17 лістапада ў 23 гадзіны 20 хвілін па беларускаму часу з пляцоўкі №1 (“Гагарынскі старт”) ажыццёўлены паспяховы запуск транспартнага пілатуемага карабля “Саюз МС-03”. На яго борце – камандзір карабля касманаўт “Раскосмасу” Алег НАВІЦКІ, астранаўт Еўрапейскага касмічнага агенцтва Тама ПЯСКЕ (Францыя) і астранаўт Нацыянальнага касмічнага агенцтва Пэгі УІТСАН (ЗША).
Праз 8 хвілін 48 секунд пасля старту карабель выйшаў на каляземную арбіту.
Яго стыкоўка з Міжнароднай касмічнай станцыяй запланавана на 20 лістапада ў 01 гадзіну 01 секунду па беларускаму часу. На борце станцыі да сустрэчы сваіх калег рыхтуюцца расійскія касманаўты Сяргей Рыжыкаў, Андрэй Барысенка і амерыканскі астранаўт Роберт Шэйн Кімброў.
Міжнародная касмічная экспедыцыя 50/51 з удзелам Алега Навіцкага, Тама Пяске і Пэгі Уітсан разлічана на 180 сутак. Чакаецца, што экіпаж вернецца на зямлю 16 мая 2017 года.
Гэта другі касмічны палёт для нашага земляка Алега Навіцкага. Падчас першага, у кастрычніку 2012 – сакавіку 2013 года, ён знаходзіўся на арбіце на працягу 143 сутак.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота з інтэрнэт-сайта nasa.gov