Прызнаны лепшымі: Азёрнаўскі фельчарска-акушэрскі пункт

Люди и судьбы

Па выніках за 2016 год Азёрнаўскі ФАП прызнаны лепшым у раёне сярод медыцынскіх устаноў гэтай катэгорыі.
Загадчык на ім — фельчар з вышэйшай катэгорыяй і вялікім вопытам работы Алена ГАЛУБЕЦ. На яе абслугоўванні 530 чалавек.
Пераступіўшы парог будынку ФАПа, адразу адчула характэрны пах медыцынскай установы. Толькі на гэты раз да яго далучыўся пах свежай фарбы і будаўнічых матэрыялаў. Загадчык Алена Сямёнаўна Галубец распавяла:
— Нядаўна на ФАПе завяршыўся капітальны рамонт. Работы было шмат. Памянялі столь, падлогу, вокны, дзверы, адрамантавалі сцены і аздобілі іх згодна санітарных нормаў адпаведнымі будаўнічымі матэрыяламі: у працэдурным і акушэрскім кабінетах — сайдзінгам для ўнутраных работ, у іншых пакоях — гіпсакардонам і пакрылі спецыяльнай фарбай.
Праводку таксама прывялі ў парадак. Замянілі батарэі ацяплення і трубы. У кожным пакоі зараз ёсць вада, устаноўлены мойкі, дазатары з вадкім мылам. Абсталявалі прыбіральню. На вокнах — жалюзі. Вельмі зручна. Устаноўлены свяцільні таксама такія, якія можна апрацоўваць дэзінфіцыруючымі сродкамі. Выдзелілі мне і тумбачкі новыя, мэблю патрэбную. Дзякуй кіраўніцтву раённай бальніцы. Працаваць зараз у такім памяшканні — адно задавальненне.
Падчас рамонту пераязджала ў кантору ААТ «Рыбгас «Волма». Вельмі ўдзячна дырэктару Аляксандру Яўгенавічу Кулікоўскаму, выдзеліў мне актавую залу вялікую. Усё сваё абсталяванне перавозіла туды. За адзін дзень гэта зрабіла.
Пасля рамонту трэба было ўсё вымыць, вычысціць. Усё сваімі рукамі. У санітаркі толькі палова стаўкі. Ніхто не хоча ісці на такія грошы.
Зараз ёсць на ФАПе ўсё неабходнае абсталяванне: медыцынская шафа, халадзільнік, сухажаравая шафа для стэрылізацыі інструментаў, перасоўны апрамяняльнік. Хапае дэзінфіцыруючых сродкаў і медыкаментаў.
Ёсць медыкаменты, якія прыгатаваны спецыяльна для аказання першай экстрэннай медыцынскай дапамогі: па анафілаксіі, гіпертаніі, менінгіту і іншыя.
У нас дачная зона. Прыгожая прырода, ёсць дзе адпачыць, пакупацца. Шмат не зарэгістраваных людзей летам пражывае. Дзяцей шмат прыязджае на канікулы. Усё гэта — мой клопат. Здараецца шмат непрадугледжанных выпадкаў. Не адкажаш жа нікому.
Шмат работы з пажылымі людзьмі, пенсіянерамі, інвалідамі. Патранірую ўсіх. Флюараграфічным аглядам ахоплена 87% насельніцтва, якое падлягае гэтаму агляду. Атрымалася так таму, што не было сёлета перасоўнага апарата для флюарагарафіі. Дзякуй Богу, няма ў нас запушчаных выпадкаў хвароб.
Цыталагічным аглядам ахоплена 98% жанчын. Гэта добры паказчык. Асаблівую ўвагу надаю рабоце з цяжарнымі. Жанчыны прыходзяць на прыём рэгулярна. Мамы зараз клапоцяцца аб тым, каб нарадзіць здаровае дзіця, таму і прыходзяць самі. Нядобранадзейных сярод іх няма. Немаўлят у нас чацвёра, 58 дзяцей да 14 гадоў.
Добра, калі чалавек сам дбае пра здароўе, — дадала Алена Сямёнаўна. — Але іншы раз не абыходзіцца без строгасці і патрабавальнасці.
А гэтыя якасці ў фельчара ёсць, таму і вынікі яе работы добрыя.
Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *