Абмяркоўваем Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

Общество

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў са штогадовым Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Жыхары Чэрвеньшчыны распавядаюць пра тое галоўнае, на што звярнулі ўвагу, дзеляцца думкамі наконт асноўных тэзісаў, агучаных кіраўніком дзяржавы.

Аляксандра РАМАНЬКОВА, намеснік старшыні раённай ветэранскай арганізацыі:
— Тэмы, закранутыя ў Пасланні, важныя і актуальныя, і сказана ўсё было своечасова. Мы бачым, што Прэзідэнт праводзіць шмат сустрэч з замежнымі лідарамі, абмяркоўвае перспектывы супрацоўніцтва краін, у тым ліку і эканамічныя. Гэта правільна — наладжваць сувязі, прыцягваць інвестыцыі ў вытворчасць.
Асноўным прынцыпам у працы прадпрыемстваў павінна стаць захаванне тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліны. Пра яе шмат сказана, бо ад тэхналогіі вытворчасці і арганізацыі працы залежыць якасць прадукцыі. Не будзе якасці — не будзе і экспарту.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на тое, што сёння патрабуе ўдасканалення сістэма адукацыі, не кажучы пры гэтым пра якуюсьці яе рэформу ці ломку. Гэта вельмі ўзважаны і абдуманы падыход, бо важна не страціць тыя традыцыі нашай школы, якія выгадна вылучаюць яе на постсавецкай прасторы.

Аляксандр ФЯДОСАЎ, слесар-сантэхнік:
— Прэзідэнт у сваёй прамове закрануў шырокае кола пытанняў, абазначыў шэраг праблем, якія патрабуюць неадкладнага рашэння.
Ён звярнуў увагу на работу з інвестарамі, без адрознення — айчынныя яны ці замежныя. Як вядома, у свеце найбуйнейшым інвестарам з’яўляецца Кітай. З гэтай краінай у нас склаліся добрыя адносіны, і мы можам на свае вочы бачыць развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва: побач з намі, у Смалявіцкім раёне, ідзе будаўніцтва індустрыяльнага парка «Вялікі камень».
Інвестыцыі — гэта абмен вопытам, новыя прадпрыемствы, значыць, і рашэнне праблемы занятасці насельніцтва. Трэба, каб як мага больш людзей працаздольнага ўзросту былі ўцягнуты ў вытворчую дзейнасць.
Я згодны з тым, што ў школах неабходна добра прадуманая прафарыентацыйная праца, каб у выпускніка было дакладнае ўяўленне аб той справе, з якой ён хоча звязаць жыццё, каб аднойчы не расчаравацца ў сваім выбары.

Алена БЕЛАКАБЫЛАВА, педагог-псіхолаг:
— Прэзідэнт у сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу закрануў шэраг найважнейшых тэм, якія тычацца ўсіх бакоў жыцця грамадства, звярнуў увагу на праблемныя моманты.
Неаднаразова падкрэслівалася, што Беларусь з’яўляецца не толькі незалежнай і суверэннай, але і міралюбівай дзяржавай: яна стала гасцінным домам для прадстаўнікоў многіх народаў.
У Пасланні быў зроблены акцэнт на выхаванні маладога пакалення. Прэзідэнт падкрэсліў, што краіне патрэбны кваліфікаваныя кадры. Іх падрыхтоўку без якасных падручнікаў і дапаможнікаў, без сістэмы адукацыі, арыентаванай на практыку, цяжка ўявіць.
Правільна было сказана і аб дзяржаўнай падтрымцы таленавітых і творчых асоб.

Падрыхтавала Сняжана КАЎГАРЭНЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *