Чэрвеньскі «Будаўнік» стаў пераможцам прэстыжных рэспубліканскіх спаборніцтваў па футзале

Спорт

Каманда «Будаўнік» (Чэрвень) пасля ўзнагароджання

У мінулую пятніцу наша каманда трыумфальна завяршыла ўдзел у XXII розыгрышы Кубка Рэспублікі Беларусь. У фінальным матчы, які адбыўся ў сталічным Палацы спорту «Уручча» і трансліраваўся ў прамым эфіры на тэлеканале «Беларусь 5», «Будаўнік» з лікам 4:1 перамог «Саюз-Энерга» з Бабруйска.

«БУДАЎНІК» (ЧЭРВЕНЬ) — «САЮЗ-ЭНЕРГА» (БАБРУЙСК) — 4:1.
3 лютага. Мінск. Палац спорту «Уручча».
«Будаўнік»: Аляксандр Курыловіч, Антон Срыбненка, Аляксей Бялоў, Андрэй Лапшын, Аляксандр Яроміч, Андрэй Сямко, Аляксандр Арлоў, Аляксей Мішковіч, Павел Кароткі, Дзмітрый Чысты, Глеб Захарэнь, Аляксандр Тарлікоўскі.
Галы ў «Будаўніка»: Аляксандр Яроміч (1), Аляксандр Арлоў (10), Аляксей Мішковіч (34, 36).

«Будаўнік» у атацы

Перад матчамі накшталт пятнічнага кубкавага фіналу прынята ўзгадваць гісторыю сустрэч каманд-саперніц. У «Будаўніка» і «Саюз-Энерга» яна была небагатая. Дагэтуль каманды гулялі паміж сабою ўсяго двойчы. У першым туры цяперашняга чэмпіянату Беларусі, які адбыўся ў лістападзе ў Гомелі, бабруйчане перамаглі з мінімальным лікам — 2:1, а ў нядаўнім мінскім адборачным турніры розыгрышу Кубка Беларусі чэрвеньцы згулялі з «Саюз-Энерга» ўнічыю — 4:4.

Балельшчыкі нашай каманды

Так што супрацьстаянне на пляцоўцы сталічнага Палаца спорту чакалася нежартоўным. А дадатковага антуражу надавала яму вялікая група падтрымкі бабруйчан. Фанаты «Саюз-Энерга» апантана, падчас на мяжы прыстойнасці, рвалі глоткі за сваіх.
Але ні гэта, ні ўсюдыісныя тэлекамеры прамой трансляцыі, не збянтэжылі «Будаўнік». Ужо на першых секундах матча Аляксандр Яроміч, скарыстаўшы памылку бабруйскага іграка ў абароне, рэалізаваў выхад сам насам з галкіперам «Саюз-Энерга» — 1:0!
Такая неспадзяванка ў самым дэбюце сустрэчы прымусіла каманду з Бабруйска дзейнічаць больш актыўна. Ды і чэрвеньцы былі не супраць аддаць сапернікам ініцыятыву, з разлікам на хуткі пераход у контратаку. У выніку, акуратна дзейнічаючы ў абароне, нашы дачакаліся свайго шанцу забіць яшчэ раз. На дзясятай хвіліне матча вызначыўся Аляксандр Арлоў з перадачы Антона Срыбненкі — 2:0. Больш таго, «Будаўнік» меў магчымасць неўзабаве павялічыць лік, але ў завяршэнні атакі не пашчасціла Андрэю Лапшыну.

Намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футзалы Сяргей Сафонаў уручае Кубак капітану «Будаўніка» Антону Срыбненку

А вось «Саюз-Энерга» адзін з небяспечных момантаў ля варот Аляксандр Курыловіча, які ўзнік з-за памылкі нашага іграка, не змарнаваў: удар Дзмітрыя Крука быў дакладным — 2:1. Большая частка другога тайма прайшла ў цяжкай барацьбе. Бабруйчане імкнуліся адыграцца, але былі недакладнымі пры завяршэнні атак. А яшчэ — часта парушалі правілы і не згледзелі, як колькасць фалоў дайшла да пяці. А кожны наступны, паводле футзальных правілаў, караецца пенальці.
Як ні стараліся нашы сапернікі ў далейшым гуляць акуратна, але двойчы на дзесяціметровы «нарваліся». І ў абодвух выпадках штатны пенальціст Аляксей Мішковіч прабіў дакладна.
4:1 — перамога «Будаўніка». І вось ужо ігракі сціскаюць у абдымках трэнера Ігара Шылу, падкідваюць на руках дырэктара чэрвеньскай ПМК-237 Сяргея Купровіча, які разам са сваім калектывам падтрымлівае каманду. Яшчэ праз колькі хвілін капітан чэрвеньцаў Антон Срыбненка ўздымае над галавой Кубак Рэспублікі Беларусь па футзале! А з трыбуны гучыць «Ма-лай-цы!» — ад самых адданых балельшчыкаў «Будаўніка», якія знайшлі час і магчымасць прыехаць на фінал з Чэрвеня.

Ігракі «Будаўніка» гушкаюць Сяргея Купровіча

— Эмоцыі зашкальваюць! — распавёў у экспрэс-каментарыі «Раённаму весніку» трэнер «Будаўніка» Ігар Шыла. — Мы тры сезоны ішлі да гэтай перамогі. Радуе, што каманда на хаду. Кожны ігрок ведае, што яму рабіць, дакладна выконвае ўсе трэнерскія ўстаноўкі. Сёння мы перамаглі бабруйчан за кошт тактыкі, якую мянялі ў залежнасці ад ліку і падзей на полі. Цяпер галоўнае, каб хлопцы як мага хутчэй пазбавіліся ад эйфарыі, бо наперадзе — напружаная барацьба за чэмпіёнскі тытул. Ужо напрыканцы лютага нас чакаюць матчы чацвёртага тура чэмпіянату Беларусі ў Гомелі.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *