Злачыннасць сярод непаўналетніх у мінулым годзе знізілася ўдвая

Безопасность

Гэта стала магчымым дзякуючы мэтанакіраванай зладжанай прафілактычнай рабоце ўсіх зацікаўленых ведамстваў, — сказаў у гутарцы з карэспандэнтам «Раённага весніка» Андрэй Мірановіч, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх раённага аддзела ўнутраных спраў,
маёр міліцыі.

— Андрэй Уладзіміравіч, колькі непаўналетніх зараз на ўліку ў інспекцыі? Хто яны?

— На прафілактычным уліку 34 непаўналетніх, з іх 33 хлопцы і адна дзяўчына (у 2015 годзе было 52). Гэта вучні школ — 15 чалавек, навучэнцы Смілавіцкага аграрнага каледжа — 4, Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя — 5, Смілавіцкага сельскагаспадарчага ліцэя — 9. З іншых навучальных устаноў — 1 чалавек. Становішча пражывання 12 непаўналетніх прызнана сацыяльна небяспечным.

— Колькі злачынстваў здзейснілі непаўналетнія і якія?

— Летась непаўналетнімі здзейснена 11 злачынстваў (у папярэднім годзе — 22). Гэта: наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў — 1 злачынства, наўмыснае прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў — 1, крадзяжоў — 4, хуліганстваў — 2, за незаконны абарот наркатычных сродкаў — 3. У параўнанні з мінулым годам значна зменшылася колькасць крадзяжоў: у 2015 годзе было 13. Чатыры злачынствы здзейснены ў стане алкагольнага ап’янення. У Чэрвені — 5 злачынстваў, на вёсцы — 6. Два чалавекі асуджаны і па прыгавору суда адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.

— Якія прафілактычныя мерапрыемствы праводзілі і якія іх вынікі?

— Гэта правядзенне рэйдаў па адпрацоўцы месцаў канцэнтрацыі моладзі, наведванне сем’яў, навучальных устаноў і іншыя. Іх вынік — прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці 168 чалавек (у папярэднім годзе — 196). Правапарушэнні былі такія: дробнае хуліганства, распіццё спіртных напояў і з’яўленне ў грамадскіх месцах у п’яным выглядзе, уцягненне непаўналетняга ў антыграмадскія дзеянні, курэнне ў забароненым месцы, невыкананне абавязкаў па выхаванню дзяцей, парушэнне правілаў гандлю, допуск непаўналетніх на начныя дыскатэкі, невыкананне абавязкаў па суправаджэнню непаўналетніх у начны час, парушэнне Дэкрэта №6 «Аб неадкладных мерах па процідзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў».

— Колькі дзяцей прызнана знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы? Якая работа вядзецца з іх сем’ямі?

— На першае студзеня 2017 года ў раёне пражывае 73 сям’і (у 2015 годзе — 56), дзе выхоўваецца 162 дзіцяці (2015 -128), якія прызнаны знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта вынік 170 рэйдавых мерапрыемстваў, якія праводзіліся сумесна з іншымі зацікаўленымі ведамствамі ў мэтах узмацнення адказнасці бацькоў за выхаванне і ўтрыманне дзяцей, выяўлення і ўліку нядобранадзейных сем’яў, ухілення прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць узнікненню сямейнай нядобранадзейнасці. Па месцы жыхарства праверана 159 сем’яў, дзе пражываюць непаўналетнія дзеці. На выкананне паступіла 12 рашэнняў камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама аб прызнанні 22 дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай ахове, 4 рашэння паступілі з іншых раёнаў.

Супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх, дзяржаўтаінспекцыі, участковымі інспектарамі міліцыі ва ўстановах адукацыі праведзена 248 выступленняў з дэманстрацыяй фільмаў прафілактычнай накіраванасці. На бацькоўскіх сходах ва ўстановах адукацыі і арганізацыях раёна праведзены гутаркі, на якіх бацькам растлумачаны нормы адміністрацыйнага і крымінальнага заканадаўства.

— Як выкрываюцца злачынствы і правапарушэнні?

— Нашы супрацоўнікі па лініях усіх службаў выкрылі 10 злачынстваў (2015 — 5), у тым ліку па лініі крымінальнага вышуку — 4 (2015 -2). З 11 злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі і пры іх удзелу, супрацоўнікамі інспекцыі выкрыта 5. У выкрыцці злачынстваў і правапарушэнняў адчувальную дапамогу аказваюць адміністрацыя Смілавіцкага сельгасліцэя, СШ №2 і №3 г.Чэрвеня і Новазелянкоўскай школы. Цесна супрацоўнічаем з камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама, аддзелам адукацыі, непасрэдна з установамі адукацы, грамадскімі арганізацыямі, БРСМ, участковымі міліцыянерамі і ўстановамі аховы здароўя.

— У чым поспех работы?

— У раннім выяўленні схільнасці да правапарушэнняў, а таксама нядобранадзейных сем’яў. Неабходна выявіць прычыны гэтай схільнасці і весці неабходную прафілактычную работу.

— Якая галоўная прычына, на Ваш погляд, у тым, што падлеткі здзяйсняюць правапарушэнні?

— Як паказвае мая шматгадовая практыка (працуе Андрэй Уладзіміравіч у інспекцыі амаль 14 гадоў — аўт.), галоўная прычына — адсутнасць кантролю з боку бацькоў. Дзе, чым займаецца дзіця — многія бацькі не могуць адказаць на гэтыя пытанні.

— Хто працуе разам з Вамі і дзеліць усе прыемныя і непрыемныя моманты нялёгкай працы?

— Гэта мае паплечнікі, зладжаны калектыў аднадумцаў: старшы інспектар, маёр міліцыі Яўген Арочка, яго сфера дзейнасці саблюдзенне рэалізацыі Дэкрэта №18 і інспектары па справах непаўналетніх: Марыя Гільніч, Эльвіра Гасымава і Алена Вяршыніна. У кожнага з іх ёсць свой непасрэдны ўчастак і аб’ём работы, з якім яны добра спраўляюцца.

— Дзякуй, Андрэй Уладзіміравіч, за размову. Вашаму калетыву — далейшых поспехаў у працы.

Гутарыла Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *