Генеральны план Чэрвеня: рэалізацыя пачалася

Благоустройство

Як распавядаў ужо “Раённы веснік”, унітарнае прадпрыемства “БЕЛНДІПГОРАДАБУДАЎНІЦТВА” распрацавала праект Генеральнага плана Чэрвеня, рэалізацыя якога разлічана на два этапы – да 2020 і 2025 года. Напрыканцы мінулага – у пачатку гэтага года адбылося яго грамадскае абмеркаванне. Зараз план праходзіць экалагічную экспертызу. Аднак гэта не перашкодзіла пачаць яго ўвасабленне ў жыццё.

Так паводле праекту будзе выглядаць ЗАГС пасля рэканструкцыі

Падрабязнасці распавёў у гутарцы з нашым карэспандэнтам галоўны архітэктар раёна Аляксандр РАМАНЧЫК.
– Аляксандр Уладзіміравіч, шчыра кажучы, шмат у каго з чытачоў, з якімі даводзілася мець стасункі, былі даволі песімістычныя прагнозы наконт лёсу новага Генеральнага плана. Прынамсі, мала хто верыў што пераўтварэнні ў горадзе пачнуцца так хутка. Але яны навідавоку. Узяць хаця б работы па дэмантажу старых вытворчых будынкаў райаграсэрвісу на вуліцы Чапаева, якія працяглы час псавалі выгляд цэнтра Чэрвеня…

Дэмантаж старых вытворчых будынкаў райаграсэрвісу

— Сапраўды, такім чынам пачалася рэалізацыя аднаго з накірункаў Генеральнага плана, які мае на мэце змяніць аблічча цэнтральнай часткі горада. Зараз работнікі Чэрвеньскага РБУ па замове райаграсэрвісу ажыццяўляюць на згаданай тэрыторыі знос старых будынкаў. Кіраўніцтвам раёна пастаўлена задача цалкам завяршыць іх дэмантаж, вывезці друз і рэшткі будаўнічых канструкцый ужо да 1 мая. Вызвалены зямельны ўчастак плануюцца выставіць на аўкцыён, каб знайсці інвестара для будаўніцтва тут шматкватэрнага жылога дома. Будзе гэта трохпавярховы, ці пяціпавярховы будынак – вырашаць праекціроўшчыкі.
— Кажуць, што пад знос пойдуць і два драўляныя дамы на скрыжаванні вуліц Чапаева і Карла Лібкнехта з боку плошчы Свабоды?
— Так. Генеральны план гэта прадугледжвае, на іх месцы мяркуецца зрабіць аўтастаянку. Але пакуль што не атрымліваецца знайсці ўсіх долевых уласнікаў гэтых пабудоў. Калі знойдзем, працэс пойдзе хутчэй: прапануем ім новае жыллё. Тым больш, што яго зараз будуецца шмат.
– Таксама на адным з раённых мерапрыемстваў у пачатку гэтага года было абвешчана пра рэканструкцыю будынка ЗАГСа ў Чэрвені…
– Адпаведная праектная дакументацыя ўжо прайшла экспертызу. Зараз афармляецца дазвол на будаўнічыя работы. Чакаецца, што яны пачнуцца ў маі. Сродкі на рэканструкцыю выдаткаваны з прэміі аблвыканкама, якой раён заахвочаны па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця за мінулы год.
– А як будзе выглядаць рэканструяваны будынак?
– Ён стане вышэйшым за кошт дабудоўвання мансарднага паверху. Першы ўзровень цалкам аддадуць зале шлюбаў, а на другім – размесцяцца кабінеты супрацоўнікаў. Ну і, зразумела, будынак набудзе сучаснае аздабленне звонку і знутры.
– Магчыма, ёсць яшчэ мерапрыемствы Генеральнага плана, якія мяркуецца рэалізоўваць сёлета?
– Так. Усе ўжо заўважылі, што пачалося асфальтаванне вуліц. Калі дазволяць фінансы, гэтая работа будзе працягвацца і надалей.
Здадзены на экспертызу праект будаўніцтва дзіцячага садка на 230 месцаў у мікрараёне вуліцы Барыкіна. Разлічваем ужо сёлета закласці фундамент новабудоўлі.
Таксама распрацоўваецца праектная дакументацыя на будаўніцтва ў мікрараёне вуліцы Барыкіна двух 60-кватэрных дамоў з перспектывай пачатку ўзвядзення ў наступным годзе. Гэта будзе жыллё або па дзяржзаказу, або арэнднае.

Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *