Прызнаны лепшымі: загадчык дзіцячага садка №1 г.п Смілавічы Жанна Брэчка

Люди и судьбы

Выхаванцы ідуць сюды з задавальненнем. А як жа інакш? Тут ад брамы пачынаецца казка. Нават зімой. Разам з выхавальнікамі дзеці ствараюць яе самі. І снегавікоў лепяць, і крэпасць будуюць.

А летам, па словах загадчыка гэтай дзіцячай дашкольнай установы Жанны Міхайлаўны Брэчка, тут можна павандраваць па «Экалагічнай сцежцы», на якой ёсць сажалка з вербамі, куточкі поля, лесу. Дзеці працуюць у невялічкім агародзіку. А для работы ў іх — спецыяльныя касцюмы, рыдлёўкі, граблі і цялежкі. Яны садзяць агародніну, назіраюць, як развіваюцца расліны, даглядаюць іх, збіраюць ураджай. Выхаванцаў прывучаюць да элементарнай працоўнай дзейнасці. Ёсць і дзіцячае кафэ. Функцыяніруе яно ў цёплы перыяд года. Столікі з абрусамі і кветкамі. Тут дзеці адпачываюць, пьюць сокі. На летні перыяд абсталёўваецца пляж і напаўняецца вадой вялікі басейн. Дзеці прымаюць сонечныя ванны. У спякоту хаваюцца пад парасоны. Ёсць нават «куточак адпачынку і зацішку», дзе дзіця мае магчымасць пабыць некаторы час у «адзіноце». Абсталяваны шэсць гульнёвых і спартыўная пляцоўка.
На двары таксама абсталяваны метэастанцыя, пляцоўкі: «Касмічная», «Юны інспектар» з пастом ДАІ і светлафорам і «Юны выратавальнік», дзе дзеці абыгрываюць розныя сітуацыі.
У садку працуе шэсць груп, якія наведваюць 134 дзіцяці. Педагагічны калектыў установы ўкараніў у работу новыя формы дашкольнай адукацыі. Гэта мацярынская школа, прагулачная група і групы вячэрняга і ранішняга знаходжання выхаванцаў. Па жаданню бацькоў аказваюцца дадатковыя адукацыйныя паслугі ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі: фізкультурна-аздараўленчы гурток з элементамі харэаграфіі, гурткі музычны і «Ручное ткацтва».
Для бацькоў у кожнай групе аформлены стэнды з разнастайнай інфармацыяй, палічкі, на якіх размяшчаюцца дзіцячыя малюнкі і вырабы.
З дзецьмі працуюць адзінаццаць педагогаў. Восем з іх — з вышэйшай адукацыяй, шэсць педагогаў з першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, дзевяць маюць сертыфікаты карыстальніка інфармацыйных тэхналогій у адукацыі.
Уся прыгажосць на двары і ў групах — размаляваныя казачнымі персанажамі сцены, куточкі для сюжэтна-ролевых гульняў — створана рукамі педагогаў, а таксама памочнікаў выхавальніка, намесніка загадчыка і загадчыка.
Дзеці маюць магчымасць гуляць у «магазін», «хуткую дапамогу», «бальніцу», «атэлье» па пашыву адзення, «пошту», у «касманаўтаў», у «сям’ю», у «кніжны дом», «заправачную станцыю». Неабходныя прадметы для гэтых гульняў рабілі і бацькі, і ўвесь персанал садка. У «магазіне» — поўны асартымент харчовых тавараў: каўбасы, яйкі, хлеб, садавіна, агародніна і іншыя. Ёсць спецадзенне для прадаўца, касавы апарат, вагі. У «бальніцы» вас сустракае «рэгістратура», тут прапануюць надзець бахілы, каб не разносіць інфекцыю. «Урачы» — у белых халатах. У «сям’і» на стале — самыя разнастайныя прысмакі: бліны, смажаныя яйкі, нават новая для нас страва — японскае сушы.
Вялікая ўвага ў садку надаецца фарміраванню ў дзяцей асновы бяспечнай жыццядзейнасці. У кожнай групе абсталяваны куточкі бяспекі. Створаны і асобны пакой па гэтай тэматыцы. Тут устаноўлены макеты, якія імітуюць пажарную тэхніку, касцюмы. Ёсць зварачны апарат, запраўка, мыйка, спецвопратка, каскі. Усё зроблена з мяккіх матэрыялаў, каб дзеці падчас гульні не атрымалі траўмы.
У музычнай і адначасова фізкультурнай зале — карціна, намаляваная ў фармаце 3D. Ствараецца ўражанне, што ў яе можна зайсці — яна аб’ёмная.
— У нас шмат перамог у разнастайных конкурсах, — гаворыць Жанна Міхайлаўна. — Толькі за апошнія тры гады мы занялі прызавыя месцы ў раённых конкурсах: «Лепшая тэматычная пляцоўка», «Лепшае прадметна-развіваючае асяроддзе», «Лепшая сюжэтна-ролевая гульня», у раённым фестывалі «Бяспечнае дзяцінства», конкурсе «Свет дзяцінства» і іншых. У нас ёсць Рэспубліканскі Дыплом пераможцы конкурсу «Цацка сваімі рукамі». Па выніках работы ў 2015 годзе наш садок прызнаны лепшым у намінацыі «Лепшая дашкольная ўстанова».
— Гэта стала магчымым дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго нашага калектыву, — падкрэсліла загадчык. — Усе ўкладваюць у работу душу, каб нашым выхаванцам было і цёпла, і сытна, і добра, і пазнавальна, стараюцца стварыць дзецям камфорт, утульнасць і казку. Калі мы ўсё гэта робім? І ў выхадныя, і дома, і на рабоце, калі выдаецца свабодная хвілінка. У нас усе творчыя работнікі, таленавітыя. Усе любяць сваю работу. Ніхто не дзеліць яе на сваю і не сваю. І выхавальнікі, і памочнікі выхавальнікаў працуюць творча. Я стараюся штосьці зрабіць, маляваць умею. Музычны кіраўнік таксама, кіраўнік фізічнага выхавання, зараз у войску служыць. Чакаем яго вяртання да нас з нецярплівасцю. Увосень абяцаў вярнуцца.
Жанна Міхайлаўна пасля заканчэння Барысаўскага педагагічнага вучылішча прыйшла сюды працаваць выхавальнікам. Пазней скончыла педагагічны ўніверсітэт і з 2003 года — загадчык.
— Вельмі люблю дзіцячы сад, — сказала яна. — Калі стала кіраўніком, сумавала па дзецях, прыходзіла ў групы, каб з імі пабыць, пагуляць. Не хапала мне гэтага. Зараз хапае адміністрацыйнай, арганізацыйнай работы.
У дзіцячай установе створаны неабходныя ўмовы для паўнавартаснага фізічнага і эмацыянальнага развіцця, выхавання, забяспечваюцца бяспечныя ўмовы для знаходжання выхаванцаў.
Праца калектыву дзіцячага садка не засталася без увагі. Па выніках работы за 2016 год гэта навучальная ўстанова сярод устаноў дашкольнай адукацыі прызнана лепшай.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *