Дасягненні навукі — у вытворчасць

Общество

Дырэктар Мінскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі Ігар Забаронак:
— З 1969 года ў нашым раёне працуе Мінская абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя. З 2002 года яна ўключана ў склад Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Доследная станцыя працуе па некалькіх асноўных накірунках: селекцыя, пярвічнае насенняводства, распрацоўка тэхналогій вырошчвання раслін, кормавытворчасць. На сённяшні дзень вырабам насення займаюцца чатыры аддзелы станцыі. Аддзел бульбаводства — аздараўленнем насеннага матэрыялу і вырошчваннем арыгінальнага насення, аддзел насенняводства — зерневых, зернебабовых і крупяных культур, аддзел кормавытворчасці — вырабам і выкарыстаннем кармоў, лабараторыя — селекцыяй гатункаў. Доследнай станцыяй створана болей 30 гатункаў сельскагаспадарчых культур: 15 — гароху зерневага і зернекармавога, 11 — гароху агароднінага, 1 — люпіну, 1 — аўсяніцы чырвонай, 5 — проса, 2 — рэдзькі алейнай і 1 гатунак райграсу аднагадовага. На сённяшні дзень на станцыі працуе 70 чалавек. З іх навуковых работнікаў — 15, у тым ліку 2 кандыдаты сельскагаспадарчых, біялагічных навук, 4 чалавекі займаюцца ў аспірантуры, працуюць над кандыдацкімі дысертацыямі. Сярэдні ўзрост работнікаў — 46 гадоў.
Асноўная задача станцыі — правядзенне прыкладных навуковых доследаў, укараненне іх вынікаў у вытворчасць, а таксама селекцыя насенняводства шэрагу сельскагаспадарчых культур. Апошнія тры гады мы спецыялізуемся на селекцыі вырошчвання бабовых культур. Асноўны акцэнт зрабілі на гарошак гародніны. Гэтай культурай на сённяшні дзень у нашай краіне займаемся толькі мы. Усё насенне гароху гароднінага, якое ёсць на рынках Беларусі — гэта насенне нашай селекцыі. Таксама зараз знаходзяцца на выпрабаванні два гатункі бульбы нашай селекцыі. Атрымалі мы і каляровую бульбу. Менавіта ў нас вырасла ружовая.
Увогуле працэс атрымання новага гатунку расліны не хуткі. Пяць — шэсць гадоў патрэбна, каб ён быў раяніраваны, прызнаны лепшым і прыгодным для выкарыстання. Акрамя доследных станцый (па адной у кожнай вобласці), існуюць яшчэ гатункавыпрабавальныя гаспадаркі. У Мінскай вобласці іх тры, з рознымі глебамі, прыроднымі ўмовамі, вільгаццю і гэтак далей. На працягу трох гадоў яны назіраюць і пазначаюць усе адметнасці росту і паспявання заяўленнага гатунку. Бывае, што рэальнае жыццё і прыродныя ўмовы не пацвярджаюць лабараторныя доследы — і ўся праца ідзе ў нішто.
У агульным рахунку даходаў станцыі доля навукі складае 15 працэнтаў. Гэта мала. Зарабляем на продажы насеннага матэрыялу. У гэтым годзе ў адміністрацыйным будынку станцыі адкрываем магазін, праз які будзем рэалізоўваць насенне, расаду, дэкаратыўныя расліны, кветкі. Усё падрыхтавана для вырошчвання саджанцаў буякоў двух гатункаў. Мяркуем, што гэтая культура будзе карыстацца попытам у насельніцтва.
Дарэчы, першыя гатункі яравой пшаніцы атрымалі ў лабараторыях нашай станцыі. Да таго часу былі толькі азімыя віды пшаніцы. Адным з распрацоўшчыкаў быў наш славуты Міхаіл Іванавіч Мардзіловіч.
Зараз на выпрабаванні таксама знаходзіцца гатунак азімага жыта нашай селекцыі, які будзе запатрабаваны ў фармакалогіі. Ён ўтрымлівае спецыфічны від крухмалу, які выкарыстоўваецца пры вытворчасці лекавых таблетак. Мэтанакіравана мы вялі такую селекцыю, і вось сёлета новы гатунак знаходзіцца на апошнім этапе выпрабавання.
Актыўна доследная станцыя супрацоўнічае з іншымі навуковымі ўстановамі. Асабліва цесныя сувязі па вырошчванню зернебабовых устанавіліся з навуковым інстытутам з расійскага горада Арол і з гароднінавытворчым навуковым інстытутам з Падмаскоўя. З апошнімі мы сумесна праводзім селекцыю гатунка белай цыбулі «Альбар». Мяркую, беларусам і расіянам ён прыйдзецца даспадобы.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *