Праект генплана Чэрвеня абмеркавалі на прэзентацыі

Общество

На мінулым тыдні пачалося грамадскае абмеркаванне праекта Генеральнага плана Чэрвеня на перыяд да 2025 года, які распрацавала ўнітарнае прадпрыемства «БЕЛНДІПГОРАДАБУДАЎНІЦТВА» (пра яго распавядаў у №№ 213-215 «Раённага весніка» за 5 лістапада галоўны архітэктар раёна Аляксандр Раманчык).

Да 27 снежня кожны жадаючы можа пазнаёміцца з ім у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. А 16 снежня ў актавай зале райвыканкама адбылася прэзентацыя праекта.
На жаль, нягледзячы на папярэднюю абвестку ў «раёнцы», мерапрыемства не прыцягнула асаблівай увагі чэрвеньцаў. На прэзентацыю, калі не лічыць некалькіх зацікаўленых асобаў, завіталі ўсяго… два чалавекі. Тым не менш, яна адбылася.
З асноўнымі палажэннямі праекту прысутных пазнаёміла яго распрацоўшчык, галоўны спецыяліст па архітэктуры УП «БЕЛНДІПГОРАДАБУДАЎНІЦТВА» Тамара Пракаповіч. Яна, у прыватнасці, зазначыла, што такія Генпланы, паводле дзеючага заканадаўства, з’яўляюцца абавязковымі. А іх сэнс — у неабходнасці стварэння стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця гарадоў і вызначэння тэрыторый для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.
Па меркаванню Тамары Пракаповіч, якая, дарэчы, нарадзілася і ў дзяцінстве жыла ў Чэрвені, наш горад не мае свайго адметнага твару. Паводле яе слоў, ён «забыты Богам», «нічога тут не мяняецца, хаця на дварэ — 21 стагоддзе».
Зыходзячы з гэтага, адна з галоўных ідэй, якая закладзена ў праект Генеральнага плана Чэрвеня, тычыцца стварэння прывабнага аблічча цэнтра горада. Яе прапаноўваецца рэалізаваць, у прыватнасці, праз абсталяванне зоны адпачынку на рацэ Ігуменка ў раёне вуліц Зяневіча і Мінскай з адначасовым добраўпарадкаваннем гэтага воднага аб’екта.
На думку Тамары Пракаповіч, трэба прыняць комплекс мер, каб выратаваць Ігуменку ад знікнення, бо яна імкліва мялее і праз пэўны час можа ператварыцца ў «балотнае месіва». Каб гэтага не адбылося, неабходна хадайнічаць аб наданні тэрыторыі, дзе рака бярэ выток, статусу гідралагічнага заказніка, а таксама засадзіць берагі лесам, каб абараніць яе ад высыхання.
Што да аблічча гістарычнага цэнтру Чэрвеня, то яно, паводле праекту Генеральнага плана, будзе захавана. Гэтаму, у прыватнасці, павінна паспрыяць забарона на размяшчэнне тут новых будынкаў вышынёю больш за два паверхі.
Падчас прэзентацыі жыхарка Чэрвеня Зоя Сушкевіч выказала абурэнне масавым вынішчэннем старых дрэў на вуліцах горада. У сувязі з гэтым Тамара Пракаповіч нагадала, што, паводле дзеючага заканадаўства, узамен аднаго спілаванага дрэва павінна быць пасаджана дзесяць новых.
Яшчэ адзін удзельнік прэзентацыі, жыхар Чэрвеня Генадзь Баранаў, узгадаў, што ў 1985 годзе таксама абмяркоўваўся і прымаўся Генеральны план Чэрвеня. На паперы ўсё выглядала прыгожа, але на практыцы мала што было выканана.
Які лёс чакае новы план? Як зазначыў галоўны архітэктар раёна Аляксандр Раманчык, ёсць намер выканаць задуманае па максімуму. Але ўсё будзе залежыць ад фінансавых магчымасцяў.
А пакуль што абмеркаванне працягваецца. Да 6 студзеня наступнага года кожны жадаючы можа накіраваць у райвыканкам свае заўвагі і прапановы па праекту. Затым вынікі грамадскага абмеркавання будуць падсумаваны на архітэктурна-горадабудаўнічым савеце, які сфарміраваны камітэтам па архітэктуры і будаўніцтву Мінаблвыканкама, і абнародаваны ў сродках масавай інфармацыі.
Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *