Мінскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне склала рэйтынг усіх 168 лясніцтваў вобласці па выніках працы за мінулы год. Першае месца ў ім заняло Грабянецкае доследнае лясніцтва Чэрвеньскага лясгаса (ляснічы Аляксандр Корзун, памочнік ляснічага Ігар Шчакала).
Летась тут нарыхтавалі больш за 29 тысяч кубічных метраў драўніны, правялі высечкі догляду ў маладняках на 46 гектарах, выканалі работы па лесаўзнаўленню і лесаразвядзенню на 33,5 гектарах. Выручка ад лесагаспадарчай дзейнасці склала 669 тысяч рублёў.
— Поспеху паспрыяла адказнасць кожнага нашага работніка і зладжанасць калектыву ў цэлым, — гаворыць Аляксандр Корзун. — Як і многім, хто заняты ў лясной гаспадарцы, у мінулым годзе нам шмат давялося займацца ліквідацыяй наступстваў урагану: распрацоўвалі бураломы ў Грабёнскім лясніцтве.
Добрым падспор’ем у выкананні планаў па нарыхтоўцы драўніны стала для нас апошнім часам шматаперацыйная тэхніка — харвестар і фарвардар. З іх набыццём аб’ёмы нарыхтовак павялічыліся ўтрая.
Акрамя ўласна лясных клопатаў, дбаем і пра бытавыя ўмовы для работнікаў. Летась зрабілі ўнутраны капітальны рамонт у адміністрацыйным будынку лясніцтва. Сёлета разлічваем змяніць і яго знешняе аблічча.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара