Пяць пакаленняў жаночай лініі Марыі Кубар

Люди и судьбы

Памятаеце загадку: «Ішлі па вуліцы дзве мамы, дзве дачкі, бабуля і ўнучка. Колькі ўсіх?» Правільна — трое. А цяпер паглядзіце на фотаздымак. На ім — Марыя Фёдараўна Кубар з вёскі Горкаўская Слабада (крайняя злева) і яе шматлікае жаночае патомства да пятага калена. Калі, толькі гледзячы на здымак, пра іх скласці адпаведную загадку, то яна атрымаецца такой: 1 — прапрабабка, 2 — прабабкі, 3 — бабулі, 4 — мамы, 5 — дачок, 7 унучак, 6 — праўнучак і 2 — прапраўнучкі. Колькі атрымалася?

А зараз назавём іх усіх па парадку: побач з Марыяй Фёдараўнай справа — яе старэйшая дачка Галіна, далей — дачка Галіны — Святлана, за ёй — дачка Святланы — Надзея, на руках трымае сваю дачушку Сашу, побач стаяць тры ўнучкі бабулі Марыі: Оля, Люба і Віка. Оля трымае на руках яшчэ адну дачушку Надзеі — Насцю. Цяпер лягчэй будзе распавядаць пра жанчын, якія на здымку і пра тых, каго тут няма, а яшчэ і пра мужчын гэтай вялікай сям’і.
Пачнём з Марыі Фёдараўны. Нарадзілася яна ў жніўні 1936 года ў сялянскай сям’і на  Магілёўшчыне. Яе бацька ў Вялікую Айчынную вайну быў на фронце. Пасля вайны неўзабаве памёр. Маці звалася Фёклай, гадавала дзяцей адна. А іх было восем: пяць сыноў і тры дачкі. Марыя да вайны скончыла чатыры класы. Вучыцца далей не давялося, трэба было зарабляць на жыццё. Увесь час працавала даяркай. Яе стаж налічвае 41 год. Муж Марыі Фёдараўны — Іван Фёдаравіч Кубар пайшоў з жыцця ў 1998 годзе. Таксама ў гаспадарцы працаваў: жывёлаводам і вартаўніком. У іх сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей: дочкі — Галіна, Тамара, Людміла і сын Сяргей.
Зараз бабуля Марыя жыве з сынам Сяргеем. Дачка Тамара жыве ў Капылі. У яе — дзве дачкі, дзве ўнучкі і ўнук. У дачкі Людмілы (яна жыве ў Мінску) — два сыны, дзве ўнучкі.
Старэйшая дачка Галіна жыве ў Горкаўскай Слабадзе. Нарадзілася ў 1954 годзе ў Асіповіцкім раёне ў пасёлку Кастрычнік. Калі вучылася ў трэцім класе, гэта было ў 1963 годзе, пераехалі ў Горкаўскую Слабаду. Тут школу скончыла, замуж выйшла, працавала ў саўгасе «Горкі» на ферме, даіла кароў. Муж Галіны — Анатоль Мікалаевіч Сёмкін, памёр дзевяць гадоў таму. Таксама працаваў у саўгасе «Горкі» трактарыстам, пазней — лесніком у Горкаўскім лясніцтве. У сям’і нарадзілася двое сыноў — Юрый і Дзмітрый, трое дачок — Святлана, Наталля і Алёна.
Сям’я Юрыя Сёмкіна — шматдзетная. У яго і жонкі Алены сямёра дзяцей: Марыя, Люба, Дзмітрый, Ваня, Кірыл, Віка. Самы маленькі Толік нарадзіўся ў мінулым годзе. Юрый працуе ў эксперыментальнай базе «Натальеўск».
Сын Дзмітрый жыве з мамай, не жанаты пакуль. Сапраўдны гаспадар у доме. Усё на ім трымаецца.
Дачка Святлана жыве ў Чэрвені, працуе галоўным бухгалтарам у аўтапарку №20. У яе адна дачушка Надзя і тры ўнучкі: Насця, Саша і Анечка. Насці чатыры гады, наведвае дзіцячы садок, Сашы — хутка будзе два гады, яна дома пакуль, і трэцяй — Анечцы — 4 месяцы. Муж Надзі — Андрэй Ігнатовіч родам з Лядоў, працуе ў эксперыментальнай базе «Натальеўск» механізатарам. Надзя зараз завочна заканчвае вучобу ў каледжы па спецыяльнасці «эканоміка» у Смілавічах. Жывуць у Любішына, маюць кватэру.
У дачкі Наташы нарадзілася дзве дачушкі — Оля і Віка. Чатырнаццаты год ужо, як Наташа пайшла з жыцця. Галіна Іванаўна ўзяла на сябе ўвесь клопат па выхаванню ўнучак. Оля ў той час толькі ў першы клас пайшла, а Віка хадзіла ў садок, ёй было чатыры гады. Зараз Оля заканчвае медыцынскі каледж, атрымлівае спецыяльнасць медсястры, а Віка першы год вучыцца ў каледжы на кандытара. Дзяўчынак на лета брала да сябе сям’я з Італіі. На працягу адзінаццаці гадоў туды ездзілі на аздараўленне. Спадабаліся яны італьянскай сям’і. І зараз тэлефануюць дзяўчынкі сваім названым бацькам і яны ім таксама. Была гэтая іншаземная сям’я ў гасцях і ў Сёмкіных. Гасцінныя гаспадары ўстроілі ім добры прыём: на экскурсіі вазілі ў Мінск, ў Дудуткі, ў Мірскі замак і ў Барысаў. Вельмі ўпадабалі госці Беларусь.
Самая малодшая дачка Галіны — Алёна жыве і працуе ў Мінску. Зараз і падлічым, колькі ж усіх нашчадкаў у бабулі Марыі? Правільна — 31. Гэта: тры дачкі і сын, пяць унучак і чатыры ўнукі, 10 праўнучак і 5 праўнукаў, 3 прапраўнучкі.
Працавітасць, шчырасць і гасціннасць — адметныя рысы характару Марыі Фёдараўны і ўсіх членаў яе вялікай сям’і. У святочныя дні яны збіраюцца ў старэйшай дачкі — Галіны Іванаўны. Дзверы яе хаты не зачыняюцца і зараз. Едуць сюды сёстры і брат, пляменнікі і іх дзеці. Унучкі Оля і Віка прыязджаюць на выхадныя. Сябры яе пяцярых дзяцей у дзяцінстве таксама любілі прыходзіць да Сёмкіных.
Людзі гавораць, што мець праўнукаў — вялікая Божая ласка. А мець прапраўнукаў, напэўна, ласка ўдвая. Цікава было спытаць, якія пачуцці ўзнікаюць, калі трымаеш на руках самага маленькага свайго нашчадка — прапраўнучку Анечку?
— Пяшчоту і радасць, — адказала Марыя Фёдараўна. — А яшчэ вялікае шчасце, што давялося прычакаць прапраўнучак. Вельмі хочацца, каб іх напаткаў добры лёс, каб у ім ніколі не было жахаў вайны…
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота з сямейнага архіву Галіны Іванаўны Сёмкінай, зроблена ў мінулым годзе падчас святкавання 85-гадовага юбілею Марыі Фёдараўны Кубар



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *