У шосты раз — з медалямі

Спорт

Каманда “Будаўнік” (Чэрвень) заваявала бронзавыя медалямі ДКС-лігі чэмпіянату АЛФ г.Мінска па міні-футболу сезону 2016/2017 года.

Шлях да п’едэсталу быў доўгім і няпростым. На першым этапе спаборніцтваў чэрвеньцы правялі 17 гульняў. Дванаццаць з іх выйгралі, тры згулялі ўнічыю, дзве – прайгралі і трапілі ў васьмёрку мацнейшых з другога месца ў турнірнай табліцы. Затым у раўндзе плэй-офф яны на чвэрцьфінальнай стадыі прайшлі сталічны “КаўчэгСэрвіс” (3:5, 4:1, 3:2 –па пенальці), а ў паўфінале саступілі мінскай “Ветры-08” (2:5, 2:4).
Надзвычай напружаным атрымаўся матч за трэцяе месца, у якім “Будаўнік” сустрэўся са сталічным “Лібертасам”. Чэрвеньцы адкрылі лік за чатыры хвіліны да перапынку: пенальці за гульню саперніка рукой у сваёй штрафной пляцоўцы бездакорна выканаў Дзмітрый Чысты. Але на апошніх секундах першага тайма мінчане, таксама з пенальці, аднавілі раўнавагу.
Неўзабаве пасля перапынку “Лібертас” выйшаў наперад, а пасля таго, як нашы замянілі галкіпера пятым палявым іграком, яшчэ раз дабіўся поспеху.
Пры ліку 3:1 сталічныя футбалісты сышлі ў глухую абарону, узламаць якую было вельмі цяжка. І, усё ж, за пяць хвілін да заканчэння асноўнага часу матча “Будаўнік”, працягваючы гуляць у пяць палявых ігракоў, рэалізаваў колькасную перавагу: вызначыўся Дзмітрый Чысты. А яшчэ праз дзве хвіліны Максім Шмаянкоў звёў супрацьстаянне да нічыёй – 3:3.
Паводле рэгламенту спаборніцтваў, лёс бронзавых медалёў вырашыла серыя пасляматчавых пенальці. І тут фартуна аказалася на баку нашай каманды – 5:4!
За “Будаўнік” пад кіраўніцтвам Сяргей Купровіча выступалі Аляксандр Курыловіч, Валерый Цітовіч, Дзмітрый Чысты, Мікалай Свірыдовіч, Павел Лаўрык, Ілья Купровіч, Аляксей Ганчарык, Аляксей Сасункевіч, Вячаслаў Целяціцкі, Сяргей Качановіч, Міхаіл Тарасік, Дзяніс Трапашка, Андрэй Вашкевіч, Юрый Немагуцін, Максім Шмаянкоў, Максім Рудзяк, Яўген Краўчук, Яўген Шчарбакоў, Антон Срыбненка, Андрэй Лапшын, Аляксей Мішковіч, Аляксей Бялоў, Глеб Захарэнь, Павел Кароткі.
Адметна, што гэта – шосты поспех каманды на сталічнай арэне. У сезонах 2011/2012, 2012/2013 і 2015/2016 “Будаўнік” станавіўся чэмпіёнам Асацыяцыі аматарскага футбола Мінска па міні-футболу, а ў сезоне 2013/2014 і 2014/2015 выйграваў чэмпіянат Мінска па футзале.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *