Алу Мікалаеўну Керакуліеву, паштальёна Раваніцкага аддзялення паштовай сувязі застала за работай. З вялікай сумкай яна накіроўвалася ў хату Валянціны Мікалаеўны Шатрун, якая ўжо чакала паштарку на парозе свайго дома. Убачыўшы нас разам, запрасіла абедзвюх да сябе.
Уладкаваўшыся ў гасціннай гаспадыні на канапе, пачалі размову.
— Семнаццаць гадоў працую паштальёнам, — паведаміла Ала Мікалаеўна. — Ужо і на заслужаным адпачынку, але працягваю працаваць. Сама я мясцовая, з вёскі Гацец. Жыла некаторы час у Мінску, працавала прадаўцом. Па сямейных абставінах пераехала да мамы. Пазней купіла сабе кватэру ў Раванічах.
Спачатку абслугоўвала вёскі Гацец і Слабаду, праз некаторы час перавялі ў Раванічы, за мной засталася частка гэтай вёскі і Гатец. Калі апошнюю перавялі на мотаабслугоўванне, маім участкам сталі Раванічы. Раней тут працавала два паштальёны, а зараз я адна абслугоўваю ўсю вёску.
Люблю сваю работу. Увесь час з людзьмі. Чакаюць мяне ў кожным доме. Людзі выпісваюць перыядычныя выданні. «Раёнкі» многа, і цэнтральныя газеты, часопісы розныя. Акрамя таго, прадукты некаторыя нашу людзям. Хто што купляе я ўжо ведаю. Падпіску раблю. Добра выпісваюць «Раённы веснік», без яго ніяк. Атрымаўшы газеты, першай заўсёды раённую разгортваюць.
Валянціна Мікалаеўна Шатрун дадала: «Газеты выпісваю рэгулярна. З «раёнкай» сябрую ўсё жыццё. Харошы ў нас паштальён, з радасцю чакаем яе і навіны з яе вялікай сумкі».
Заўтра паштальён з вёскі Раванічы адзначыць Дзень нараджэння. Віншуем Вас, шаноўная Ала Мікалаеўна, з асабістым святам. Зычым добрага здароўя, дабрабыту і поспехаў у працы!
Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота Вольгі ТАРАСІК