Інтэрн-стаматолаг

Молодежная политика

877Не сказаць, каб у Аліны пры заканчэнні Беларускага медуніверсітэту не было выбару, куды ўладкавацца на працу. У спісе прапануемых месцаў значыліся, акрамя Чэрвеня, Барысаў, Мінск, Гродна, Гомель. Не сказаць, каб і Аліна была легкадумнай дзяўчынай і выбар свой зрабіла наўгад, нібы «пальцам у неба». Не, яна ўважліва вывучыла і ўзважыла ўсе «за» і «супраць» і толькі тады пайшла ў дэканат і сказала цвёрда і ўпэўнена: «Еду!»

«Куды ж?» — з цікавасцю ўдакладнілі ў прыгожай мінчанкі. «У Чэрвень еду!» Так вырашыўся лёс трох гадоў яе жыцця: год інтэрнатуры і два па кантракту. Мінула яшчэ толькі тры месяцы, як Аліна АГРЭНІЧ стала мясцовым чэрвеньскім стаматолагам. Жыве ў з’ёмнай кватэры, якую аплочвае напару з яшчэ адным «навічком» — дзяўчынай, што працуе ў міліцыі. Карына і Аліна хутка паладзілі і ў іх сапраўдныя добрасуседскія адносіны. Праўду сказаць, што абедзве вельмі стамляюцца на працы, таму на нейкія плёткі ці глабальныя справы дома проста не хапае ні сіл, ні часу: мірненька пап’юць чаёчку ды разыйдуцца па асабістых пакоях. Аліна даволі спакойная па характару, любіць хатнюю абстаноўку, на хаджэнні «ў свет» яе не вельмі цягне. Любіць паглядзець па Інтэрнэту серыялы. «Але толькі не пра ўрачоў!» — смяецца яна падчас нашай размовы. «Асабліва «Інтэрны» не падабаюцца, амаль ніколі не гляджу», — дадае дзяўчына. «Чаму? Ды там адносіны жудасныя… Наконт дыягназаў і лячэння — яшчэ куды ні ішло, але астатняе проста глупства нейкае. Асабліва ў шок прыводзіць іх куратар. Нейкі ізверг! Майго куратара ўзяць — дык гэта неба і зямля, яна проста анёл святы. Ну, а калі сур’ёзна, то сапраўды мне пашанцавала з куратарам Валянцінай Мікалаеўнай НІЦІЕЎСКАЙ. Яна і ёсць святая! І ўвесь наогул калектыў вельмі харошы. Абсталяванне стаматалогіі таксама на добрым узроўні, асабліва платны кабінет — там не адрозніш ад Мінску. Усе матэрыялы і тэхналогіі сучасныя, так што працаваць цікава!»
Аліна лечыць зубы з трэцяга курса. Таму вопыт у яе ўжо ёсць, і ісці да такого прыгожага стаматолага зусім не страшна!

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *