Старэйшая жыхарка раёна жыве ў Волме

Люди и судьбы

Ганне Іванаўне Капанец 98 гадоў. Нарадзілася ў 1918 годзе, усё жыццё пражыла ў Волме. У бацькоў было шасцёра дзяцей — пяць дачок і сын. Ганна — трэцяя ў сям’і. Зараз ужо нікога з тых родных няма ў жывых. У сваёй вёсцы скончыла дзяўчына чатыры класы. На гэтым яе адукацыя закончылася. У пятнаццаць гадоў пайшла працаваць у калгас. Работы было шмат і ўся ручная. Саджалі, палолі, восенню ўбіралі ўраджай.

У чэрвені 1941 года, у пятніцу, знянацку загарэўся млын, а ад яго палыхнула вёска. За лічаныя хвіліны не засталося ніводнага дома. А праз два дні, у нядзелю, пачалася вайна. У Рудні Астравітай размясціўся нямецкі гарнізон. У Волму фашысты наязджалі наскокамі. Жыхары туліліся па зямлянках, якія абсталявалі на тэрыторыі вёскі і ў лесе. Жыўнасць, каб не дасталася ворагу, трымалі, пасвілі і даглядалі ў лесе.
Жаніх Ганны, Іван Капанец, да вайны служыў у войску ва Уруччы. Пасля ваяваў у складзе партызанскага атрада, быў разведчыкам, не раз трапляў у складаныя небяспечныя сітуацыі.
Адразу пасля вайны яны пабраліся шлюбам. Першымі на вёсцы паставілі сваю невялічкую хату. Усе прыбудовы рабілі пазней. Трымалі вялікую хатнюю гаспадарку: каровы, свінні, качкі, гусі, куры. Патрэбна было не толькі самім карміцца, але і здаваць дзяржаве харчовы падатак. Іван Данілавіч працаваў у калгасе на розных пасадах, яго паважалі, да яго разважанняў прыслухоўваліся. Меў шмат граматаў і падзяк ад кіраўніцтва гаспадаркі (калгас імя Леніна) і раёна.
— Ён не ўжываў спіртных напояў, ні разу не павысіў на мяне голас, — распавядае Ганна Іванаўна. — Дапамагаў па гаспадарцы, не дзяліў хатнюю работу на мужчынскую і жаночую. Я з ім пражыла добрае і спакойнае жыццё. Нарадзілася у нас двое дзетак — сын Іван і дачка Соф’я. Ёсць тры ўнукі і сем праўнукаў.
На жаль, пяць гадоў таму пайшоў з жыцця Іван Данілавіч. Было яму 96 гадоў. Дарэчы, ні Ганна, ні Іван ніводнага разу не лячыліся ў бальніцы, амаль не звярталіся да ўрачоў. І сёння Ганна Іванаўна не скардзіцца на здароўе. Толькі ногі падводзяць, прыходзіцца рухацца па хаце з табурэткай. Любіць Ганна Іванаўна паглядзець тэлевізар. Шматлікія серыялы не паважае. З цікавасцю глядзіць і слухае навіны. Хоча быць у курсе спраў у краіне і за межамі.
Зараз даглядаюць яе дачка з зяцем, часта прыязджаюць унукі. У размове Соня ўспомніла, што, калі яна была ў сёмым класе, лепшых вучняў прэміравалі паездкай на навагоднюю ёлку ў Маскву. Не было ў яе прыстойнага абутку, толькі старыя шытыя-перашытыя чаравічкі. І Ганна Іванаўна пайшла пешшу ў Мінск, каб купіць дачцы абутак. Гэта было звычайнай справай для яе аднавяскоўцаў. Хадзілі пешшу ў Мінск на базар і ў магазіны.
-Усё жыццё мы з мужам і нашы аднавяскоўцы працавалі, рухаліся. Нават дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, працягвалі працаваць. Сёння маладыя людзі маюць ежу не такую, якую ўжывалі мы, носяць адзенне прыгожае і дыхтоўнае — мы і не марылі аб такім. Кожны, хто не злоўжывае спітным, мае працу, мае ўласны аўтамабіль, утульны дом. Але некаторыя маладыя ўсё роўна скардзяцца на жыццё, незадаволены лёсам. Чаму так?
Успаміны Ганны Іванаўны, яе мудрыя разважанні аб душэўнай гармоніі, аб адносінах паміж людзьмі напоўнены цяплом, удзячнасцю Богу і людзям.
Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *