Яе 90-гадовая восень

Люди и судьбы

372Апошнія кветкі восені на ўсю моц стараліся захаваць прыгажосць і ўтульнасць, якія пануюць на гэтай сядзібе з ранняй вясны да першых замаразкаў. Яна зачароўвае не толькі сямейнікаў, але і тых, хто ідзе побач, або завітае ў гэты гасцінны двор. Гаспадыня яго — Марыя Іванаўна Копцюг — былая настаўніца Грабёнскай сярэдняй школы, якая гэтымі днямі адзначае сваю 90-ю восень.

Пачыналася настаўніцкая дзейнасць яе на Чэрвеньшчыне ў далёкіх 50-х гадах мінулага стагоддзя, калі сям’я маладых настаўнікаў з Вілейскага раёна пераехала ў Грабёнку. Так і засталіся тут на ўсё жыццё. Спачатку жылі на прыватнай кватэры, марылі аб уласным доме… Неўзабаве на беразе ракі з’явіўся іх утульны дом, у якім пасялілася сям’я з дачушкай Ліляй і сыночкам Васільком.
Марыя Іванаўна выкладала біялогію, а муж, Сямён Васільевіч, — замежную мову. За школьнымі буднямі жыццё ішло хутка, падрасталі дзеткі. Трымалі настаўнікі і хатнюю гаспадарку, бо на той час жыць на вёсцы без яе было цяжка. Пасля ўрокаў — розныя школьныя мерапрыемствы: педагагічныя нарады, а вечарамі ў настаўнікаў былі рэпетыцыі, таму што ўдельнічалі яны ў мастацкай самадзейнасці і выступалі перад аднавяскоўцамі, жыхарамі навакольных вёсак.
Вяртаючыся ўвечары са школы, Марыя Іванаўна і Сямён Васільевіч часта заставалі ў сваёй хаце вясковых дзяцей, яны гулялі ў школу, настаўніцай была Ліля. Пазней, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, Лілія Сямёнаўна больш за трыццаць гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў у адной са школ г.Мінска. Кагорту настаўнікаў папоўніў і яе муж Мікалай, які працаваў настаўнікам фізічнай культуры.
Ішлі гады. Не стала Сямёна Васільевіча. За працай неяк сцішалася гора. Жыццё працягвалася. Як настаўнік біялогіі Марыя Іванаўна клапацілася аб прыгажосці школьнай тэрыторыі, класных кабінетаў. Школа нагадвала тады вялікі букет кветак, радаваў багатым ураджаем прышкольны ўчастак, якім яна загадвала. Давалі свой вынік і доследныя дзялянкі. Агародніны і садавіны хапала ў школе на доўгі час.
А які быў штогадовы восеньскі баль! На ім вучні падводзілі вынікі юнацкай працы на прышкольным участку, кветніках. Марыя Іванаўна і зараз бывае на школьных мерапрыемствах. А з традыцыйнага вечара сустрэчы з выпускнікамі вяртаецца дамоў з ахапкам кветак. Любяць і паважаюць настаўніцу ўсе яе былыя вучні.
Яе аптымізму, улюбёнасці ў жыццё можна пазайздросціць. Абавязковая ранішняя гімнастыка, водныя працэдуры, дыета і штодзённая праца па некалькі гадзін — вось асноўны сакрэт яе маладжавасці і бадзёрасці.
За святочным сталом збяруцца сем’і Ліліі і Васіля, чацвёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў, былыя калегі і паплывуць успаміны за ўспамінамі.
…Пройдзе зіма, зноў на Гаць прыляціць сямейка белых лебядзяў, яны будуць радавацца сонцу і вітаць наступную вясну Марыі Іванаўны…

Ганна ВІШНЕЎСКАЯ, былы дырэктар Грабёнскай сярэдняй школы.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *