Сваю справу займела пры дзяржаўнай падтрымцы

Общество

79563У верасні мінулага года Святлана Таранава аформіла дакументы на адкрыццё дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка-цырульніка вельмі хутка, без валакіты. Але шмат часу заняў працэс атрымання сертыфіката. Спецыяльная камісія з Мінска правярала адпаведнасць памяшкання і абсталявання цырульні вельмі дэталёва, бо існуюць адпаведныя дзяржаўныя стандарты ў сферы цырульных паслуг.
Святлана мае прафесійную адукацыю. Закончыла Аршанскае вучылішча бытавога абслугоўвання па спецыяльнасці цырульнік шырокага профілю. Стажу ў гэтай сферы мае пятнаццаць гадоў. Да рашэння заняцца самастойнай справай прыйшла не адразу. Шмат гадоў працавала ў розных прыватных цырульнях. Займела пастаянных кліентаў. Яны і падштурхнулі да рашучага кроку.

Найперш зарэгістравалася ў аддзеле занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, распрацавала бізнес-план плануемай дзейнасці. Камісія палічыла яго пераканальным. Маладому прадпрымальніку была выдзелена бязвыплатная грашовая субсідыя на пачатак дзейнасці. Канешне, справа патрабавала большых затрат, але падтрымка дзяржаўнай службы была адчувальнай. Святлана ўзяла ў арэнду невялікае памяшканне ў цэнтры Чэрвеня, зрабіла рамонт, закупіла неабходнае абсталяванне. Канкурэнцыі не баялася. У Чэрвені шэсць цырульняў, але, як паказала жыццё, ва ўсіх ёсць работа, пастаянныя кліенты.
Святлана мэтанакіравана павышае сваю кваліфікацыю. Наведвае майстар-класы цырульнай справы ў Мінску, аб чым сведчаць шматлікія сертыфікаты. Супрацоўнічае з прадстаўнікамі знакамітай фірмы, закупляючы ў іх неабходныя тавары. Нядаўна майстры гэтай фірмы правялі ў Чэрвені на базе цырульні Святланы «Шавялюрс» семінар па афарбоўцы валасоў.
У гэтай цырульні існуюць зніжкі на стрыжкі для пенсіянераў і інвалідаў. Працуе з дзевяці да васямнаццаці. Трапіць сюды магчыма па папярэдняму запісу. Падабаецца кліентам не толькі майстэрства Святланы, але і яе спагадлівасць, паразуменне.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *