289 парушальнікаў правілаў перавозкі дзяцей прыцягнуты летась на Чэрвеньшчыне да адміністрацыйнай адказнасці

Безопасность

У Беларусі сярод іншых праблем дарожнай бяспекі асаблівую занепакоенасць выклікае дзіцячы транспартны траўматызм. Толькі летась на дарогах рэспублікі загінула 18 дзяцей (з іх 7 — у Мінскай вобласці), якія перавозіліся без спецыяльных прылад для ўтрымлівання.

Між тым, згодна з пунктам 178 Правілаў дарожнага руху, «перавозка дзяцей у легкавым аўтамабілі, абсталяваным рамянямі бяспекі, павінна ажыццяўляцца з выкарыстаннем:

— дзіцячых прылад для ўтрымлівання, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, — ва ўзросце да пяці гадоў;

— дзіцячых прылад для ўтрымлівання, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, іншых сродкаў (бустэраў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядзенняў), якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі, прадугледжаных канструкцыяй транспартнага сродку, — ва ўзросце ад пяці да дванаццаці гадоў.

Дапускаецца перавозіць дзяцей ва ўзросце да дванаццаці гадоў без выкарыстання названых прылад у выпадку, калі рост дзіцяці перавышае 150 сантыметраў, а таксама ў аўтамабілі-таксі.

Забараняецца перавозка дзяцей на пярэднім сядзенні легкавога аўтамабіля з выкарыстаннем дзіцячых прылад для ўтрымлівання, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, спінка якіх павернута да лабавога шкла транспартнага сродку, калі пярэдняе сядзенне мае падушку бяспекі, за выключэннем выпадку, калі механізм франтальнай падушкі бяспекі адключаны».

Варта адзначыць, што заканадаўствам прадугледжаны абавязак выкарыстання не толькі так званых «дзіцячых крэслаў», але і іншых прылад, якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай штатных рамянёў бяспекі. У адпаведнасці з часткай 5 артыкула 18.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, за парушэнне правілаў перавозкі дзяцей у дачыненні да вадзіцеля накладаецца адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры да 4 базавых велічынь.

На жаль, не ўсе дарослыя ўсведамляюць сваю адказнасць за жыццё і здароўе дзяцей пры перавозцы аўтатранспартам. Толькі летась супрацоўнікі ДАІ Чэрвеньскага РАУС склалі 289 пратаколаў на такіх парушальнікаў. Паважаныя вадзіцелі! Ад сітуацыі, якая раптоўна можа ўзнікнуць на дарозе, не застрахаваны ніхто. Паклапаціцеся загадзя пра сваіх пасажыраў! Перавозіце дзяцей толькі ў спецыяльных прыладах для ўтрымлівання. Зараз у продажы ёсць шырокі асартымент аўтакрэслаў для дзяцей розных узростаў.

І яшчэ. Асабліва асцярожнымі за рулём трэба быць у выхадныя дні, калі колькасць транспарту на аўтадарогах павялічваецца ў некалькі разоў. Многія аўтааматары плануюць паездкі за горад разам са сваімі сем’ямі, у тым ліку — з дзецьмі. Толькі гранічная ўвага, прадуманыя дзеянні вадзіцеля і мінімальная хуткасць транспартных сродкаў — гарантыя бяспекі на дарогах!

Аляксей ПРАТАПОВІЧ, начальнік Чэрвеньскага РАУС, палкоўнік міліцыі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *