Праводзім рэформы, мяняем асартымент і паляпшаем якасць

Общество

Аб тым, якое становішча на дрэваапрацоўчым камбінаце, распавядае эканаміст прадпрыемства Дзмітрый Канапелька.

— На камбінаце працуе трыццаць чалавек з улікам ІТР-работнікаў. Сёння мы вырабляем офісную мэблю, шкафы, сталы пісьмовыя, абедзенныя, камп’ютарныя, ложкі з матрацамі, тумбачкі, шафы для спецадзення, яшчыкі тарныя драўляныя. Выконваем таксама ўбудаваную мэблю для ўстаноў адукацыі, вучэбных інтэрнатаў з дастаўкай і мантажом на месцах. Камплектуем нашай мэбляй аздараўленчыя лагеры і санаторыі.
Асноўны прыбытак прыносіць лесаперапрацоўка. Камбінат прапануе распіленую, ачышчаную ад кары, струганую, разрэзаную і дадаткова апрацаваную драўніну, піламатэрыялы, дошкі з цвёрдых і мяккіх пародаў дрэў, планку, рэйку, дранку, шпон, вагонку. Цэны ў нас адносна невысокія, ды і пад’езд з Магілёўскай трасы зручны.
Каб быць канкурэнтназдольнымі, патрэбна прапанаваць на рынак свае, сканструяваныя па-асобнаму, тавары. Зараз дрэваапрацоўчы камбінат выканаў пробны камплект дзіцячай гульнёвай пляцоўкі для малодшага ўзросту. Яна ўсталявана ў Запольскім дзіцячым садку. Дзетвара ацаніла навінку на «выдатна».
Каб выйсці з такім таварам на шырокі рынак, патрэбна аформіць шмат дакументаў, затраціць немалыя грашовыя сродкі, каб атрымаць сертыфікат якасці. Работа ў гэтым напрамку ўжо вядзецца.
У магазіне прадпрыемства па вуліцы Мінскай можна набыць банкеткі, сталы, ложкі, садовую мэблю, лаўкі для грамадскіх месцаў.

Фота Галіны ГАМЕЗА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *