Бацькоўскае шчасце — дзяўчынкі-двайняткі

Люди и судьбы

Колькі б вучоныя ні стараліся адгадаць сакрэты нараджэння двайнят і блізнят, гэта заўсёды будзе чароўным сюрпрызам і прыемнай нечаканасцю для бацькоў. З’ява не такая рэдкая, але і не частая ў жыцці. Напрыклад, у нашым раёне, пачынаючы з 2012 года, зарэгістравана 19 сямей з нараджэннем двайнят. Адна сям’я — у 2012 годзе, чатыры — у 2013, адна — 2014, шэсць — 2015, пяць сямей — у 2016 і, нават, у двух сем’ях за першыя два месяцы гэтага года. Дарэчы, сярод народжанных хлопчыкаў больш, чым дзяўчынак. А там, дзе абедзве дзяўчынкі, увогуле рэдкасць.

У пятніцу 13 сакавіка 2015 года ў сям’і Таццяны і Аляксея Зенчыкаў з Чэрвеня нарадзіліся двайняты — Аляксандра і Лізавета. З’явіліся на свет немаўляты з маленькай вагой ( 1 700 грам і 1 900 грам). Паўтара месяца знаходзіліся яны ў бальніцы ў Мінску, набывалі вагу, развіваліся пад наглядам урачоў. Увесь час побач былі мама і тата.
Аляксандра і Лізавета — першыя дзеці ў Тані з Аляксеем, доўгачаканыя і выпакутаваныя. Пазнаёміліся маладыя людзі ў 2008 годзе, ажаніліся ў 2012-ым. Узрост быў за трыццаць. Таццяна і Аляксей хацелі спачатку «стаць на ногі», быць незалежнымі ад бацькоў матэрыяльна. Каб мець добры заробак і аўтарытэт, патрэбна шмат і якасна працаваць.
Пазнаёміліся Таццяна і Аляксей у Мінску, хаця з дзяцінства жылі непадалёку адзін ад аднаго: яна — у Чэрвені, ён — у вёсцы Чарнаградзь. Маці Таццяны распачала рамонт ва ўласным доме, спатрэбіўся добрасумленны прафесійны майстар. Сяброўка параіла Аляксея (у яго свая справа па рамонту кватэр і вырабу мэблі). Сустрэліся, абмеркавалі заказ і пачалі сустракацца, а хутка і жыць разам. Потым згулялі вяселле.
Абставіны нараджэння дзяцей былі няпростымі для сям’і Зенчык — абодвум было за трыццаць. Урачы запэўнілі, што будзе двойня. Таццяна і Аляксей цярпліва выконвалі іх рэкамендацыі. Радасць стаць бацькамі блізнят напаўняла сэрца.
Па статыстыцы большая частка блізнят нараджаецца ў жанчын пасля трыццаціпяцігадовага ўзросту з фактарам спадчыннасці. На працягу трох апошніх пакаленняў у родзе Таццяны нараджаліся аднаполыя двайняты. Як правіла, немаўляты неданошаныя, з маленькай вагой, запаволенным развіццём у першыя месяцы жыцця (цяпер, дзякуй Богу, усё выправілася). У такі час патрэбна асаблівая ўвага і клопат бацькоў.
Таццяна ўдзячна Аляксею за дапамогу гадаваць блізнят. Каб забяспечыць родных, яму даводзілася шмат працаваць, але цярпліва падменьваў жонку начамі, калі плакалі немаўляты. Сумесныя клопаты і пераадоленне цяжкасцей загартавалі сям’ю Зенчыкаў.
Праз некалькі дзён мама і тата, бабулі і дзядулі, дзядзі і цёці будуць адзначаць два гады з дня нараджэння цудоўных дзяўчынак Аляксандры і Лізаветы. Тата і тут прыгатаваў адметны падарунак — амаль поўнасцю закончана будаўніцтва ўласнага дома ў вёсцы Чарнаградзь, паблізу бацькоў Аляксея. Сям’я мяркуе ўжо летам пачаць абжываць катэдж.
…Дзве дзяўчынкі-двайняткі растуць у сям’і Алены і Ігара Дзядзюлі. Алена з вёскі Чырвоны Дар, Ігар з Чэрвеня. Першае знаёмства адбылося ў чэрвеньскім рэстаране. Алена там працавала поварам. Больш сур’ёзныя адносіны ўзніклі, калі Ігар прыйшоў з войска. Ажаніліся ў 2008 годзе. Расце сынок Кірыл. Яму восем гадоў, вучыцца ў школе №4. Ён дапамагае маме няньчыць маленькіх сястрычак Карыну і Леру. У апошні дзень лютага ім споўнілася пяць месяцаў.
Жадаем гэтым мамам і ўсім чытачкам нашай газеты здароўя, бадзёрасці, мірнага неба і шчаслівай долі.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *