Дыпламант конкурсу — Раваніцкая ўчастковая бальніца

Общество

Калектыву Раваніцкай участковай бальніцы ўручаны Дыплом Галоўнага ўпраўлення Мінаблвыканкама і Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя — пераможцы абласнога агляду якасці культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва ў 2016 годзе.

Гэта стала магчымым дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву медыкаў — прафесіяналаў на чале з галоўным урачом Наталляй Андрэеўнай Жэкавай. Менавіта прафесіяналаў, таму што кваліфікацыйныя катэгорыі маюць 90,9% медыцынскіх работнікаў установы.
Сваю гісторыю Раваніцкая ўчастковая бальніца адлічвае з далёкіх трыццатых гадоў мінулага стагоддзя. Размяшчалася ў розных прыстасаваных памяшканнях, у 1993 годзе перабралася ў будынак, у якім знаходзіцца і зараз.
Бальніца аказвае амбулаторную і стацыянарную дапамогу тэрапеўтычнага профілю насельніцтву Раваніцкага і часткі Калодзежскага сельсаветаў — 24 вёскі. Радыус абслугоўвання па ўрачэбнаму ўчастку складае 25 кіламетраў. Аддаленасць ад раённай бальніцы 38 кіламетраў.
На ўчастку працуе два ФАПы: у Красным Дары і ў Дамавіцку. Загадчык Краснадарскага ФАПа Валянціна Мікалаеўна Няхай мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У Дамавіцкім ФАПе з чэрвеня мінулага года працуе фельчар з другой кваліфікацыйнай катэгорыяй Ганна Мікалаеўна Саўко.
На тэрыторыі ўрачэбнага ўчастка пражывае 1825 чалавек (у 2015 г. — 1863), з іх працаздольнага ўзросту — 1057 (2015 г. — 1090), непрацаздольнага ўзросту — 768 (2015 г. — 833), дзяцей да 18 гадоў — 232 (2015 г. — 225), з іх дзяцей да года — 13 (2015 г. — 10). У мінулым годзе нарадзілася 13 (2015 г. — 10) дзяцей.
Памерла летась 38 чалавек, з іх працаздольнага ўзросту — 10. У папярэднім годзе адпаведна 28 і 10 чалавек. У 2014 годзе — 42 і 3 чалавекі. Аналіз прычын смерці ў працаздольным узросце паказаў, што ў 6 выпадках людзі злоўжывалі алкаголем. У 50% выпадкаў смерць наступіла ва ўзросце старэй за 75 гадоў, у тым ліку 15 чалавек памерла ва ўзросце старэй за 82 гады.
На абслугоўваемай тэрыторыі пражывае 17 адзінокіх асоб састарэлага ўзросту (у 2015 г. — 18). Адзінока пражывае 104 чалавекі (2015 г. — 118, 2014 г. — 154), два ўдзельнікі войнаў (2015 г. — 3).
Галоўны ўрач участковай бальніцы Наталля Андрэеўна Жэкава працуе тут з першага жніўня 2008 года. Да гэтага працавала ў Мінску на гарадской станцыі “Хуткай дапамогі”. У 1994-м годзе ўзначаліла падстанцыю №4. У 2008-м вырашыла пераехаць на вёску. У пошуках падыходзячага месца спынілася на Раванічах. Спецыфіка работы ў «Хуткай дапамозе», набыты вялікі і разнастайны вопыт у медыцыне, уменне сканцэнтравацца дазваляюць Наталлі Андрэеўне хутка і дакладна паставіць дыягназ, дапамагчы пацыенту. Мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Для яе характэрны арганізатарскія здольнасці, камунікабельнасць, уменне працаваць з людзьмі, уважлівасць, добразычлівасць і адначасова — патрабавальнасць.
Першая памочніца галоўнага ўрача — старшая медыцынская сястра Валянціна Віктараўна Рэуцкая . Яна ж і загадчык фізіатэрапеўтычнага кабінета. Тут у дзень адпускаецца 10-12 разнастайных працэдур. Акрамя гэтых абавязкаў, кантроль за захаваннем санэпідрэжыму, дыеталогія і іншыя. Трыццаць гадоў — такі стаж работы Валянціны Віктараўны ў Раваніцкай бальніцы. Прыехала сюды па накіраванню пасля заканчэння Барысаўскага медыцынскага вучылішча.
Медрэгістратар — Вольга Мікалаеўна Кавалёва першая сустракае пацыентаў, якія прыходзяць на прыём. Медыцынскія карткі, іншая дакументацыя — гэта яе справа.
У працэдурным кабінеце шчыруе фельчар Святлана Леанідаўна Дзянько. Мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Тут выконваюцца ўсе працэдуры, якія прызначаны для амбулаторнага абслугоўвання: ін’екцыі, капельніцы, прамываюцца вушы, робіцца забор крыві і іншае. Святлана Леанідаўна таксама мае вялікі працоўны стаж: прыйшла ў бальніцу ў 1994 годзе адразу пасля заканчэння вучылішча.
У стаматалагічным кабінеце з сучасным абсталяваннем свой гаспадар — зубны фельчар Альберт Валер’евіч Красноў. Ён скончыў Слуцкі медыцынскі каледж.
Ёсць ва ўчастковай бальніцы і свая лабараторыя. Тут працуе фельчар-лабарант Уладзіслаў Уладзіміравіч Канапелька. Ён таксама скончыў Слуцкі медыцынскі каледж. Тут робяцца аналізы крыві — агульныя і біяхімічныя і мачы. Работа маладому спецыялісту падабаецца, і падабаецца калектыў — дружны, добразычлівы.
У стацыянары бальніцы 15 ложкаў: 10 — сацыяльных і 5 — тэрапеўтычнага профілю. Лячэнне праходзяць не толькі тэрапеўтычныя хворыя, а таксама хірургічныя, якім паказана кансерватыўнае лячэнне: хірург раённай бальніцы піша назначэнні, а чалавек лечыцца на месцы. Лечацца таксама і неўралагічныя хворыя і тыя, хто па сямейных абставінах не можа прайсці лячэнне ў стацыянары раённай бальніцы.
Дзяжурная медыцынская сястра Карына Васільеўна Каральчук прыйшла працаваць у бальніцу ў 2012 годзе. Разам з ёй працуюць медыцынскія сёстры Вольга Леанідаўна Пшыбытка, у якой стаж работы больш 25 гадоў, і Іна Леанідаўна Цыплёнак, акушэрка па адукацыі. Пачынала працаваць у Рудні, некаторы час працавала ў сельсавеце, зараз зноў у бальніцы. Участковай медыцынскай сястрой працуе Ала Віктараўна Малькевіч.
Ёсць у бальніцы харчовы блок. Стравы для хворых вось ужо 32 гады гатуе повар Вольга Сяргееўна Церашчук. Дапамагае ёй кухонная рабочая Таццяна Іванаўна Спарыш.
Санітаркамі працуюць Алена Анатольеўна Шаршнёва, Святлана Міхайлаўна Гусціновіч, Тамара Мікалаеўна Календа, Ірына Анатольеўна Бруцкая і Вольга Уладзіміраўна Норка, вадзіцелем Мікалай Барысавіч Салаўёў. Нядаўна прыйшла на пасаду загадчыка гаспадаркі Людміла Уладзіміраўна Гамеза.
Гэты невялікі калектыў стварае ўсе ўмовы для якаснага медыцынскага абслугоўвання насельніцтва на Раваніцкім урачэбным участку.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *