Буслы на даху, шчасце пад дахам…

Люди и судьбы

З будучай жонкай Віталь пазнаёміўся ў полі. Спадабалася сціплая прывабная дзяўчына, якая штодня прывозіла механізатарам абед. Не заўважыў, як сімпатыя да Вольгі перарасла ў больш глыбокае пяшчотнае пачуццё…

Праз пяць месяцаў пасля знаёмства згулялі вяселле. Першая дачушка Маргарыта нарадзілася праз год. Праз тры — другая дачушка, Валерыя. Тады трэцяя — Аляксандра. Гаспадарка — ААТ «Лядзенскі», у якой Віталь працуе механізатарам, выдзеліла ў Горкаўскай Слабадзе дом. Жыццё паволі ўсталявалася. Дачушкі падрасталі. Вырашыў Віталь упрыгожыць свой дом. Усталяваў на даху гняздо з бусламі. І хаця яны штучныя, выглядаюць, як жывыя. Так і празвалі на вёсцы жыллё Карпенкаў — дом з бусламі.
Пазней прыбіўся на падворак жывы бусел. Вольга праганяла яго, а ён ніяк не хацеў пакідаць двор. Так і жыў некаторы час. Неўзабаве Вольга зацяжарыла ў чацвёрты раз. Зараз яны з Віталем смяюцца, што гэта птушка «вінавата». Хочаш-не хочаш, а певерыш у тое, што менавіта буслы дзяцей прыносяць. Спадзяваліся, што народзіцца хлопчык, нават па выніках ультрагукавага даследавання ўрачы так сказалі, а нарадзілася чацвёртая дачушка — Віталіна. Праз два гады нарадзілася і пятая — Ангеліна, хаця ўрачы зноў абнадзейвалі, што будзе хлопчык. У ліпені самай старэйшай дачцэ — Маргарыце споўніцца шаснаццаць гадоў, самай маленькай — Ангеліне — зараз пяць месяцаў.
Ганарыцца бацька сваімі дочкамі. Не засмучаецца, што няма сыночка. Праўда, калі Вольга зацяжарыла ў пяты раз, нават вопратку для хлопчыка купілі, каб забраць з раддома.
— Затое будзе пяць зяцёў, — смяецца Віталь.
Дочкі такія ж працавітыя і клапатлівыя, як бацькі. Маргарыта — першая памочніца бацьку: дапамагае нават трактар рамантаваць. На ўборачнай у мінулым годзе разам з ім на камбайне шчыравала.
Не перажывае бацька, калі дзяўчынкі дома адны застаюцца. Маргарыта і Валерыя і дроў насякуць, і ў печы выпаляць, і есці звараць, і малых дагледзяць.
Вольга прыгадвае, што Маргарыта яшчэ ў садку дапамагала дзецям апрануцца, шнуркі на абутку завязаць. Выхавальніца жартавала, што дзяўчынка ў яе самая галоўная памочніца.
У кожнай з трох старэйшых дзяўчынак свае захапленні. Маргарыта спортам займаецца, ёй падабаецца футбол. А яшчэ — дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Добра атрымоўваюцца ў яе вырабы з паперы і з пап’е-машэ.
Валерыя любіць выпякаць розныя прысмакі. Саша — шыць. Прыходзіць да дзяцей і ўнукаў мама Віталя, прыносіць ім пірагі, якія ў яе выдатна атрымоўваюцца. На ўсе святы вялікая сям’я збіраецца разам.
У 1991 годзе сям’я бацькі Віталя пераехала з забруджанага радыяцыяй Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці на Чэрвеньшчыну. Абаснаваліся ў вёсцы Горкі. Бацькі няма ўжо дзевяць гадоў.
Вольга ў дзесяць гадоў засталася без бацькоў. Выхоўвала яе старэйшая сястра. Жылі ў Горках. Атрымала будаўнічую спецыяльнасць, а працавала ў гаспадарцы поварам. Пазней — у псіханеўралагічным інтэрнаце. Зараз у дэкрэтным адпачынку.
У Віталя шмат спецыяльнасцей: ён і вадзіцель, і механізатар, і механік. Усё ладзіцца ў яго ў руках. Кіраўніцтва задаволена яго працай. Добрасумленны работнік не раз выходзіў пераможцам раённага спаборніцтва на розных відах палявых работ. Аб гэтым сведчаць Дыпломы і чырвоныя стужкі, атрыманыя падчас ушанавання перадавікоў. Яму і тэхніку новую аднаму з першых давяраюць. Зараз працуе Віталь на вялікім трактары.
Сям’я трымае гаспадарку. Ёсць козы, свінні, свінаматка, гусі, куры. Апрацоўваюць больш гектара зямлі, вырошчваюць бульбу, зерневыя. Летась такія гарбузы параслі, што на трактар іх грузіў Віталь разам з братам.
Старэйшая дачка Маргарыта вучыцца ў Чэрвеньскай СШ №3, Валерыя і Аляксандра — у Лядзенскай школе.
Падчас сустрэчы карэспандэнта з сям’ёй, Валерыі не аказалася дома: яна знаходзіцца на аздараўленні ў Уздзенскім санаторыі. Каб фотаздымак гэтай дружнай сям’і быў поўным, змяшчаем асабнае фота і Валерыі.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара і з сямейнага архіву сям’і Карпенка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *