Памяць, пранесеная праз чвэрць стагоддзя

Спорт

Мінулымі выхаднымі ў Чэрвені адбыўся 25-ы турнір па міні-футболу памяці выкладчыка фізвыхавання ПТВ-80 (зараз — будаўнічы ліцэй) Мікалая Міцкевіча.
Пераходны Кубак спаборніцтваў заваявала каманда раённага аддзела ўнутраных спраў.
У суботу і нядзелю Чэрвеньскі будаўнічы ліцэй ў 25-ы раз прымаў турнір па міні-футболу памяці Мікалая Міцкевіча.
За час, што прайшоў пасля заўчаснага адыходу з жыцця гэтага адметнага, шматгранна таленавітага чалавека, нарадзілася і вырасла цэлае пакаленне. Але і праз чвэрць стагоддзя тыя, хто памятае Мікалая Іванавіча, і тыя, хто ведае пра яго толькі з аповедаў старэйшых, прыходзяць у навучальную ўстанову, дзе ён працаваў выкладчыкам фізвыхавання, і гульнёю ў футбол аддаюць яму даніну павагі.

Момант фінальнага матчу “РАУС” – “ЖКГ-Барыкіна”

Падчас урачыстага адкрыцця спаборніцтваў з прывітальным словам да іх удзельнікаў звярнуўся дырэктар ліцэя Сяргей Шамрук. Цёплымі ўспамінамі пра бацьку падзяліўся сын Мікалая Міцкевіча Андрэй, які разам з братам Максімам заўсёды з цікавасцю сочыць за барацьбой на турніры.
У гульнях групавога этапу ўдзельнічала сем каманд. У групу “А”, паводле лёсавання, трапілі мінулагоднія пераможцы турніру – футбалісты калектыву аматараў футболу “Смілавічы”, а таксама каманды раённага аддзела ўнутраных спраў, ПМК-237 і госці з Барысава. У групе “Б” высвятлялі адносіны аб’яднаная каманда камунгаса і “Вуліцы Барыкіна”, каманда “Красная Ніва” і гаспадары пляцоўкі – футбалісты Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя.
У стартавай гульні каманду “Барысаў” экзаменаваў дзеючы ўладальнік кубка – КАФ “Смілавічы”. Барысаўчане трымаліся да сярэдзіны першага тайма, пакуль двойчы не прапусцілі, а пасля перапынку нічога не здолелі супрацьпаставіць грознаму і вопытнаму саперніку, саступіўшы ў выніку – 1:6.

Лепшы ігрок турніру Аляксей Ганчарык

Каманда “ЖКГ-Барыкіна” стартавала на турніры з упэўненай перамогі над ліцэістамі – 7:2. А каманда “РАУС” у другім тайме зламала супраціўленне футбалістаў “ПМК-237”, атрымаўшы “сухую” перамогу – 3:0. Спартсмены ліцэя і ў другім сваім матчы прайгралі з буйным лікам – 3:13. Іх “крыўдзіцелем” стала “Красная Ніва”.Дзве наступныя сустрэчы трымалі ў напружанні ўсіх да апошняга. Барысаўчане за дзве секунды да фінальнага свістка здолелі пазбегнуць паражэння ў матчы з будаўнікамі – 6:6, а КАФ “Смілавічы” за такі ж прамежак часу з пенальці параўнаў лік у матчы з “РАУС” – 1:1.
Сустрэча “ЖКГ-Барыкіна” – “Красная Ніва” вырашала, хто з гэтых каманд зойме першае месца ў групе, а хто другое. Падобна, што “краснаніўцам” дастаткова было проста выхаду ў фінальную частку турніру. Ва ўсякім разе, барацьбы ў матчы не атрымалася: “ЖКГ-Барыкіна” перамагла – 8:1. Яшчэ адзін буйны лік быў зафіксаваны ў перадапошняй сустрэчы першага гульнявага дня спаборніцтваў: “РАУС” разграміў “Барысаў” – 10:2.
А вось у заключным суботнім матчы КАФ “Смілавічы” – “ПМК-237” на коне стаяла пуцёўка ў паўфінал. Напружаны паядынак скончыўся ўнічыю – 2:2 – і пакінуў будаўнікоў ні з чым.
Такім чынам, у фінальную частку турніру з групы “А” выйшлі “РАУС” і КАФ “Смілавічы”, з групы “Б” – “ЖКГ-Барыкіна” і “Красная Ніва”. У нядзелю яны прадоўжылі барацьбу за пераходны кубак.
У першым тайме паўфінальнага матча “РАУС” – “Красная Ніва” ад пачатку пашанцавала прадстаўнікам праваахоўных органаў. Ужо на трэцяй хвіліне гульні ігрок “Краснай Нівы” патрапіў мячом у столь, што па прынятых правілах гульні ў спартзале ліцэя караецца пенальці. Яго дакладна выканаў Сяргей Качановіч. А незадоўга да перапынку Дмітрый Равіна з перадачы Аляксея Ганчарыка замацаваў поспех сваёй каманды – 2:0. У другім тайме каманда “РАУС”, дзякуючы трапным ударам Сяргея Качановіча, Дзмітрыя Равіны і Алега Сушкевіча, давяла сустрэчу да пераканаўчай перамогі – 5:0.

Сын Мікалая Міцкевіча Максім уручае ўзнагароды капітану каманды “РАУС” Сяргею Качановічу

Другі паўфінал атрымаўся куды больш баявым. Першы тайм паміж “ЖКГ-Барыкіна” і КАФ “Смілавічы” скончыўся ўнічыю – 3:3. У смілаўчан хет-трык аформіў Аляксандр Хасяневіч, у аб’яднанай каманды вызначыліся Дзмітрый Чысты, Павел Лаўрык і Аляксандр Мальцаў. У другім тайме сапернікі таксама гулялі мяч у мяч: на гол Дзмітрыя Чыстага адказаў Вадзім Апацкі, на гол Сяргея Сасункевіча – Аляксандр Хасяневіч. І, усе ж, на апошняй хвіліне сустрэчы прыцэльны дальні ўдар Аляксандра Курыловіча вывеў у фінал “ЖКГ-Барыкіна” – 6:5.
Смілаўчанам давялося амаль без адпачынку гуляць матч за трэцяе месца з камандай “Красная Ніва”. Таму і не дзіва, што за 4 хвіліны да заканчэння сустрэчы яны саступалі – 2:5. А далей адбылося штосьці неверагоднае: футбалісты КАФ “Смілавічы” здолелі дамагчыся нічыёй у асноўны час – 5:5, а потым і перамагчы ў серыі пасляматчавых пенальці.
Яшчэ цікавейшай атрымалася развязка фінальнай сустрэчы. Прайграючы камандзе “РАУС” – 0:3 за 6 хвілін да заканчэння асноўнага часу сустрэчы (два мячы забіў Аляксей Ганчарык, адзін – Алег Сушкевіч), ігракі “ЖКГ-Барыкіна”, намаганнямі Яўгена Канашэвіча, Сяргея Сасункевіча і Аляксандра Мальцава, параўналі лік – 3:3. Але ў выніку іх гэта не выратавала: пасляматчавыя пенальці больш дакладна прабілі футбалісты каманды “РАУС”, зрабіўшы такім чынам падарунак да 100-гадовага юбілею беларускай міліцыі.

Старшыня фізкультурна-спартыўнага клуба пры раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Прыступа ўзнагароджвае лепшага бамбардзіра турніру Аляксандра Хасяневіча

Пераходны кубак турніру заваявалі Сяргей Качановіч, Аляксандр Вяргейчык, Антон Аляшкевіч, Дзмітрый Равіна, Міхаіл Тарасік, Аляксей Ганчарык, Алег Сушкевіч, Яўген Цэдрык і Аляксандр Ліпніцкі. Каманды-пераможцы і прызёры ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і медалямі. Спецыяльныя прызы атрымалі: лепшы абаронца турніру Павел Лаўрык (“ЖКГ-Барыкіна”), лепшы бамбардзір турніру Аляксандр Хасяневіч (КАФ “Смілавічы”), лепшы ігрок турніру Аляксей Ганчарык (“РАУС”), а таксама варатар міні-футбольных каманд раёна і футбольнай каманды “Колас” (Чэрвень) Аляксандр Курыловіч – за значны ўклад у развіццё футбола.
Падпіскамі на газету “Раённы веснік” на другі квартал заахвочаны па аднаму іграку з каманд-фіналістак – Юрый Весялоў (“Красная Ніва”), Яўген Камісаранка (КАФ “Смілавічы”), Дзмітрый Чысты (“ЖКГ-Барыкіна) і Алег Сушкевіч (“РАУС”).

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *