Сёння — День друку

Общество

Іван Маковіч ужо больш за чатырнаццаць год працуе ў Чэрвеньскай друкарні.
Як распавядаюць яго калегі: «Без залатых рук гэтага нашага Кулібіна працаваць было б цяжка».

Ён не толькі адказвае за афсетны друк і якасць прадукцыі, але вырашае шмат іншых вытворчых пытанняў. Сведчаннем працавітасці Івана Маковіча з’яўляецца тое, што яго партрэт змешчаны на раённай Дошцы гонару.
На працу ў друкарні Іван прыйшоў ва ўзросце дзевятнаццаці год. Пашчасціла з настаўнікам — Яўгенам Панасюком. Ён паказаў, як трэба працаваць на спецыяльным абсталяванні, навучыў асновам друкарскай справы. Праз некалькі тыдняў Іван пачаў працаваць самастойна.
Зараз ён сумяшчае працу друкара плоскага друку, наладчыка паліграфічнага абсталявання і электраманцёра. Усё выконвае якасна, у зададзены тэрмін. Узгадвае:
— Калі мы пачыналі друкаваць прадукцыю ў поўнакаляровым фармаце, былі складанасці, але мы з імі справіліся.
У вольны час ён ва ўласнай майстэрні займаецца кавальскай справай. Вырабляе каваныя рашоткі для камінаў, падсвечнікі і розныя ўпрыгожванні для дома.
— Кавальства — гэта справа для душы, — гаворыць ён.
Жонка Ірына, якая працуе бухгалтарам, з задавальненнем зазначыла:
— Мой муж сапраўдны гаспадар, ён усё ўмее рабіць сваімі рукамі. Мы пабудавалі дом — гэта заслуга Івана. Ён сам усё рабіў.
У сям’і Маковічаў два сыны: старэйшы Павел і малодшы Міхаіл. Менавіта сям’я, любоў да сваёй справы, дружны калектыў з’яўляюцца для Івана Маковіча падмуркам шчаслівага жыцця.

Таццяна МАЛАХОЎСКАЯ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *