт другога і трэцяга ўкосаў.
Акрамя традыцыйнай закладкі ў траншэю, як і ў мінулыя гады, пры неабходнасці будзем нарыхтоўваць сянаж у вакуумнай упакоўцы. Адпаведная тэхніка гатовая да працы…
А першыя кармы ў гаспадарцы назапасілі з азімай свірэпіцы. У дзве траншэі паклалі 1743 тоны сіласу.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *