Дэпутат сустрэўся з актывам ветэранскай арганізацыі

Местная власть

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Атрошчанка правёў чарговую сустрэчу з актывам раённай ветэранскай арганізацыі. Парламентарый уваходзіць у склад Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы – ва ўступным слове ён надаў асаблівую ўвагу яе дзейнасці.

Дэпутат Пётр Атрошчанка, памочнік дэпутата Алена Гоман, старшыня ветэранскай арганізацыі Іван Ладуцька

Па словах Пятра Атрошчанкі, сёння камісія разглядае некалькi законапраектаў – аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у законы па пытаннях барацьбы з тэрарызмам, абароны, аховы грамадскага парадку і забеспячэння грамадскай бяспекі пры правядзенні спартыўна-масавых мерапрыемстваў, спартыўных спаборніцтваў.

Апошні законапраект дапаўняе Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях — часовым забаронай на наведванне стадыёнаў для аматараў спорту, якія раней здзейснілі адміністрацыйнае правапарушэнне падчас спаборніцтваў. Забарона павінна стаць дадатковай мерай уздзеяння на фанатаў-хуліганаў. Парламентарый нагадаў, што ў 1980-х гадах менавіта з-за паводзінаў фанатаў усе англійскія клубы часова адхілілі ад удзелу ў еўракубках.

Асабiста Пётр Атрошчанка адказвае за падрыхтоўку другога законапраекта – «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях барацьбы з тэрарызмам». Ён адзначыў, што дакументам прадугледжана ўнясенне паправак у дзеючы закон «Аб барацьбе з тэрарызмам», Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. У законапраекце, які ўжо прайшоў першае чытанне, прапісана, што фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці ўключае фінансаванне праезду фізічных асоб да месца навучання для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці. Акрамя таго, удасканалены механізм прызнання арганізацыі тэрарыстычнай, вызначаны тэрмін “крытычна важныя аб’екты”.

Сустрэча ветэранскага актыву з дэпутатам праходзіла ў форме адкрытага дыялогу. Пытанні, адрасаваныя парламентарыю, тычыліся ў асноўным цэнаўтварэння, пенсійнага забеспячэння, фарміравання тарыфаў на ЖКУ, інфармацыйнай бяспекі дзяцей у Інтэрнэце. У размове таксама закраналіся ключавыя тэмы Паслання Прэзідэнта да беларускага народу і Нацыянальнага сходу, у прыватнасці, удасканаленне сістэмы адукацыі, рэалізацыя Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» і іншыя.

Некаторыя агучаныя ветэранамі праблемы дэпутат узяў “на кантроль”, каб пасадзейнічаць іх хуткаму вырашэнню.

Сняжана Каўгарэня. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *