Прызнаны лепшымі: бібліятэкар Горкаўскага Дома фальклору Святлана Вайцяховіч

Общество

Бібліятэкар Горкаўскага дома-фальклору Святлана Вайцяховіч мясцовая жыхарка: тут нарадзілася, замуж выйшла і вось ужо 32 гады працуе на адным месцы ў роднай вёсцы Горкі. Нават адукацыю бібліятэкара атрымлівала завочна, без адрыву ад пастаяннага месца працы, ў Магілёўскім бібліятэчным каледжы.

Яе добра ведаюць і паважаюць вяскоўцы. Яна шчаслівая жонка і маці. Рана пайшла замуж, але ні разу не пашкадавала аб гэтым. Адчувае ад мужа толькі ўвагу, спачуванне і пяшчоту. Трое дзетак, ужо дарослыя. Дачка Юля працуе медсястрой у Чэрвені, мае сваю сям’ю, дачка Вольга вучыцца ва ўніверсітэце імя Сахарава, будучы эколаг, мае сям’ю, сын Аляксандр — афіцэр, служыць у войсках ВПС Беларусі, мае ўзнагароды, жанаты, яго сыночку Мікіту чатыры гады. У картатэцы Горкаўскай бібліятэкі 300 чытачоў, з іх 260 дарослых і 40 вучняў. Нягледзячы на сучасныя сродкі сувязі і магчымасць знаходзіць інфармацыю самастойна, да Святланы Іванаўны пастаянна звяртаюцца па дапамогу і старыя, і малыя.
— Цяпер, на жаль, чытаюць менш, чым раней, — гаворыць Святлана. — У большасці жанчыны. Папулярныя жаночыя раманы, дэтэктывы, гістарычная літаратура. Таксама запатрабаваныя розныя часопісы і газеты. Асабліва «раёнка». Тут важна скласці архіў, бо звяртаюцца да матэрыялаў газеты чытачы ў розны час: каму штосьці перачытаць, каму знайсці неабходныя статыстычныя даныя, каму адшукаць сябра дзяцінства праз віншаванні.
— Адным з накірункаў дзейнасці бібліятэкі з’яўляецца краязнаўства, — працягвае размову бібліятэкар. — Сабраць, сістыматызаваць і захаваць унікальны матэрыял аб роднай вёсцы, яе жыхарах, заслужаных і знакамітых земляках, зрабіць матэрыял даступным кожнаму карыстальніку — у гэтым сэнс маёй работы. Вялікі матэрыял сабраны пра брыгаду «За Радзіму» імя Флегантава, якая дзейнічала ў нашым Зенанпольскім лесе, дзе вядзецца аповед пра сястру «Хатыні»- «Макаўе». Збіраць інфармацыю мне дапамагаюць удзельнікі аматарскага аб’яднання «Фалькларыст». Праводзіцца сумесная работа з Горкаўскім домам-фальклору (дырэктар Таццяна Савонава, мастацкі кіраўнік Ірына Маркушэўская, акампаніатар Аляксандр Каленік). Часта ладзяцца сумесныя мерапрыемствы. Запамінальным быў вечар-сустрэча «Подзвіг і памяць.Афганістан», у якім прымаў удзел наш зямляк, воін-інтэрнацыяналіст Фёдар Кадоліч.
Па выніках агляду-конкурсу па добраўпарадкаванню тэрыторыі сярод устаноў культуры за мінулы год Горкаўскі дом-фальклору заняў першае месца ў раёне і трэцяе ў вобласці сярод устаноў аналагічнага тыпу.
Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *