Прысвяцілі юбілейнай даце

Общество

На мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры і адпачынку адбыўся святочны канцэрт ў гонар 20-годдзя прысваення звання «народны» ансамблю «Вербніца».
Павіншаваць народны калектыў са святам сабраліся прадстаўнікі раённай улады, самадзейныя мастацкія калектывы раёна, госці з суседняга Бярэзінскага раёна і нават з Польшчы, а таксама гледачы — жыхары Чэрвеня і раёна.

Канцэртная праграма пачалася з выступлення ансамбля «Вербніца», якога віталі шчырымі апладысментамі.
З вітальным словам да ўдзельнікаў ансамбля звярнулася намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька. Яна павіншавала калектыў з юбілейнай датай і адзначыла, што ўдзельнікі яго сталі жаданымі не толькі на канцэртных пляцоўках Чэрвеньшчыны, але і за яе межамі. Ад імя раённага выканаўчага камітэта Ала Канстанцінаўна ўручыла калектыву Ганаровую грамату і сертыфікат на набыццё зімовага канцэртнага адзення.
Падзякі райвыканкама атрымалі ўдзельнікі ансамбля Міхаіл Шчэрбач, Ірына Коўган і Соф’я Рудзік/ Астатнія атрымалі Удзячныя лісты.
Адзін са старэйшых удзельнікаў ансамбля Міхаіл Раманенка зазначыў, што дваццаць гадоў — гэта вельмі доўгі шлях для самадзейнага калектыву.
— Вельмі рады, што прайшоў гэты шлях разам з ім і маю магчымасць прысутнічаць на ўрачыстасці ў гонар ансамбля, — сказаў Міхаіл Іосіфавіч. Падчас свята ўзгадалі, што самадзейны калектыў пачынаўся з «Чапурушак» — невялічкага ансамбля з работнікаў дзіцячых садкоў і школ, і прыгадалі яго першых арганізатараў і ўдзельнікаў — Таццяну Правасуд, Марыну Паўловіч, Ірыну Вабішчэвіч, Валянціну Кудзіну, Марыю Лукашэвіч, Людмілу Раманёнак, Марыю Цесавец і Ларысу Бандзік, а таксама нязменнага гукарэжысёра Мікалая Осіпчыка.
Юбіляраў вітаў ансамбль «Ігуменскія крыніцы» і яго кіраўнік Аляксандр Капцелаў, дырэктар Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і адпачынку Алена Гоман, кіраўнік народнага ансамбля «Лявоніха» з Бярэзінскага раёна Данута Гурэнчык.
Сваімі выступленнямі і добрымі словамі павіншавалі «Вербніцу» вакальны ансамбль «Крыніцы», Раваніцкага СДК, Андрэй Хурсевіч, мастацкі кіраўнік Руднянскага СДК, Былы кіраўнік самадзейнага калектыву Таццяна Правасуд, кампазітар Віктар Шыкавец, які доўгі час супрацоўнічае з «Вербніцай», баяніст з Вілейкі Уладзімір Вярсан. Ён прысвяціў юбілярам вершы ўласнага сачынення і падараваў віртуёзную ігру на баяне.
Сапраўдным сюрпрызам не толькі для народнага ансамбля «Вербніца», але і для ўсіх прысутных, стала выступленне самадзейнага народнага ансамбля з Польшчы «Лабызяцэ» (на здымку) . Кіраўнік «Вербніцы» Надзея Чарніцкая сустракала гасцей на сцэне хлебам-соллю. А кіраўнік польскага ансамбля Эміль Ходань павіншаваў беларускіх калег з 20-годдзем прысваення звання «народны», пажадаў яшчэ «200 гадоў іграння, спявання» і ўручыў віншавальны адрас.
Народныя польскія песні вельмі спадабаліся ўсім. Напрыклад, «У моего швагера». Не патрэбен быў і перакладчык, каб зразумець іх змест. Выступленне польскіх артыстаў сустракалі дружнымі апладысментамі.
Напрыканцы канцэрта народны ансамбль «Вербніца» выканаў некалькі песень — новых і даўно палюбіўшыхся чэрвеньцам…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *