З табой, зямля мая…

Аграрный сектор Люди и судьбы

Яе яркае чырвонае паўпаліто, лёгкі рознакаляровы шалік, акуратная прычоска, адкрытая лагодная ўсмешка на дзіва натуральна выглядаюць на фоне вясковага палетка, дзе вядуць рэй сталёвыя волаты-трактары. Здаецца, сама вясна ў жаночым абліччы мякка ступае па свежаўзаранай раллі. А, мо, менавіта такім і павінен быць сучасны галоўны аграном?

…Наталля Сахончык з’явілася на свет і вырасла ў Новых Зелянках. Неўзабаве пасля школы выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей.
– Вучыцца далей не выпадала: садка ў вёсцы не было, таму і з Ігарам, і з Марыяй давялося сядзець у дэкрэце па тры гады, – распавядае яна. – Ды і потым: дзеці малыя, якая там вучоба… Уладкавалася ў кантору гаспадаркі прыбіральшчыцай. Дванаццаць гадоў адпрацавала. І тут – неспадзяванка. Наш новы дырэктар Уладзімір Уладзіміравіч Лаўрык запытаўся: “Дыспетчарам пойдзеш?”. Я ад нечаканасці толькі плячыма паціснула. “Значыць, пойдзеш!” – сказаў ён.
Напачатку страшна было. А потым неяк неўпрыкмет захапіў мяне гэты занятак. На пасадзе дыспетчара адчуваеш пульс штодзённага жыцця гаспадаркі, знаходзішся ў цэнтры ўсіх падзей, працуеш з людзьмі і з вялікім аб’ёмам інфармацыі, якой трэба правільна распарадзіцца…
А праз год чакала мяне новае выпрабаванне. Уладзімір Уладзіміравіч пераканаў, што дыспетчару пажадана мець хоць якую-небудзь сельскагаспадарчую адукацыю. Так я паступіла завочна вучыцца на агранома ў Смілавіцкі аграрны каледж.
Шчыра кажучы, і не разлічвала, што тэарэтычныя веды неўзабаве давядзецца падмацоўваць практыкай. Але ўвесну мінулага года нашага маладога галоўнага агранома Ігара Ключнікава прызначылі ў “Лядзенскі” дырэктарам, а я пачала тут выконваць яго абавязкі.
І вось тады тая тэорыя, якую паслухмяна запісвала на занятках у сшыткі, стала больш зразумелай. Праўда, у рэальным жыцці ўсё не так проста і адназначна, як у падручніках. Ды і вытворчасць не стаіць на месцы, развіваецца, з’яўляюцца новыя, больш сучасныя тэхналогіі. Таму дадаткова даводзіцца самаадукоўвацца: чытаць спецыяльную літаратуру, шукаць неабходную інфармацыю ў інтэрнэце…
Залішне казаць, як моцна хвалявалася падчас сваёй першай пасяўной. І як радавалася, калі зарунела збажына. А потым – хімпраполкі і – зноў хваляванне: хаця б не памыліцца, не спаліць усходы. Дзякуй Богу, усё атрымалася!..
Значная палёгка для Наталлі Сахончык у тым, што яна – тутэйшая. Бо заўсёды прасцей знайсці агульную мову з аднавяскоўцамі: з кімсьці разам вучыўся ў школе, хадзіў у клуб на танцы, з кімсьці – жывеш на адной вуліцы. Ды і тое, што жанчына, таксама дапамагае: механізатары-мужчыны стараюцца быць далікатнымі ў стасунках…
Сёлетні сакавік быў адметным для Наталлі афіцыйным прызначэннем на пасаду галоўнага агранома, а ў лістападзе яе чакаюць выпускныя экзамены ў каледжы. У далейшых планах – атрыманне вышэйшай адукацыі.
– Дык, мо, так і кіраўніком гаспадаркі калі-небудзь станеце? – пытаюся.
– Нават не ведаю, што сказаць, – сарамліва ўсміхаецца Наталля. – Кіраваць гаспадаркай – вельмі цяжкая праца, я гэта штодня назіраю…

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *