Рабочая паездка ў наш раён

Местная власть

На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Пётр Атрошчанка наведаў наш раён. Ён правёў прыём грамадзян у Калодзежскім сельвыканкаме і «прамую лінію» ў Смілавіцкім. Пытанні, з якімі звярталіся да дэпутата жыхары гэтых сельскіх Саветаў, тычыліся, у асноўным, прыватнага жыцця (спілавання аварыйнага дрэва, прыватызацыі жылля) і вырашаліся на месцы.

Акрамя гэтага, падчас рабочай паездкі парламентарый наведаў сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна, дзе цікавіўся пачаткам веснавой сяўбы. Разам са старшынёй райвыканкама Андрэем Зубарам дэпутат завітаў у ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс». Галоўны аграном Аляксандр Забаўскі расказаў, як рыхтавалі тэхніку, якія ўзнікалі праблемы, як іх вырашалі. Ён зазначыў, што агрэгаты ўжо шчыруюць на палетках: уносяць арганічныя ўгнаенні, праводзяць падкормку ворыва глебы. На гэтым тыдні плануюць пачаць сяўбу ранніх яравых. Іх у гаспадарцы трэба пасеяць 1190 гектараў. Усё насенне кандыцыйнае, не ніжэй першай рэпрадукцыі.

Падчас сустрэчы з жывёлаводамі малочнатаварнай фермы гэтай гаспадаркі гаворка ішла аб вытворчасці малочнай прадукцыі, падрыхтоўцы да пашагава перыяду. Таксама Пётр Аляксеевіч цікавіўся ўмовамі працы і быту, заработнай платай і мерамі матэрыяльнага стымулявання.
Дэпутат станоўча адзначыў убачанае ў дзень сваёй паездкі ў наш раён.
-Прыемна, што людзі ўсведамляюць важнасць сваёй працы і нацэлены на канчатковы вынік, — падкрэсліў ён. — А мне, як дэпутату, неабходна ведаць іх настрой, праблемы, быць у курсе ўсіх вытворчых пытанняў раёна, каб мець магчымасць, калі спатрэбіцца, аказаць дзейсную дапамогу. Таму такія рабочыя паездкі — важная частка маёй парламенцкай дзейнасці, і яны будуць працягвацца.

Людміла РАБЕЦКАЯ. Фота Алены Канстанціновіч



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *